Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ізраіль пашырае вайсковую апэрацыю ў Лібане


Аляксей Дзікавіцкі, Прага На Блізкім Усходзе працягваюцца баі – нягледзячы на заклікі міжнароднай супольнасьці аб’явіць замірэньне. Ізраіль абстрэльвае лібанскую тэрыторыю, рыхтуючыся да перамяшчэньня ўглыб краіны, каб адсунуць як мага далей ад сваёй ваеўнікоў “Хэзбалы”.

Нягледзячы на тое, што Ізраіль заявіў пра 48-гадзіннае спыненьне абстрэлаў Лібану, каб даць цывільным жыхарам магчымасьць пакінуць памежныя тэрыторыі, удары па лібанскай тэрыторыі працягваюцца.

Прадстаўнік МЗС Ізраілю Марк Рэгеў заявіў журналістам у Ерусаліме, што рашэньне аб працягу наступу было прынятае ў часе ўчорашняга паседжаньня Кабінэту бясьпекі краіны.

(Рэгеў: ) “Ізраільскі кабінэт бясьпекі ў часе адмысловай сустрэчы вырашыў, што наш наступ ўглыб тэрыторыі паўднёвага Лібану будзе працягвацца, каб зьнішчыць пазыцыі “Хэзбалы”, зь якіх ваеўнікі групоўкі абстрэльваюць ракетамі мірных ізраільцаў”.

Ізраільскія мэдыі падаюць, што ў войска прызваныя дадаткова 15 тысячаў рэзэрвістаў.

“Хэзбала” таксама працягвае абстрэл ізраільскіх паселішчаў і баі з ізраільскімі жаўнерамі на памежнай тэрыторыі.

Між тым заклікі міжнароднай супольнасьці аб замірэньні не прыносяць ніякага выніку. Пакідаючы Ерусалім у панядзелак, дзяржсакратар ЗША Кандаліза Райс заявіла, што спыненьне агню магчымае яшчэ на гэтым тыдні. Аднак літаральна празь некалькі гадзінаў, выступаючы па тэлебачаньні, ізраільскі прэм’ер-міністар Эхуд Ольмэрт сказаў, што вайна працягнецца да часу, пакуль “Хэзбала” ня будзе нэўтралізаваная.

(Ольмэрт: ) “Барацьба працягваецца. Няма ніякага замірэньня і ў найбліжэйшыя дні ня будзе”.

Паведамляецца, што ізраільскія жаўнеры пры дапамозе танкаў і авіяцыі увойдуць ўглыбіню лібанскай тэрыторыі прыкладна на 6 – 7 кілямэтраў, а магчыма і далей.

Ізраільскія прадстаўнікі кажуць, што наступ павінен скончыцца яшчэ да часу, пакуль у паўднёвы Лібан прыбудуць міжнародныя міратворчыя сілы. Калі гэта здарыцца, пакуль што невядома, бо ў панядзелак ААН адклала абмеркаваньне рашэньня ў гэтай справе, спадзеючыся на тое, што пэўны вынік могуць яшчэ прынесьці дыпляматычныя захады.

Некаторыя экспэрты лічаць, што вырашыць праблему ізраільска-лібанскага канфлікту нельга без размоваў з Іранам і Сырыяй – краінамі, якія падтрымліваюць “Хэзбалу”.

Між тым, паводле апошніх паведамленьняў, Сырыя падвысіла ступень баявой гатовасьці свайго войска.
XS
SM
MD
LG