Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Прадстаўнікі салігорскіх шахцёраў неслі труну з надпісам “Дыктатура” (1996)


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі Пра што пісалі ў мінулыя гады беларускія газэты 1 жніўня

“Сялянская ніва”, 1926 год. Паведамленне з Прагі:

“Як падае беларускае Прэс-Бюро ў Празе, месяцы чэрвень і ліпень г.г. былі асаблівымі ў Чэхаславакіі. 28-га чэрвеня адбыліся два міжнародныя зьезды. Зьезд бібліатэкараў усяго сьвету і зьезд культурных каталіцкіх працаўнікоў. На абодвых зьездах былі прадстаўлены і беларусы. Выступленьне на зьездзе бібліатэкараў П.Крэчэўскага з рэфэратам “Гісторыя беларускай кнігі”, дзе была высьвятлена гістарычная роля Польшчы і Расеі ў нішчэньні і паленьні беларускай кнігі і культуры амаль не на працягу 300 гадоў, надта не спадабалася прадстаўнікам Польшчы”.

“Комуніст”, 1936 год. Нехта Каплан крытыкуе:

“Аркестр у складзе 9 чалавек яшчэ не падрыхтаваўся да выступлення актора, ноты чамусьці раздаюцца на вачох у публікі. Змест нумароў аркестра — гэта прафанацыя і яўная дыскрэдытацыя мастацтва. Джазаркестр іграе для сябе і артыст не можа папасці ў рытм. Ён увесь час раздражона гаворыць пра сябе і звяртаючыся да джаза: “Рытму няма, няма рытму”… Шкада, што на эстраду дапушчаюцца такія нягодныя “джазаркестры”.

“Народная воля”, 1996 год:

“Улада зрабіла ўсё, каб галоўнае свята краіны — Дзень незалежнасці — прайшло непрыкметна. Толькі грамадскасць адзначыла яго, як належыць. 27 ліпеня дзесяткі тысяч людзей сабраліся ў цэнтры Мінска пад бел-чырвона-белымі сцягамі. Калона, якая сфармавалася ля цырка і рушыла ў накірунку Палаца спорту, расцягнулася амаль на кіламетр… Прадстаўнікі салігорскіх шахцёраў неслі труну з надпісам “Дыктатура”… Пасля мітынгу адбыўся канцэрт. Гучалі выдатныя беларускія творы, якіх не пачуеш па беларускаму радыё і тэлебачанню”.
XS
SM
MD
LG