Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Працягваецца суд на актывістамі “Партнэрства” (абноўлены, фота)


Любоў Лунёва, Менск У судзе Цэнтральнага раёну Менску аднавіўся суд над актывістамі незарэгістраванай арганізацыі “Партнэрства”. Эніру Браніцкую, Міколу Астрэйку, Аляксандра Шалайку й Цімафея Дранчука абвінавачваюць у кіраваньні арганізацыяй, якая парушае правы і інтарэсы грамадзянаў. Ад 21 лютага апазыцыянэраў трымаюць пад вартай. Суд праходзіць за зачыненымі дзьвярыма.

Зранку каля будынку суду Цэнтральнага раёну Менску на вуліцы Багдановіча сабралася некалькі дзясяткаў чалавек. Сярод іх – сваякі арыштаваных актывістаў “Партнэрства”, а таксама прадстаўнікі моладзевага дэмакратычнага руху й апазыцыйных партый. Маці Міколы Астрэйкі прыйшла задоўга да пачатку суду. Яўгенія Астрэйка бачыла, як з “аўтазаку” выводзілі ейнага сына зь сябрамі. Яна запэўніла “Свабоду”, што будзе прыходзіць на кожнае судовае паседжаньне й заставацца тут, пакуль яно ня скончыцца.

(Астрэйка: ) “Пабачыла дзяцей. Эніра сёньня ўжо была без кайданкоў. Гэта вельмі парадавала. Яна нават памахала нам рукой. Астатнія нашы дзеці былі ў кайданках, але ім дазвалялі павярнуць галаву й паглядзець на нас… Усё роўна цяжка. Я разумею, што нічым не дапамагу, але буду прыходзіць кожны дзень, пакуль хопіць сіл. Буду стаяць да канца”.

Судзьдзя Леанід Ясіновіч сёньня апытваў сьведкаў з боку абвінавачаньня. Крымінальная справа супраць актывістаў “Партнэрства” налічвае паказаньні як мінімум 20 сьведак. Арыштаваныя й іх абаронцы, паводле Крымінальна-працэсуальнага кодэксу, маюць права задаваць ім свае пытаньні.

Цяжарныя Вера Шалайка й Паліна Астрэйка пабылі ля будынку суду з раніцы, а затым сышлі дахаты. Сваякі арыштаваных вырашылі, што жанчынам ня варта стаяць на ходніку побач з дарогай, дзе ўвесь час на сьветлафор спыняюцца аўтамабілі й грамадзкі транспарт. Тым больш, што спэцназаўцы нікому не дазвалялі стаяць насупраць вокнаў судовай залі.

Эніра Браніцкая, Мікола Астрэйка, Аляксандар Шалайка й Цімафей Дранчук напачатку суду праз жалюзі на вокнах бачылі сабраных на вуліцы. Бацька Цімафея, Валер Дранчук, лічыць, што ягоны сын з паплечнікамі адчуваюць праявы салідарнасьці.

(Дранчук: ) “Перш наперш, гэта маральная падтрымка. Папросту, калі ў такіх умовах судзяць твайго сына, быць дома й займацца нечым немагчыма. Я думаю, што гэта ня проста бацькоўскае пачуцьцё, але й грамадзянскае. Бо, апроч майго сына, тут судзяць ягоных таварышаў, ягоных сяброў. Я думаю, што празь сьцены яны адчуваюць нашу падтрымку”.

Сваякі арыштаваных заўважылі, што да абеду апыталі толькі трох сьведак, яшчэ двух – пасьля. Такім чынам, разгляд крымінальнай справы, з улікам перапынкаў, можа зацягнуцца на некалькі тыдняў. Суд працягнецца заўтра, 1 жніўня.


Маці Міколы Астрэйкі Яўгенія Астрэйка (зьлева) і бацька Цімафея Дранчука Валер Дранчук (зправа) перад будынкам суду
XS
SM
MD
LG