Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каму выгаднае абмежаваньне гандлю замежнымі таварамі?


Радыё Свабода Міністэрства гандлю склала сьпіс замежных тавараў, увоз якіх у Беларусь плянуецца абмежаваць. Перадусім скарачаецца імпарт абутку, электратавараў, дываноў, посуду, вырабаў з плястмасы. Чыноўнікі ведамства спасылаюцца на распараджэньне кіраўніка ўраду Сяргея Сідорскага абмежаваць “немэтазгодны імпарт” з мэтай абароны айчыннага вытворцы. Як да гэтага ставяцца ў дзяржаўным і прыватным гандлі?

Законапраект пра абмежаваньне імпарту на шэраг тавараў афіцыйна яшчэ не прыняты, але ў сыстэме гандлю пра яго ўжо добра ведаюць. Пракамэнтаваць урадавую пастанову кіраўніцтва ў большасьці буйных менскіх унівэрмагаў адмаўляюцца. Толькі на ўмовах ананімнасьці пагадзіўся выказаць сваё меркаваньне загадчык аддзелу побытавай тэхнікі адной з такіх крамаў.

(Загадчык: ) “Калі ўвоз забароняць ці абмяжуюць, то гэта істотна паўплывае на таваразварот любога прадпрыемства. Павінна быць у продажы і айчынная, і замежная тэхніка. Айчынныя прадпрыемствы павінныя падвышаць якасьць сваёй прадукцыі, толькі тады яны будуць канкурэнтаздольныя. А гэтыя абмежаваньні –толькі мінус для крамы, бо людзі пойдуць на чорныя рынкі, дзе будуць усе гэтыя тавары, як шэрыя сотавыя тэлефоны, і гэтак далей”.

Забарону на ўвоз шэрагу імпартных тавараў у прадпрымальніцкім асяродку называюць чарговым крокам у зьнішчэньні дробнага бізнэсу. Але гэтым разам, акрамя прыватнага гандляра, пацерпіць і пакупнік, лічыць прадпрымальнік Аляксандар Макаеў.

(Макаеў: ) “Гэта ўжо абмежаваньне права на выбар насельніцтва як таннага тавару з азіяцкіх краінаў, гэтак і дарагога з краінаў Заходняй Эўропы. Гэта можа стварыць чарговы дэфіцыт, чарговы блат. Такое рашэньне, калі яно будзе канчаткова прынятае, гэта будзе праблема ня толькі прадпрымальніка, але й спажыўца”.

А вось што гаворыць пра пляны абмежаваць увоз тавараў замежнай вытворчасьці намесьнік старшыні грамадзкай арганізацыі прадпрымальнікаў “Пэрспэктыва” Анатоль Дзьмітровіч:

(Дзьмітровіч: ) “Па-першае, тут недакладна разгледжанае пытаньне: ці хопіць у нас рэсурсаў выпускаць тавары ў дастатковай колькасьці. Да прыкладу, абутку айчынная прамысловасьць выпускае 8-10 мільёнаў параў за год, а патрэбна 30 мільёнаў. Дзе яны дабяруць гэтых 20 мільёнаў? Па-другое, гарбаты, кавы, аўдыякасэт, тэлефонаў краіна не выпускае. Хутчэй за ўсё, гэта адкрытая падтрымка інтарэсаў фірмаў пэўных краінаў. А за імі стаяць чыноўнікі, якія лабіююць інтарэсы гэтых фірмаў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG