Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Начная аБЛОГа" – 27 ліпеня


Дзьмітры Падбярэскі, Менск Не акінуць вокам беларускага Сеціва. Вось толькі кропелька з таго, што давялося пабачыць у ім сёньня, у першы дзень жніўня.

Партал TUT.by у сувязі з дрэннай працай паштовай службы ў апошнія дні дэманструе выключны дэмакратызм, пакідаючы ў форуме такія вось допісы. 4lyn скардзіцца: “Доўгі час не магу трапіць у сваю скрыню. Ужо 2 тыдні не магу. Сумленьне ёсьць?” На гэта нехта Мамонт раіць: “Праз пару гадзін паспрабуй, так сказаць, паміж родавых схватак, пасьля якіх нам абяцаюць бязглючны тут”.

Адзін з найбольш актыўных карыстальнікаў ЖЖ-суполкі minsk_by Яўген Ліпковіч выклаў сёньня ў сваім дзёньніку паведамленьне пра тое, што менскі “West World Club” надумаў заснаваць у сталіцы алею зорак папулярнай музыкі. І першай павінна зьявіцца зорка Паліны Смолавай. Камэнтары пасыпаліся бы з рогу. pink_by: “:)))) Я нешта думаю, што гэтыя зоркі недазоркамі застануцца і з алеяй :))) Асабліва Паліна”. daroha: “Выкалупаем”. alex_v_bolt: “Думаю, што гэтая алея будзе самым запляваным месцам у горадзе...”

У разьдзеле навінаў сайту studenty.by Тацяна Хома дзеліцца ўражаньнямі аб Мальце: “У моўным пляне Мальта мае сытуацыю, чымсьці падобную да беларускай. Тут размаўляюць на дзьвюх мовах – ангельскай і мальтыйскай. (Мальтыйская) мова даволі занядбаная ў адукацыі, хоць на ёй размаўляе большасьць людзей у жыцьці. Таму, калі гаворка заходзіла пра мовы ў адукацыі, мальтыйцы і беларусы заўсёды разумелі адзін аднаго”.

Надзвычай насычаны інфармацыяй сайт беларускага віртуальнага цэнтру прыгажосьці diva.by. У форуме – гутаркі на самыя розныя тэмы. Напрыклад, жанчыны дзеляцца сваімі думкамі адносна прысутнасьці мужоў падчас родаў. Нехта Сизюмон піша: “Акушэрка, якая прымала ў мяне роды, расказала некалькі выпадкаў і настроеная вельмі супраць. Яна разоў 20 прымала роды з мужамі, і толькі 1(!) муж, паводле яе, рэальна думаў пра жонку і працэс больш, чым пра ўласныя перажываньні. 3 чалавекі зьбеглі з палаты, калі пачулі крыкі жонак. Яшчэ трое грымнуліся на падлогу і давялося іх адкачваць. Некаторыя лезуць да жонак з пяшчотамі й пацалункамі, хоць па сабе ведаю, што зусім не да рамантыкі: жонцы дыхаць трэба правільна”.

На сайце ”Менсктрансу” ў сувязі з заменай трамвайных рэек у Менску Omina не хавае ўзрушэньня: “Спадарства, чым вы думалі, калі арганізоўвалі аўтобус замест 6-га трамвая? Мне цяпер зь Серабранкі да Валгаградзкай ехаць зь дзьвюма перасядкамі, больш за гадзіну! Па Коласа ходзіць толькі 5-ы трамвай, і ня надта часта. Увогуле, усё праз адно эратычнае месца, як заўсёды”.

На сайце ”telegraf.by” праводзіцца апытаньне “Ці хацелі б вы стаць першым беларускім касьмічным турыстам?”. На сёньня выказаліся 123 чалавекі. Адказы разьмеркаваліся наступным чынам: так – 40,7 % (50 чалавек), не – 59,3 % (73 чалавекі).

Але, перш чым ляцець у космас, запрашаю вас дасылаць нам свае ідэі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Таксама тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 290-39-52 і дасылайце смс-паведамленьні на нумар 391-22-24. “Начная аБЛОГа”, Дзьмітры Падбярэскі, шчэ сустрэнемся…
XS
SM
MD
LG