Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гісторыя закрытых судовых працэсаў у Беларусі


Радыё Свабода Суд над актывістамі незарэгістраванай арганізацыі “Партнэрства” праходзіць за зачыненымі дзьвярыма. Гэта ня першая судовая справа, якая разглядаецца менавіта ў такім рэжыме.

Заслужаны юрыст Беларусі, былы намесьнік старшыні Канстытуцыйнага суду краіны Валеры Фадзееў гаворыць, што беларускае заканадаўства дазваляе праводзіць разгляд некаторых судовых спраў за зачыненымі дзьвярыма:

(Фадзееў: ) “Сапраўды, могуць быць закрытыя паседжаньні. Крымінальна-працэсуальны кодэкс гэта дазваляе. Калі, прыкладам, хаваюцца дзяржаўныя сакрэты альбо паўстаюць нейкія асабістыя праблемы – скажам, згвалтаваньне ды некаторыя іншыя".

Былы сьледчы, а цяпер праваабаронца Алег Волчак дадае з уласнай практыкі, што судовыя працэсы робяць закрытымі яшчэ й тады, калі гэта тычыцца бясьпекі сьведак, зь іхнай асабістай просьбы, альбо калі супрацоўнікі праваахоўных органаў хочуць захаваць у сакрэце нейкія свае апэратыўныя распрацоўкі:

(Волчак: ) “Але ва ўсялякім разе, нават, калі паўстаюць нейкія перасьцярогі, можна рабіць закрытым ня ўвесь суд, а толькі нейкую частку яго, альбо нейкую частку паказаньняў".

Судовых працэсаў, якія цалкам праходзілі за зачыненымі дзьвярыма, у Беларусі было мала. Журналіст Сяргей Сацук, што стала займаецца судовай тэматыкай, перадусім прыгадвае справу пра зьнікненьне апэратара Грамадзкага расейскага тэлебачаньня Зьміцера Завадзкага, а таксама справу пяці міліцыянтаў Першамайскага раёну Менску, якіх абвінвачвалі ў катаваньні падазроных. Закрыты для грамадскасьці, дарэчы, і суд, які вядзецца цяпер над былым кіраўніком вытворчага аб''яднаньня “Нафтан” Часнавіцкім,.

Алег Волчак акцэнтуе ўвагу на наступнай супярэчнсьці: самае суровае пакараньне, якое пагражае актывістам “Партнэрства” – максымум тры гады зьняволеньня. Дык чаму ж тады суд вядзецца ў надзвычайных умовах?

(Волчак: ) “Тут, як я разумею, няма ніякіх дзяржаўных сакрэтаў, няма апэратыўнай распрацоўкі. Гэта не крымінальная злачынная групоўка. Хутчэй за ўсё, гэта рэакцыя ўладаў на суды Радзівіла, Казуліна... Яны пабачылі, як пасьля гэтых працэсаў судовыя памылкі разьбіраюцца ў мэдыях літаральна па палічках, паказваюцца іх недарэчнасьці й палітычны падтэкст. Таму гэтым разам улады падрыхтаваліся грунтоўна”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG