Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Збор чарніц на экспарт дапамагае выжываць сем''ям Гомельшчыны


Радыё Свабода 65 тон лясных чарніц адгрузіў на экспарт у Літву і Польшчу Гомельскі аблспажыўсаюз. Усяго за сэзон спажывецкая каапэрацыя плянуе накіраваць у замежныя краіны 400 тон ягад і зарабіць на гэтым звыш 1 мільёна эўра.

Радыяцыя не зьяўляецца перашкодай ў эспартаваньні чарніц. Гаворыць начальнік управы нарыхтовак аблспажыўсаюзу Васіль Віньнікаў:

(Віньнікаў: ) “Праблем не існуе. Патрабаваньні да радыяцыйнага забруджваньня ягад тых краінаў, зь якімі мы заключылі кантракты, – 400 бекерэляў на кіляграм. Чарніцы яны бяруць з узроўнем забруджваньня 400 бекерэляў”, – сказаў кіраўнік нарыхтоўчай управы аблспажыўсаюзу Васіль Віньнікаў.

Лагодныя патрабаваньні да радыяцыйнай заражанасьці чарніц і добры кошт – 5 тысячаў рублёў за кіляграм – падахвоцілі жыхароў рэгіёну. У лес яны накіроўваюцца цэлымі сем''ямі.

Гаворыць жыхарка вёскі Мілашэвічы Лельчыцкага раёну спадарыня Валянціна:

(Валянціна:) “Гэта цяжкая праца, але ж і заробак ёсьць. Сем''ямі многія зьбіраюць”.

Пра тое, які заробак за дзень можа мець сям''я, калі выпраўляецца ў лес па ягады ўпяцёх, распавядае жыхарка вёскі Букча:

(Жанчына: ) “Сям''я зь пяці чалавек тысяч 350 за дзень заробіць.У гэтым годзе далі добрую цану на чарніцы. Па 5 тысячаў рублёў чарніцы былі пастаянна”.

У вёсцы Дзяржынск таго ж Лельчыцкага раёну ёсьць сём''і, дзе зборам чарніц займаюцца па 10-12 чалавек. Збор ягадаў, грыбоў зьяўляюцца галоўнай крыніцай існаваньня такіх сем''яў.

Зрэшты, гэты занятак корміць і большасьць вяскоўцаў.

(Васіль:) “Адзін калгас – людзям няма працы ў калгасе. Куды дзецца? Людзям жыць трэба!”, – кажа зборшчык ягадаў з вёскі Дзяржынск Лельчыцкага раёну спадар Васіль.
XS
SM
MD
LG