Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Суд над актывістамі “Партнэрства” зацягваецца


Любоў Лунёва, Менск Сёньня адбудзецца трэцяе судовае паседжаньне ў крымінальнай справе супраць актывістаў незарэгістраванай арганізацыі “Партнэрства”. Эніру Браніцкую, Міколу Астрэйку, Аляксандра Шалайку і Цімафея Дранчука абвінавачваюць у кіраваньні арганізацыяй, якая парушае правы і інтарэсы грамадзянаў.

З 21 лютага актывістаў арганізацыі трымаюць пад вартай. Суд ідзе за зачыненымі дзьвярыма. Калі будзе даказана віна арыштаваных, іх могуць пакраць арыштам да шасьці месяцаў альбо пазбаўленьнем волі да трох гадоў.

Сваякі і паплечнікі Эніры Браніцкай, Міколы Астрэйкі, Аляксандра Шалайкі і Цімафея Дранчука прыйдуць сёньня да будынку суду Цэнтральнага раёну. Людзі ня ведаюць, што адбываецца ў судовай залі. Яны будуць стаяць на вуліцы на знак салідарнасьці з арыштаванымі актывістамі “Партнэрства”.

Сёньня ў судзе будуць апытваць сьведак з боку абвінавачаньня. Паказаньні будуць даваць толькі тыя, каго прызначылі сьледчыя КДБ. У справе фігуруюць прозьвішчы дваццаці чалавек. Судзьдзя Леанід Ясіновіч, калі прыняў рашэньне праводзіць суд за зачыненымі дзьвярыма, матываваў гэта неабходнасьцю захаваньня бясьпекі сьведкаў.

Адвакат Цімафея Дранчука Павал Сапелка хадайнічаў, каб яму дазволілі распавесьці пра некаторыя акалічнасьці крымінальнай справы, якія не кранаюць інтарэсаў сьведак. Ён паведаміў, што гэта дазволіла б зьняць напругу вакол справы “Партнэрства”. Сёньня ён зноў заявіць гэтае хадайніцтва. Ня ўсе выкліканыя сьведкі прыйшлі ўчора ў суд. Але нават і тых пяцёх чалавек, якія прыйшлі, апытвалі ўвесь дзень. Сваякі арыштаваных непакояцца, што суд зацягнецца на месяц. Гаворыць маці Эніры Віялета Браніцкая:

(Браніцкая: ) “Калі мы ў судзьдзі спыталі: “Чаму так доўга?”. Ён кажа: “Хіба гэта задоўга? У мяне працэсы доўжацца па паўтара году. Гэта будзе вельмі караценечкі працэс”. Крыўдна, што лета канчаецца, а дзеці без сьвятла і без паветра. У СІЗА такі дворык, што туды сонейка, наагул, не трапляе… І жыцьцё так праходзіць у гэтых страшных сьцянах”.

Цяжарныя Паліна Астрэйка і Вера Шалайка будуць прыходзіць да будынку суду раніцай і ўвечары. Гаворыць Паліна Астрэйка:

(Астрэйка: ) “Сёньня я прыйду да будынку суду, як і ўчора, як і ў пятніцу хадзіла. Але ўвесь дзень ня буду, бо хутка мне ражаць і трэба дыхаць сьвежым паветрам хаця б дзеля дзіцяці. Таму я прыйду раніцай, каб паглядзець на яго, калі прывязуць і ўвечары, калі яго будуць забіраць… Усе разумеюць, што справа зацягваецца і трэба будзе яшчэ пачакаць прынамсі тыдні тры. Але гэта адзінае, што нам застаецца – чакаць усімі сіламі, як можам”.

Калі некаторыя сьведкі з розных прычынаў не прыйдуць у суд сёньня і ў іншыя дні, судзьдзя Леанід Ясіновіч можа абмежавацца тым, што папросту зачытае іх ранейшыя паказаньні.

Не выключана, што сёньня судзьдзя Леанід Ясіновіч напрыканцы дня абвесьціць перапынак на некалькі дзён.
XS
SM
MD
LG