Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На мяжы зь Беларусьсю здарылася аварыя на нафтаправодзе “Дружба”


Ігар Карней, Менск 31 ліпеня ў Сураскім раёне Бранскай вобласьці на мяжы зь Беларусьсю здарылася буйная аварыя на магістральным нафтаправодзе “Дружба”. Паводле папярэдніх зьвестак, плошча выкіду склала 10 квадратных кілямэтраў, а нафтай забруджаны водныя аб’екты й землі дзяржаўнага ляснога фонду Расеі. Беларускія ведамствы запэўніваюць, што экалягічнай небясьпекі для Беларусі аварыя не нясе.

Паводле расейскага Міністэрства прыродных рэсурсаў, аварыя справакавала ўцечку звыш 50 кубамэтраў нафты. Нафтапрадукты выліліся на плошчы 10 квадратных кілямэтраў, частка іх трапіла ў ваду й лясны масіў. Удакладняецца, што разрыў трубы адбыўся з прычыны дэфэкту на “вантузным калодзежы”. У Міністэрстве прыродных рэсурсаў Беларусі пераконваюць, што беларускую тэрыторыю аварыя не кранула. Гаворыць прадстаўніца ведамства Натальля Фёдарава:

(Фёдарава: ) “Наша тэрыторыя не забруджаная. І, адпаведна, нашы службы не падключаліся да вырашэньня гэтага пытаньня. Таму ў нашым падразьдзяленьні экалягічнага маніторынгу ніякай інфармацыі няма. А з улікам таго, што наша тэрыторыя не пацярпела, адпаведныя беларускія службы ў той раён не выяжджалі. Факт тое, што наша міністэрства, нашы службы не прыцягваліся да ліквідацыі наступстваў. Да таго ж, у Белгідрамэце таксама пацьвердзілі, што тэрыторыя Беларусі не была забруджаная”.

Нафтаправодам “Дружба” праз тэрыторыю Беларусі расейская нафта транспартуецца ў Польшчу, Нямеччыну, Чэхію, Славаччыну й Вугоршчыну. Кан’юнктура на ўсясьветным рынку спрычынілася да падвышэньня попыту на нафту ў Заходняй Эўропе, што выклікала істотнае павелічэньне паставак нафтапрадуктаў праз трубаправоды, якія – адзначаюць спэцыялісты – не заўсёды тэхнічна гатовы да транспартаваньня такіх аб’ёмаў.

Менавіта састарэлае на шэрагу ўчасткаў абсталяваньне прыводзіць да ўцечкі нафтапрадуктаў ня толькі на расейскай, але й на беларускай тэрыторыі. Так, у 2003 годзе на тэрыторыі Жабінкаўскага раёну ля вёскі Арэпічы са згаданага ўжо нафтаправоду “Дружба” таксама адбылася ўцечка нафты.

А найчасьцей надзвычайныя сытуацыі здараліся ў 2004 год: з трох буйных аварый, зьвязаных з разьлівам нафтапрадуктаў, дзьве адбыліся на трубаправодах. На ўсё тым жа нафтаправодзе “Дружба” блізу Полацку аб’ём вылітай нафты склаў 8 тон, забруджанай аказалася плошча 1 600 квадратных мэтраў. Ад разгермэтызацыі прадуктаправоду “Ўнеча-Полацак” адбылося забруджаньне дызэльным палівам паўгектара сельгасплошчаў у Мсьціслаўскім раёне. Яшчэ адна аварыя адбылася на прадпрыемстве “Нафтан”: падчас правядзеньня пуска-наладачных працаў адбыўся разьліў нафты на плошчы 100 квадратных мэтраў.

Сёлета магістральны нафтаправод “Дружба” гэтаксама ўжо адзначыўся шэрагам аварый на сумежных зь Беларусьсю тэрыторыях. Так, у студзені разьліў нафты здарыўся ў Самарскай вобласьці. У выніку аказалася забруджана 5 тысяч квадратных мэтраў лёдавага пакрыцьця ракі й берагавой зоны. А месяц таму ў Львоўскай вобласьці падчас выпрабаваньняў на “Дружбе” адбыўся выбух газапаветранай сумесі ажно ў шасьці месцах на ўчастку 1,5 кілямэтры. Выбухам былі пашкоджаны 10 прыватных дамоў і школа, разьмешчаныя за 100 мэтраў ад нафтраправоду.

Паводле расейскіх СМІ, прадстаўнікі грамадзкіх экалягічных арганізацый Бранскай вобласьці не выключаюць, што наступствы аварыі на нафтраправодзе “Дружба” могуць выклікаць экалягічную катастрофу ў рэгіёне. Расейскае Міністэрства прыродных рэсурсаў гэткай трывогі не падзяляе. Цяпер на месцы аварыі працуе камісія Расейскай службы прыроднага нагляду, дзяржаўных камітэтаў “Расводарэсурс” і “Раслесгас”. Паводле прадстаўнікоў кампаніі “Транснафта”, якая ажыцьцяўляе перапампоўваньне сыравіны, нафтаправод функцыянуе ў штатным рэжыме.
XS
SM
MD
LG