Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У справе “Партнэрства” дапытаныя амаль усе сьведкі (фота)


Любоў Лунёва, Менск У судзе Цэнтральнага раёну адбылося трэцяе паседжаньне ў крымінальнай справе супраць актывістаў незарэгістраванай арганізацыі “Партнэрства” Эніры Браніцкай, Міколы Астрэйкі, Аляксандра Шалайкі й Цімафея Дранчука. Іх арыштавалі 21 лютага й абвінавацілі ў кіраваньні арганізацыяй, якая парушае правы й інтарэсы грамадзянаў. Суд праходзіць за зачыненымі дзьвярыма.

Каля будынку суду Цэнтральнага раёну зноў сабраліся паплечнікі й сваякі арыштаваных актывістаў “Партнэрства”. Спэцназаўцы не дазвалялі людзям стаяць насупраць ганку суду й вокнаў судовай залі.



Цяжарная Вера Шалайка то стаяла, то сядзела на плястыкавым крэсьле насупраць будынку.

(Шалайка: ) “У нас ёсьць сіла чакаць далей. Будзем чакаць выніку й спадзявацца на ўсё лепшае. Думаю, што ўсё будзе добра, і нашых сваякоў адпусьцяць з судовай залі. Тым больш што яны прабылі ўжо амаль 6 месяцаў за кратамі”.

Да абеду на судзе апыталі амаль усіх выкліканых сьведак з боку абвінавачаньня. Паказаньні тых, хто знаходзіцца ў адпачынку, зачытаюць у судовай залі. Кацярына Клімко, былая актывістка “Партнэрства”, адказвала на пытаньні амаль гадзіну.

(Клімко: ) “Былі пытаньні, напрыклад, ці ведаю я Цімафея Дранчука й Міколу Астрэйку, што зьвязана з гэтымі імёнамі. Большасьць пытаньняў задаваў пракурор, але былі пытаньні й ад саміх арыштаваных і іхных адвакатаў”.

Выканаўца абавязкаў амбасадара ЗША Джонатан Мур прыйшоў, каб сустрэцца са сваякамі Эніры Браніцкай, Міколы Астрэйкі, Аляксандра Шалайкі й Цімафея Дранчука.

(Мур: ) “Я прыйшоў сюды як прадстаўнік амбасады ЗША. Выконваю абавязкі амбасадара ЗША тут, у Беларусі. Прыйшоў павідацца зь сем’ямі затрыманых і з тымі, хто прыйшоў іх падтрымаць, сказаць добрыя словы. Хацеў бы пазнаёміцца зь людзьмі, якіх цікавіць сытуацыя вакол гэтай справы. Амбасада ЗША, а таксама дыпмісіі краінаў Эўразьвязу пільна сочаць за сытуацыяй вакол суду. Мы будзем і надалей уважліва сачыць за судом, а таксама падтрымліваць сем’і арыштаваных і тых, хто падтрымлівае іх”.

Кіраўнік місіі АБСЭ Оке Пэтэрсан зьявіўся да будынку часам абеднага перапынку – з намерам дазнацца, што новага ў судзе.

(Пэтэрсан: ) “Тут ёсьць пытаньні, якія тычацца свабоды дзеяньняў і свабоды выказваньняў у Беларусі. Гэта вельмі важна нам ведаць. Цяпер мы чакаем канца гэтага працэсу й можам спадзявацца, што іх хутка вызваляць”.

Усе чакалі, што судзьдзя Леанід Ясіновіч абвесьціць перапынак на некалькі дзён. Але ён гэтага не зрабіў. Заўтра, 2 жніўня, у судзе пачнуць разглядаць пісьмовыя матэрыялы справы. Назіральнікі адзначаюць, што 3 жніўня могуць ужо адбыцца спрэчкі, і стане вядома, якую меру пакараньня папросіць дзяржаўнае абвінавачаньне.

Паплечнікі й сваякі арыштаваных актывістаў “Партнэрства” каля суду

* * * Ініцыятыва “Партнэрства” была створаная для назіраньня за правядзеньнем электаральных кампаніяў. У 2004 годзе сябры ініцыятывы вялі назіраньне за выбарчай кампаніяй, з вынікаў назіраньня быў выдадзены зборнік “Рэфэрэндум і выбары ў Палату прадстаўнікоў: факты і камэнтары”.
XS
SM
MD
LG