Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прафэсар Юры Бандажэўскі шукае ў Францыі навуковую працу


Радыё Свабода Агляд некаторых публікацыяў у недзяржаўным друку

“Народная воля” друкуе інтэрвію пад загалоўкам “Чаму прафэсар Юры Бандажэўскі зьехаў у Францыю?”. Былы рэктар Гомельскага ўнівэрсытэту паведаміў, што зараз у яго вельмі напружаны пэрыяд. Каб працягваць ранейшыя дасьледаваньні за мяжой, яму, цытую, “неабходна ўсталяваць навуковыя кантакты й знайсьці фінансавую падтрымку”.

Спэцыяльны рэпартаж “Народнай волі” адлюстроўвае разьвіцьцё менскага пасёлку Мядзьвежына. Газэта называе яго беларускай Швайцарыяй. Паведамляецца, што сярэдні кошт адной забудовы – 250 мільёнаў рублёў. “Праз вокны ў некаторых дамах бачныя пакоі, дзе можна сьмела катацца на ровары”, сьцьвярджае “Народная воля”. Газэта абяцае даведацца, для каго узводзяць мураваныя замкі.

Памяці Янкі Брыля прысьвечаныя артыкулы ў “Народнай волі” Рыгора Барадуліна, Святланы Кліменценка, Міколы Дзелянкоўскага, Уладзімера Някляева.

«Комсомольская правда в Белоруссии» выносіць у загаловак навіну, што “Каля 50 беларусаў засталіся на вайне ў Лібане”. Паводле афіцыйных зьвестак, нібыта ўсе яны затрымліваюцца ў зоне канфлікту па ўласным жаданьні. Аднак журналістам удалося адшукаць і тых, хто спрабуе вырвацца ў Беларусь.

Ці выканае тэнісіст Уладзімер Валчкоў загад Аляксандра Лукашэнкі атрымаць мэдаль на алімпіядзе ў Кітаі? Паводле “Комсомольской правды в Белоруссии”, спартовец цяпер мае адну паразу за другой. На днях, як піша выданьне, на турніры ў Тальяці беларус саступіў расейцу Зьміцеру Сітаку – 748-й ракетцы паводле ўсясьветнага рэйтынгу.

“Бобруйский курьер” працягвае адсочваць падрыхтоўку гораду да фэсту “Дажынкі”. Журналісты даведаліся, што зараз на аб”ектах працуюць 10 тысяч будаўнікоў з усей краіны. Неверагодна, канстатуе выданьне, але закансэрваваны на 20 гадоў гатэль “Турыст” павінен быць дабудаваны й атрымаць вышэйшую катэгорыю – пяць зорак.
XS
SM
MD
LG