Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гілары Клінтан супраць Джона Маккейна?


Радыё Свабода Паводле апытаньняў грамадскай думкі ЗША, сэнатар-рэспубліканец Джон Маккейн меў бы ўсе шанцы заняць пасаду прэзыдэнта Злучаных Штатаў, калі б выбары праходзілі цяпер. У якасьці галоўнага суперніка Маккейна большасьць амэрыканцаў называе сэнатара ад дэмакратычнай партыі Гілары Клінтан.

Пра дачыненьні гэтых палітыкаў пішуць "New York Times", "Boston Globe" ды іншыя амэрыканскія выданьні.

Паводле "Boston Globe", калі Гілары Клінтан возьме ўдзел у выбарчай барацьбе супраць Джона Маккейна, абое яны, магчыма, згадаюць сваё мінулае спаборніцтва, праўда, не за галасы выбарнікаў, а ў колькасьці выпітых кілішкаў гарэлкі. Гэта адбылося ў 2004 годзе ў часе візыту дэлегацыі амэрыканскіх сэнатараў у краіны Балтыі. У свой час гэтая паездка мела даволі шырокі розгалас у сьвеце, аднак у зьвязку зь іншай нагодай. Выступаючы ў Рызе, аўтар “Акту аб дэмакратыі ў Беларусі” Джон Маккейн заявіў, што “ЗША будуць змагацца за вызваленьне Беларусі ад тыраніі”. Сэнатар-рэспубліканец упершыню выклаў афіцыйнае стаўленьне ЗША да рэжыму Лукашэнкі. Амэрыканскія выданьні згадваюць, што тады ў Рызе Маккейн даволі стрымана выказваўся на тэму сваіх прэзыдэнцкіх амбіцыяў.

Газэты таксама прыводзяць некаторыя іншыя дэталі паездкі сэнатараў па краінах Балтыі. У Эстоніі да дэлегацыі далучылася Гілары Клінтан. Паводле "New York Times", менавіта яна стала ініцыятаркай спаборніцтва ў колькасьці выпітай гарэлкі.

Аўтары публікацыяў не называюць пераможцы спаборніцтва. Як піша "Boston Globe", у атачэньні МакКейна прэсе не далі ніякіх камэнтароў. Што да прэсавага аташэ Гілары Клінтан, то ён у размове з журналістамі быў кароткі: “Тое, што адбылося ў Эстоніі, тое засталося ў Эстоніі”.

Паводле друку, сэнатары маюць узаемную сымпатыю. Маккейн неаднойчы называў Гілары Клінтан “сваім хлопцам”. Нягледзячы на прыналежнасьць да розных партыяў, яны вельмі цесна супрацоўнічалі ў сэнацкай камісіі, маюць агульныя пазыцыі ў шэрагу пытаньняў: ад узбраеньняў да кліматычных зьменаў.
XS
SM
MD
LG