Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На чым грунтуецца дэкляраванае стратэгічнае партнэрства Беларусі й Вэнэсуэлы?


Валер Карбалевіч, Менск Эфір 26 ліпеня. Удзельнікі: міжнародны аглядальнік газэты “Наша ніва” Сяргей Богдан і палітоляг Юры Шаўцоў.

(Валер Карбалевіч: ) “Візыт Уга Чавэса ў Менск стаўся першым наведаньнем беларускай сталіцы кіраўніком лацінаамэрыканскай краіны. Гэтая падзея, у зьвязку зь незвычайнай і нават скандальнай постацьцю вэнэсуэльскага прэзыдэнта, выклікала пэўны міжнародны рэзананс.

Падчас перамоў Лукашэнка казаў пра вялікі эканамічны эфэкт ад гэтага візыту, заявіў, што “беларуская эканоміка ледзь ня цалкам запатрабавана ў Вэнэсуэле”. Дзяржаўныя мэдыі цьвердзяць, што гэтая краіна можа стаць для Беларусі брамай у Лацінскую Амэрыку. Але насамрэч за студзень-красавік гэтага году беларускага экспарту ў Вэнэсуэлу не назіралася ўвогуле, а імпарт склаў толькі 6 тысяч даляраў. То бок, фактычна сёньня паміж краінамі няма эканамічных дачыненьняў. Але раз дасюль у бакоў не выявілася адзін да аднаго эканамічнага інтарэсу, дык ці можна казаць пра запатрабаванасьць і штучна, праз палітычныя рашэньні, зьмяніць сытуацыю?”

(Сяргей Богдан: ) “Пра запатрабаванасьць казаць можна, беручы пад увагу характарыстыкі гэтай краіны. Вэнэсуэла – чацьвёртая па аб’ёме здабычы нафты краіна, чалец ОПЕК. Таксама яна зьяўляецца чальцом МЕРКАСУРу – эканамічнага аб’яднаньня краін Лацінскай Амэрыкі. Праз Вэнэсуэлу мы можам трапіць на велізарныя рынкі гэтага рэгіёну. Гэта дазваляе казаць пра значную яе ролю ў сьвеце. Таму пра апраўданасьць супрацоўніцтва з Вэнэсуэлай казаць можна й варта”.

(Карбалевіч: ) “Узьнікае пытаньне: калі Вэнэсуэла такая пэрспэктыўная краіна, у эканамічным сэнсе, то чаму сёньня эканамічныя дачыненьні Беларусі зь ёю фактычна на нулі?”

(Богдан: ) “У Беларусі ня выпрацавана замежнаэканамічная стратэгія. Напрыклад, як адбываецца экспарт нашых аўтамабіляў? Змаглі сёньня штурхануць партыю аўтамабіляў – усё, тавараабарачэньне павялічылася, плян на гэты год выкананы, і ўсе задаволены. Але сёньняшні ўстойлівы гандаль патрабуе забесьпячэньня сэрвіснага абслугоўваньня тых жа аўтамабіляў, іншых дадатковых паслугаў.

А наступным годам гэтыя краіны нашага тавару ня хочуць купляць. У выніку наш замежны гандаль – гэта рэзкія ўздымы й рэзкія спады. І вось цяперашняе амаль нулявое тавараабарачэньне з Вэнэсуэлай азначае ўсяго толькі, што пакуль нічога не змаглі штурхануць на гэты рынак. Але штурхаць на рынак азначае ня мець пасьлядоўнай стратэгіі. Нягледзячы на пэўную застарэласьць беларускіх тэхналёгій, у краінах трэцяга сьвету нашы вырабы могуць быць запатрабаваныя”.

(Карбалевіч: ) “З вашых слоў вынікае, што беларуская эканамічная мадэль папросту ня здольная да эканамічнай экспансіі ў замежныя краіны. Вы ўжылі даволі характэрная слова – “штурхаць”. Мусіць, эфэкт ад гандлю такім мэтадам ня вельмі вялікі?”

(Юры Шаўцоў: ) “Думаю, што цяпер эканамічныя дачыненьні паміж дзьвюма краінамі будуць разьвівацца. Адным з галоўных чыньнікаў гэтага зьяўляецца тое, што ў Вэнэсуэле, як і ў нас, фінансы сканцэнтраваны ў руках кіраўніцтва краіны. Таму ў Вэнэсуэле ёсьць грошы на вялікія праекты, у якія мы зможам уваходзіць.

А ўваходзіць на рынкі празь нейкія дробязі мы сапраўды ня надта ўмеем. Хачу нагадаць, што стварэньне сваёй збытовай сеткі ёсьць адной з галоўных задач, пастаўленых Лукашэнкам перад краінай на пяцігодку.

Падчас візыту Чавэса было абвешчана, што Вэнэсуэла будзе закупляць у вялікіх аб’ёмах нашы МАЗы, БелАЗы, трактары. Магчыма, там будуць збудаваныя зборачныя прадпрыемствы. Калі такое будзе зроблена, то гэта азначае, што ў Вэнэсуэлу й краіны МЕРКАСУРу мы зможам пастаўляць да 20% вырабаў нашых прамысловых гігантаў”.

(Карбалевіч: ) “Што можа быць карыснага для Беларусі з таго факту, што Вэнэсуэла зьяўляецца нафтавым гігантам? Я цяжка ўяўляю, якім чынам нафта з Вэнэсуэлы можа трапіць на нашы нафтаперапрацоўчыя заводы”.

(Богдан: ) “Пытаньне ня ў нафце насамрэч. Пытаньне ў тых нафтадалярах, якія могуць быць у Вэнэсуэлы. Гэта важна. Бо цяпер Беларусь атрымоўвае вельмі мала вонкавага фінансаваньня. Бо маем ня лепшыя стасункі зь міжнароднымі фінансавымі інстытуцыямі, ня лепшы рэйтынг у пляне крэдытаваньня.

Напрыклад, цяпер Беларусь атрымлівае крэдыты ад кувэйцкага Рэгіянальнага фонду арабскага разьвіцьця. Кувэйт таксама нафтавая краіна. Але замест нафты мы атрымалі грошы. Цяпер Чавэс пачаў дапамагаць Балівіі. Мабыць, дапаможа крыху й Беларусі”.

(Шаўцоў: ) Сэнсацыйная заява прагучала з вуснаў дзяржсакратара Беларусі Шэймана. Ён сказаў, што Вэнэсуэла будзе інвэставаць у пабудову на тэрыторыі Беларусі буйнога (на тысячу кілямэтраў) газаправоду. Гэта альбо Ямал-Эўропа-2, альбо ў кірунку на Адэсу. Калі сапраўды вэнэсуэльскія нафтадаляры прыйдуць сюды для пабудовы стратэгічна важнага для нас газаправоду, які паменшыць нашу энэргетычную залежнасьць ад Расеі, – дык тое ж фантастыка.

Было абвешчана таксама, што Вэнэсуэла дапускае нас да нафтаздабычы ў сваім нафтавым сэктары. Нагадаю: Расея нас да гэтага не дапускае. Калі такое адбудзецца, то гандляваць здабытай нафтай будзем у Амэрыцы.

У сваю чаргу, Беларусь дапускае Вэнэсуэлу ў сваю нафтаперапрацоўку. Дадатковыя інвэстыцыі ў гэтую стратэгічную галіну вельмі важныя для нас. Таксама прагучала, што Вэнэсуэла дапусьціць нас да газаздабычы. Гэта будзе, хутчэй, на тэрыторыі Балівіі. Усё гэта абяцае вельмі істотныя для Беларусі стратэгічныя пасьледкі ад эканамічных дачыненьняў з Вэнэсуэлай”.

(Карбалевіч: ) “Хацеў бы заўважыць: казаць, нібыта Вэнэсуэла дапускае Беларусь да нафта- й газаздабычы, мусіць, рана. Пакуль гэта толькі дэклярацыя”.

(Шаўцоў: ) А я й не кажу, што ўсё гэта будзе скарыстана. Я кажу пра абвешчаныя вынікі перамоў”.

(Карбалевіч: ) “Пасьля сустрэч Лукашэнкі з кіраўнікамі іншых дзяржаў кожны раз гаворыцца пра велізарны эканамічны эфэкт ад перамоў, пра важныя праекты. Але, як правіла, усе гэтыя праекты заканчваліся нічым. Напрыклад, пасьля візыту ў Кітай Лукашэнка казаў, што дамовіліся пра супрацоўніцтва на мільярд даляраў. Але пакуль гэтых кітайскіх грошай няма. То бок, дэклярацыі й рэальнасьць – усё-ткі не адно й тое ж”.

(Шаўцоў: ) “Але да візыту Чавэса мы наагул нічога ня мелі, у кантэксьце супрацоўніцтва з Вэнэсуэлай”.

(Богдан: ) “Я таксама блізкі да сумневаў наконт рэальнасьці гэтых праектаў. Таму што большасьць дэклярацый афіцыйных асоб Беларусі пра стварэньне сеткі збыту, зборачнай вытворчасьці за мяжой застаюцца толькі заявамі. Яны рэалізуюцца, з маіх ацэнак, на 15%”.

(Карбалевіч: ) “Мэдыі й экспэрты шмат разважаюць пра магчымае ваенна-тэхнічнае супрацоўніцтва дзьвюх краін. Сапраўды, так бы мовіць, мілітарысцкі складнік візыту Чавэса быў відочны. У складзе вэнэсуэльскай дэлегацыі былі вайскоўцы. У перамовах удзельнічаў міністар абароны Беларусі Мальцаў. Прэзыдэнт Вэнэсуэлы наведаў вайсковую вучэльню, знаёміўся са зброяй і тэхнікай, наведаў “Лінію Сталіна”, дзе яму прадэманстравалі, як Чырвоная Армія ў 1941 годзе разграміла немцаў пад Менскам. Вэнэсуэла цяпер выдаткоўвае вялікія грошы на пераўзбраеньне, прычым, не амэрыканскай зброяй і тэхнікай. Шмат зброі купляецца ў Расеі. Што вы маглі б сказаць пра ваенна-тэхнічнае супрацоўніцтва дзьвюх краін?”

(Шаўцоў: ) “Вядома, што Вэнэсуэла будзе закупляць расейскія самалёты й верталёты замест амэрыканскіх, якіх гэтая краіна ня можа эксплюатаваць, бо ЗША ўвялі эмбарга на пастаўкі запасных частак. А дзе самалёты й верталёты, там і сыстэмы супрацьпаветранай абароны. Якраз тут Беларусь можа зрабіць важны ўнёсак. Па тэлевізіі мы бачылі, што Чавэсу паказвалі расейскія сыстэмы С-300, “Печёра-2”, “Буг” і інш, якія маюць і беларускі складнік. Таму калі Вэнэсуэла купіць гэтую тэхніку, – Беларусь будзе мець свой працэнт”.

(Карбалевіч: ) “Але, пэўна, галоўнае для стратэгічнага партнэрства, што асабліва й падкрэсьліваецца кіраўнікамі, палягае ў палітычнай, ідэалягічнай плашчыні. Роднаснасьць, аднатыпнасьць палітычных рэжымаў і палітычнага лідэрства, антыамэрыканізм робяцца асновай супрацоўніцтва. У апошнім нумары часопісу “The Wall Street Journal” з гіроніяй распавядаецца пра намеры Чавэса стварыць нейкі ўсясьветны зьвяз супраць ЗША. Акрамя псыхалягічнага задавальненьня, ці можа даць дружба на гэтай глебе нейкі практычны плён? Ці сапраўды магчыма стратэгічнае партнэрства такіх далёкіх культурна й геаграфічна краін, як Беларусь і Вэнэсуэла?”

(Шаўцоў: ) “Магчыма. У нас ёсьць прыклад такога супрацоўніцтва з Кітаем. Уплыў Вэнэсуэлы ў сьвеце расьце. Цяпер адбываецца ўздым леванацыяналістычнай тэндэнцыі ў Лацінскай Амэрыцы. Акрамя таго, палітычны саюз з Чавэсам азначае новыя кропкі апірышча для Беларусі ўнутры каталіцкага сьвету й каталіцкай палітыкі”.

(Богдан: ) “Нашыя стасункі з Вэнэсуэлай сапраўды цяпер грунтуюцца на палітычнай матывацыі, а не на эканамічнай аснове. Я кепска стаўлюся да намераў сябраваць супраць некага. Бо гэта сумнеўная глеба – нават з гледзішча эфэктыўнасьці. Калі зьнешняя палітыка ператвараецца ў пошук “братоў па розуме”, то гэта неэффэктыўная палітыка”.
XS
SM
MD
LG