Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму ў БДУ бракуе абітурыентаў? (абноўлены)


Ганна Соўсь, Менск Сёлета ў Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце ўпершыню за многія гады сутыкнуліся зь недаборам абітурыентаў на шэраг факультэтаў дакладных навук. З гэтае прычыны кіраўніцтва БДУ зьвярнулася ў Міністэрства адукацыі з просьбай дазволіць дадатковы прыём дакумэнтаў на дзённыя бюджэтныя аддзяленьні факультэтаў, на якіх бракуе абітурыентаў.

Прадстаўнікі Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту цягам апошніх дзён падаюць супярэчлівую інфармацыю што да спэцыяльнасьцяў, на якія адзначаецца недабор абітурыентаў. Паводле прэсавай службы БДУ, – гэта дзённыя аддзяленьні бюджэтнай формы навучаньня на хімічным, фізычным, мэханіка-матэматычным факультэтах, а таксама на факультэце радыёфізыкі й электронікі па шэрагу спэцыяльнасьцяў.

Сёньня ж сакратар прыёмнай камісіі ўнівэрсытэту Вячаслаў Малафееў удакладніў для Радыё Свабода, што недабор абітурыэнтаў ёсьць толькі на факультэты фізыкі, радыёфізыкі й электронікі. А на іншыя вышэйзгаданыя факультэты конкурс – крыху больш за 1 чалавека на месца. Спадар Малафееў тлумачыць гэта, сярод іншага, тым, што БДУ праводзіць дадатковы профільны іспыт па фізыцы, адрозна ад іншых ВНУ, дзе абмяжоўваюцца вынікамі цэнтралізаванага тэставаньня. Уплываюць таксама і іншыя фактары.

(Малафееў: ) “Інтарэс да гэтых спэцыяльнасьцяў паніжаецца й саступае ўстойліваму інтарэсу да гуманітарных спэцыяльнасьцяў. На тое самае правазнаўства традыцыйна конкурс 3 з паловай чалавекі на месца”.

Кіраўніца прэсавай службы БДУ Вольга Шчадрына тлумачыць недабор абітурыентаў яшчэ й зьменамі ў правілах прыёму.

(Шчадрына: ) “Упершыню шмат што здарылася падчас гэтай прыёмнай кампаніі. Мы разам з усімі ВНУ ў адной плыні – і з рэгіянальнымі, і з тэхнічнымі. Па-другое, спэцыяльнасьці “педагогі фізыкі й хіміі” зрабіліся непрэстыжнымі”.

Дацэнт хімфаку Кастусь Лабко гэтаксама зьвязвае невысокі інтарэс абітурыентаў да некалі прэстыжных факультэтаў са шматлікімі экспэрымэнтамі.

(Лабко: ) “Недасканалая сыстэма ўступных іспытаў і дзяржаўных іспытаў у школе. І кожны год яна мяняецца. Людзі ня ведаюць, што рабіць, у тым ліку і ў Міністэрстве адукацыі. Бо сёньня адно, заўтра будзе іншае…”

Былы кіраўнік ўпраўленьня міжнародных сувязяў БДУ Аляксандар Рухля зважае на такі факт: бракуе абітурыэнтаў менавіта на тыя спэцыяльнасьці, якія ў блізкім часе могуць быць вельмі запатрабаванымі.

(Рухля: ) “Наша палітычная ізаляванасьць вядзе да таго, што мы не разьвіваемся.А нам вельмі патрэбныя новыя тэхналёгіі. Што не ідуць цяпер людзі на факультэты, якія могуць гэтыя тэхналёгіі прынесьці, мяне вельмі засмучае”.

А экс-прарэктар БДУ Анатоль Паўлаў зьвязвае спад папулярнасьці БДУ зь недасканалым кіраўніцтвам гэтай навучальнай ўстановы.

(Паўлаў: ) “Калі даведаўся пра гэта, мне было сорамна й балюча. А колькі можна на ўнівэрсытэце экспэрымэнтаваць? “Прыбралі” Казуліна, які вельмі шмат зрабіў для ўнівэрсытэту, у тым ліку й для папулярызацыі яго. Адкрываліся ж новыя аддзяленьні. А сёньня закрываюцца. Я сёлета быў у шоку, калі рэктар Стражаў пайшоў у адпачынак у ліпені – напярэдадні ўступных іспытаў”.

Што да іншых прычынаў нястачы абітурыентаў у БДУ, то адмыслоўцы ў сфэры адукацыі адзначаюць і дэмаграфічную сытуацыю ў краіне, і сацыяльную неўладкаванасьць, калі многія бацькі ня ў стане забясьпечыць навучаньне сваіх дзяцей.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG