Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Берасьце: Любоў Разановіч заявіла пра пачатак сухой галадоўкі


Радыё Свабода Сёньня ўдзельніца галадоўкі ўладальнікаў маршрутных таксі Любоў Разановіч заявіла, што адмаўляецца піць ваду.

У першай палове дня сёньня ўдзельніца акцыі галадаваньня Любоў Разановіч заявіла пра сухую галадоўку:

(Разановіч: ) “Ужо ад 12-ці гадзінаў вады ня п’ю. Адразу адчуваецца – б’е па мазгах. Ня ведаю, як мяне Бог памілуе, але ад вады адмаўляюся”.

У кватэры Любові Разановіч – дзеці, сваякі, сябры. Гаворыць Віктар Чайкоўскі:

(Чайкоўскі: ) “Хацелася б усім прадпрымальнікам паглядзець у вочы таму чыноўніку, які падрыхтаваў указ №140, што вядзе да трагедыі. Гэтая жанчына плаціла штомесяц больш як мільён рублёў падатку. Самае дарагое, што дадзена ад Бога чалавеку, – жыцьцё. Сёньня яно пад пагрозай”.

Раней наша радыё паведамляла, што ў Любові Разановіч двое дзяцей: 14-гадовы Арцём і Паўлік, якому 11 гадоў. Гаворыць малодшы:

(Паўлік: ) “У нас грошай няма. Як мы заплацім? Налічылі столькі! Нам трэба ўсё прадаваць! Кватэру... Дзе мы жыць будзем?”

Старэйшы брат Любові Разановіч Рыгор:

(Рыгор Разановіч: ) “Я цяпер далёка – у Воршы. Як толькі вызвалюся, прыеду. Вядома, сухая галадоўка – гэта вельмі небясьпечна. Улада толькі на словах – нібыта для народу. А ў сапраўднасьці адно пра сваю скуру клапоцяцца. Пляваць ім на народ. Расказвайце ўсяму сьвету пра гэтую антынародную ўладу. Пра тое, як людзі цярпяць ад яе. Пішыце, гаварыце, каб больш людзей ведалі пра гэта”.

Ад сёньня ў кватэры Любові Разановіч дзяжурыць доктар Ала Вябек. У гутарцы яна паведаміла, што кіраўніцтва лякарні патрабуе апэратыўнай інфармацыі пра стан ейнай апекаванкі. Да Радыё Свабода ў мэдыка асабістая просьба:

(Вябек: ) “На сёньняшні дзень ёй стала горш. Ведаеце, што такое тры тыдні галадоўкі? Дапамагайце як-небудзь. Яна адмаўляецца ад вады й хуткай дапамогі, якая ўводзіла глюкозу. Гэта можа скончыцца дрэнна”.

А вось як рэагуе на сёньняшнія падзеі ў Берасьці супрацоўнік аблвыканкаму Вячаслаў Мятліцкі:

(Мятліцкі: ) “Гэта не вузкапрофільнае пытаньне. Гэтае пытаньне разглядаецца адпаведнымі міністэрствамі, ведамствамі, судамі неаднаразова. У дадзеным выпадку, хто вам што ні сказаў бы, – гэта будзе вузкае меркаваньне. Пазыцыя аблвыканкаму прадпрымальнікам даведзеная. Яны – у курсе. Мы стала наконт гэтага працуем. Ну, а якія-небудзь камэнтары даваць – гэта будзе залішне”.

Нагадаю: у галадоўцы прадпрымальнікаў у Берасьці ўдзельнічае 15 чалавек. Яны патрабуюць адмены рашэньня падатковых органаў. Галадоўнікі адмаўляюцца выплачваць грашовы збор за ўвоз у Беларусь аўтамабіляў з камэрцыйнай мэтай. Яны тлумачаць, што ўвезьлі машыны раней за 2004 год, калі быў падпісаны прэзыдэнцкі ўказ аб спагнаньні вышэйзгаданага збору.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG