Лінкі ўнівэрсальнага доступу

16 гадоў таму ў СССР пазбавіліся цэнзуры


Радыё Свабода 16 гадоў таму ў Савецкім Саюзе прынялі закон аб пазбаўленьні цэнзуры. Тады, у 1990-м, на хвалях перабудовы зьявіліся першыя незалежныя выданьні. Спачатку ў Маскве. Напрыклад, газэта "Коммерсантъ", тэлепраграма "Взгляд"... Вольныя мэдыі пачалі ўзьнікаць і ў Беларусі: "Навіны БНФ" ("Свабода"), "Белорусский рынок", "Свободные новости", "Биржи и банки" ("БДГ")

Здавалася, ва ўмовах адсутнасьці цэнзуры мэдыі змогуць разьвівацца ў плыні эўрапейскага журналізму. Тым больш і сёньня афіцыйна лічыцца, што ні ў Расеі, ні ў Беларусі цэнзуры няма.

Кіраўнік Расейскага цэнтру экстрэмальнай журналістыкі Алег Панфілаў узгадвае, што адмену цэнзуры журналісты ўспрынялі зь вялікім натхненьнем. Гэта дазволіла ім асьвятляць забароненыя раней тэмы, прыкладам, дзейнасьць кампартыі, спэцслужбаў, крымінальную й наноў адкрытую для савецкіх людзей сэксуальную тэматыку... Але даволі хутка высьветлілася, лічыць спадар Панфілаў, што зьнікла толькі дзяржаўная ўстанова, якая забараняла друкаваць тыя ці іншыя матэрыялы, так званы Глаўліт. Аднак ён насамрэч быў толькі верхавінай айсбэргу:

(Панфілаў: ) "Засталося тое ж самае адчуваньне залежнасьці журналістаў ад улады. І самае галоўнае – улада лічыць, што журналістыка ў Расеі ад яе абавязкова залежыць. Таму й захаваліся такія дзіўныя адносіны ўлады з журналістыкай".

Алег Панфілаў цьвердзіць: цягам апошніх шасьці гадоў у Расеі разьвіліся ня менш за тры віды цэнзуры:

(Панфілаў: ) "Першы – гэта самацэнзура, калі журналіст баіцца друкаваць нейкую інфармацыю, бо пасьля пачнецца юрыдычны перасьлед. Другі – гэта ўнутрырэдакцыйная цэнзура, калі ўжо кіраўнікі мэдыяў баяцца друкаваць штосьці. І нарэшце, гэта – цэнзура гаспадара".

Беларускі журналіст Раман Якаўлеўскі, які пачынаў сваю прафэсійную дзейнасьць менавіта на пачатку перабудовы, адзначае, што цяперашняя недзяржаўная журналістыка ў Беларусі цалкам экстрэмальная.

(Якаўлеўскі: ) "Адрозна ад расейскіх мэдыяў у беларускіх – гаспадар адзін. І ўсе яго ведаюць. Калі ж мы гаворым пра цэнзуру рэдактара і самацэнзуру, дык яны таксама прысутнічаюць у беларускай журналістыцы, асабліва пасьля сэрыі вядомых судовых працэсаў".

Спадар Якаўлеўскі мае на ўвазе тыя гучныя справы, што прывялі да закрыцьця газэт "Свабода" і "Наша свабода" пасьля зыскаў да гэтых выданьняў адпаведна Віктара Шэймана й Анатоля Тозіка. Пасьля быў прыпынены шэраг іншых дэмакратычных выданьняў.
XS
SM
MD
LG