Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Прапаноўваю падрыхтаваць касьмічны карабель зь міжнародным дыктатарскім экіпажам...”


Радыё Свабода Водгукі слухачоў за панядзелак, 1 жніўня. Круглыя суткі вы можаце тэлефанаваць па менскім нумары 290-39-52 і пакідаць свае водгукі на нашым аўтаадказьніку, а таксама дасылаць СМС-паведамленьні па нумары 391-22-24.

(Спадар: ) “Паважаная “Свабода”, адказваю на пытаньне тыдня. Для мяне незалежнасьць – гэта перш за ўсё незалежнасьць ад дыктатуры, адхіленьне яе ад кіраўніцтва краінай, правядзеньне беларускага “Нюрнбэргу” з асуджэньнем людзей, якія растапталі Канстытуцыю 1994 году, людзей, вінаватых у гібелі апазыцыйных палітыкаў. Незалежнасьць – гэта ўваходжаньне ў Эўразьвяз, пабудова адкрытага грамадзтва, ажыцьцяўленьне палітыкі нэўтралітэту. Адным словам, эўрапеізацыя Беларусі, ператварэньне яе ў цывілізаваную эўрапейскую краіну, як Аўстрыя ці Швайцарыя.

Што да пытаньня мінулага тыдня пра спадарожнік, падзялюся сваёй ідэяй. Прапаноўваю падрыхтаваць касьмічны карабель зь міжнародным дыктатарскім экіпажам: Лукашэнка, Чавэс, Кім Чэн Ір, Фідэль Кастра і іншыя. А вучоным падкажу і тэму дысэртацыі: “Асаблівасьці паводзінаў дыктатараў у закрытай прасторы без магчымасьці вярнуцца на Зямлю”. Дзякуй”.

(Ларыса, пэнсіянэрка зь Менску: ) “Пасьля развалу СССР усе рэспублікі, у тым ліку і Рэспубліка Беларусь, сталі незалежнымі. Але ў сьвеце ўсё ўзаемазьвязана. Мы залежым ад Расеі, таму што асноўныя энэрганосьбіты ідуць з Расеі, сельская гаспадарка знаходзіцца ў дрэнным стане. Мы ўжо дайшлі да таго, што нават буракі прывозяць з-за мяжы. Што ні паглядзі на базары, усё прывезена зь іншых рэспублік, таму ўсё так дорага. Калі мы ўжо навучымся вырошчваць сваю гародніну? А дзе нашыя беларускія яблыкі, напрыклад, “антонаўка”? Бо сады не даглядаюцца… Вось табе й незалежнасьць. Я так мяркую – як звычайны пакупнік.

А свабода? Незалежнасьць і свабода ўзаемазьвязаныя. Трэба даць свабоду слова таму, хто хоча выказаць свае прапановы, каб палепшыць становішча ў палітыцы і гаспадарцы. Трэба, каб урадавыя дзеячы і прэзыдэнт прыслухаліся да апазыцыі. У іх ёсьць, што сказаць, дайце ім слова. Там жа многа разумных людзей, якія могуць даць карысныя парады, каб у нас усё было ня так дрэнна”.

(Спадарыня: ) “Калі слухаю па “Свабодзе,” як судзяць маладых людзей, сяброў незарэгістраванай арганізацыі “Партнэрства”, дык дзіву даюся, што гэта адбываецца з нашымі праваахоўчымі органамі, якія апошнім часам пасьля выбараў так актыўна ўзяліся судзіць маладых, якія нічога крымінальнага не зрабілі, хацелі сачыць за ходам выбараў. Ну хай бы й сачылі. Нам, выбаршчыкам, было б цікава пачуць праўду пра выбары і іх вынікі. Дык зрабілі нейкі працэс, ды яшчэ й закрыты, быццам судзяць нейкіх злачынцаў. Адумайцеся, судзьдзі, куды вы крочыце?! Колькі вы непрыемнага зрабілі для бацькоў?! І дзе той, хто можа спыніць перасьлед людзей, якія хочуць выказаць думкі, што не супадаюць з думкамі афіцыйных асобаў? А голасу Аляксандра Рыгоравіча нідзе й не чуваць. Што ён думае на гэты конт? Ён як бы нічога ня чуе і ня ведае… Можа, усе працэсы праходзяць безь яго ведама? Судзьдзі, спыніце зьдзекі з моладзі!”

(Спадар: ) “Чым больш я і мае родзічы, мае дзеці, унукі калі-нікалі ўключаюць, слухаюць так званы “Голас Свабоды” на беларускай мове, мы ўжо канчаткова пераканаліся: гэта памыйка, брудная, сьмярдзючая памыйка, дзе бяздомныя пацукі жывуць… Дайце хоць адзін станоўчы прыклад, што-небудзь чалавечае… Ня кажучы ўжо пра душэўнае, пра нармальнае што-небудзь… Гэтая памыйка ўсё чэрніць і гадзіць… І з-за чаго? З-за нелюбові Амэрыкі да аднаго чалавека… Кіраўнікі яе ненавідзяць увесь сьвет. І габрэі там камандуюць… А вы – вяшчальнікі гэтага… Таму вам трэба ўсё муціць…Але ніхто сур’ёзна не ўспрымае, што вы гаворыце, асабліва калі пра нацыяналізм. Беларус – гэта перш за ўсё інтэрнацыяналіст. А калі вы па нацдэмах уздыхаеце, іх трэба было ня толькі садзіць, а страляць. Гэта нелюдзі, гэта фашысты, нацы. Нічога такога не было і ня будзе ў Беларусі. Не дачакаецеся!”

(Анастас Семяновіч: ) “Вельмі шаноўнае спадарства, добры дзень! На пытаньне тыдня што можна сказаць? Я памятаю, калі дэпутаты Вярхоўнага Савету XII скліканьня прымалі гэтае рашэньне, для нас, тых, хто знаходзіўся на плошчы Леніна, гэта было вялікім сьвятам. Але, на вялікі жаль, за апошнія гэтыя гады, калі Беларусьсю кіруе галоўны начальнік, незалежнасьць пад вялікім пытаньнем. У нас даўно няма выбараў, а бяз выбараў няма ніякай дэмактратыі. Наш галоўны начальнік пасварыўся практычна з усім сьветам. З Расеяй ідзе гульня ў кошкі-мышкі. Пасьля Новага году гэтая гульня спыніцца, і тады нашая незалежнасьць будзе пад вялікім пытаньнем. А гэтага дапусьціць нельга. Беларусь павінна быць незалежнай вечна, трэба сябраваць з усімі краінамі сьвету, гандляваць на ўзаемавыгаднай аснове і гэтак далей. Жыве Беларусь!”

(Аляксандар Анатолевіч Яцкевіч зь Віцебску: ) “Добры вечар, паважаная радыёстанцыя “Свабода”! Паслухайце вельмі цікавае вось што. Згодна з указам нашага прэзыдэнта, працадаўца можа не заключыць кантракту і звольніць цябе адным росчыркам пяра. Тым самым ён кажа: “Ён не парушыў ніякага закону, пакінуўшы чалавека і яго сям’ю без заробку”.

(Антон Станевіч з Шчучыну: ) “Добры вечар, “Свабода”! На тым тыдні было пытаньне, што зьмянілася за апошнія 12 гадоў. У мяне зь вясны 1995-га году паменшылася пэнсія на 30 адсоткаў. Раней я атрымліваў максымальную, а стаў атрымліваць 70 адсоткаў ад максымальнай і 30 адсоткаў ад свайго заробку. Колькі пэнсію ні павышаюць, але ж гэтая прапорцыя застаецца на месцы, значыць, і пэнсія застаецца на месцы, значыць, нічога ў нас не мяняецца, застаецца ўсё па-старому. Да пабачэньня, “Свабода”.

(Васіль Цюхай зь Беразіна: ) “Сымбаль веры” я заўсёды слухаю ўважліва і заўсёды не згаджаюся з выступоўцамі. Асабіста я ў царкву не хаджу, бо Бог не ў царкве, Бог ува мне. І, адпаведна, часу для яго я не шукаю, бо ўвесь мой час – гэта ягоны час. Калі вы прыйдзеце ў царкву, вас адразу пачнуць пераконваць, што вы грэшнік і што вам неабходна пакаяньне. “Усе саграшылі”, – кажуць у царкве. Безумоўна, толькі ня трэба блытаць грэх і пакаяньне. “Калі б у гэтым горадзе знайшліся тры мужы: Ной, Данііл і Іоў, дык сваёю праведнасьцю, яны б уратавалі толькі свае душы” (Езыкіль, 14 разьдзел). Пастаўлю націск: “уратавалі сваёю праведнасьцю”. Не крывёю Хрыста, не крывёю ахвярных жывёлін, не выкананьнем літары закону, а сваёю праведнасьцю. На нябёсах болей радасьці аб адным грэшніку, які каецца, чым аб 99 праведніках, якія ня маюць патрэбы ў пакаяньні. Пра гэтых 99 у царкве забываюць, можа, таму, што па сабе судзяць?

Іншыя прыклады: прарок Энох, прарок Ільля, прарок Ездра. Гэтыя людзі былі ўзятыя на неба і ня бачылі сьмерці, яны сталі несьмяротнымі. Майсей размаўляў з Госпадам Богам непасрэдна на чатыры вокі, Аўраам, названы сябрам Божым… Гэтыя людзі не былі ні хрысьціянамі, ні юдаістамі. Прарок Мухамад ня толькі ня быў хрысьціянінам, ён ваяваў з хрысьціянамі, пры гэтым ён быў на небе пры жыцьці прынамсі адзін раз. Мусульмане, дарэчы, не гавораць ні пра публічнае пакаяньне, ні пра выратаваньне або страх страціць выратаваньне, ні пра хрост, ні пра абмыцьцё крывёй Хрыстовай. І ў Тройцу мусульмане ня вераць, таксама як і будысты, і юдэі, і ўсе рэлігіі, якія існавалі да Хрыста і якія чакалі на яго. У Каране, што праўда, ёсьць заклік шанаваць чужыя звычаі і абрады, з чаго разумны чалавек можа зрабіць толькі адну выснову: абрад – гэта пустая форма. Калі нехта пераконвае вас, што вы грэшнік і што вам неабходнае пакаяньне, ён можа распавесьці вам, як трэба каяцца і жыць потым, каб стаць уратаваным. Значыцца, гэты чалавек хоча ўзяць уладу над вашай душою і аддаваць вам загады, нібыта ад імя Бога. Настае час, калі пакланяцца Айцу нябеснаму будуць не на тым ці іншым месцы, тым ці іншым спосабам, а ў духу ды ісьціне”.

(Спадар: ) “Ва ўмовах 12-гадовага лукашэнкаўскага дыктату ніякай незалежнасьці няма. Ёсьць дыктатура. Успомніце яго выказваньні: “Усё ня так дрэнна ў Германіі і пры Гітлеру было”. Дайце Лукашэнку магчымасьць аб’яднацца, прабрацца на трон Расеі, атрымаць атамны меч, і тады незалежнасьць сьвету гарантаваная”.

(Спадар: ) “Я хачу задаць пытаньне і вас папрасіць. Радыёстанцыя “Нямецкая хваля” рэклямавала, што з 1-га жніўня яна будзе трансляваць 30 хвілін "Беларускай хронікі". І вось сёньня, першага жніўня, я нічога не знайшоў. Праўда, яны не давалі дакладнага часу... І вечарам яны трансьлююць 15 мінут. Я вас прашу пра гэта даведацца і аб’явіць. І яны хай аб’явяць, ці будуць яны, ці не… Была б гэта лукашэнкаўская прапаганда, я б не паверыў, але гэта ж “Нямецкая хваля”! Да пабачэньня”.

(Спадарыня: ) “Дарагая "Свабода", прывітаньне. Ідзе восень, але яна мяне ня цешыць. Мяне абурае тое, што вельмі дрэнныя дарогі, ніхто іх не рамантуе. Здаецца, гэта дарогі ДБУ, але яны такая аварыйныя, што на іх можна зламаць ногі. І палі такія жудасныя, усе ў асоце, у сьмецьці… Проста немагчыма прайсьці. Калі кажаш нашаму “кулаку” мясцоваму, старшыні райвыканкаму, ён на гэта не зьвяртае ўвагі. Ідзе восень, дзеці ў школу… Якая жудасная сытуацыя, якая дарагоўля ў крамах – дзецям немагчыма нічога купіць. Мне як шматдзетнай маці хату купілі, а працы мне не даюць. Я па гэты дзень не магу ўладкавацца на працу. Гэта тлумачаць тым, што я не калгасны жыхар, а гарадзкі. Як жа мне жыць тады? Навошта мне тады хату купілі ў вёсцы? Гэтую старую хату мне прадаў чалавек, якому далі катэдж. Як у ёй жыць, калі нават вады ў калодзежах няма, бо яны павысыхалі. Мне прыходзіцца ісьці за пару кілямэтраў, каб дастаць вады! Куды мне зьвярнуцца? Ніхто на гэта ўвагі не зьвяртае.

Наш прэзыдэнт вельмі добра выступае па тэлевізіі, абяцае тое, што ён дасьць дзецям. Але гэта ўсё няпраўда. Калі зьвернуць увагу на нашых дзяцей, на наш народ? Аўталаўкі прыяжджаюць, прывозяць толькі хлеб і батон, а астатняга ня купіш. Трэба ісьці некалькі кілямэтраў, каб купіць дзіцяці кавалак каўбасы ці апэльсін! Як жыць? Мяне абурае ўсё!”

(Спадарыня з Магілёва: ) “Я вельмі перажываю за Любоў Разановіч. За свае грошы, заробленыя потам, галадае ўжо месяц і гатовая ўжо памерці ўва ўсіх на вачах. Гэта першае. Другое. Падрыхтоўку да незалежнага назіраньня за выбарамі прэзыдэнта 19 саквіка 2006 году лічаць парушэньнем правоў грамадзянаў Беларусі. Трэцяе. Кандыдата на прэзыдэнта Аляксандра Казуліна, паліўшы брудам, асудзілі на 5 з паловаю гадоў пазбаўленьня волі за злачынства, якога ён не рабіў. Чацьвёртае. Дзяржаўная цэнзура на тэлебачаньні і друку. Пятае. Поўнасьцю ліквідаваны незалежны друк. Дзеці пазбаўленыя магчымасьці адпачываць за мяжой. Абліваюць брудам дыпляматаў суседніх дзяржаў. Шостае. На скрадзеныя ў простых людзей грошы будуюцца нікому не патрэбныя спадарожнікі. Сёмае. Ізаляцыя Рэспублікі Беларусь ад эўрапейскіх краін. Восьмае. Падтрымка дыктатарскіх рэжымаў краін-ізгояў. Гэта няпоўны сьпіс вынікаў палітыкі Лукашэнкі.

Такую палітыку, акрамя як “ракавай пухлінаю”, ніяк не назавеш. Мэтастазамі такой хворай палітыкі заражаныя людзі, якія падтрымліваюць Лукашэнку, яны радыя, калі людзі мерзнуць, галадаюць, калі людзей арыштоўваюць, калі садзяць у вязьніцы. Калі жанчына ў бок Аляксандра Казуліна сказала: “Так яму і трэба!” – то ў яе заражаная хворай палітыкай сьвядомасьць. Упэўненая, што такіх, як гэтая жанчына, няшмат. У асноўным беларускі народ жыве паводле прынцыпу: мая хата з краю, нічога ня ведаю”.
XS
SM
MD
LG