Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выйшла энцыкляпэдыя “222 альбомы беларускага року й ня толькі”


Галіна Абакунчык, Менск У Беларусі выйшла з друку кніга “222 альбомы беларускага року й ня толькі”. Аўтары выданьня – музычныя журналісты-крытыкі Вітаўт Мартыненка й Анатоль Мяльгуй. Кніга цалкам прысьвечана беларускім выканаўцам і зьяўляецца першым энцыкляпэдычным даведнікам з гісторыі выданьня беларускіх музычных альбомаў.

У кнігу ўвайшлі публікацыі розных гадоў, што друкаваліся ў айчыннай і замежнай пэрыёдыцы і былі прысьвечаныя кожнаму з музычных альбомаў. Сярод іншага тут – рэцэнзія на альбом гурту “Неруш”, які выйшаў у Нарвэгіі, аналітыка зборнікаў “Песьняроў”, сьпевака Багдана Андрусішына (Данчыка), а таксама рэцэнзія на кампакт-дыск “Быкаў на Свабодзе”, у якім зьмешчаны выступы Васіля Быкава на Радыё Свабода. Чаму кніга атрымала назву “222 альбомы беларускага року й ня толькі”, тлумачыць адзін з аўтараў выданьня – Вітаўт Мартыненка.

(Мартыненка: ) “Гэта погляд на сьвет праз прызму року. Мы – рокеры. Але гэта не азначае, што мы адпрэчваем любую іншую музыку – эстрадную, бардаўскую, папсу нават. Тут ёсьць усё, што створана па-беларуску. Прычым, і дыскі, якія выдаваліся ў Нарвэгіі, Польшчы, Францыі, ЗША й, натуральна, у Беларусі. Рэдка які альбом не патрапіў у кнігу”.

Паводле спадара Мартыненкі, першапачаткова плянавалася, што кніга будзе называцца “Сто альбомаў беларускага року”. Але падчас укладаньня даведніка высьветлілася, што альбомаў беларускай музыкі ня 100 й нават ня 150, а больш за 200. Таму й было вырашана спыніцца на назьве “222 Альбомы беларускага року”.

Акрамя таго, кніга цікавая й з гледзішча лінгвістычнага. Кажа Вадзім Александровіч, які браў удзел у падрыхтоўцы выданьня:

(Александровіч: ) “Акрамя музыказнаўчага кантэксту, гэтая кніга робіць пэўны ўнёсак у разьвіцьцё й мовазнаўства. Бо гэта й спроба мовазнаўчай рэканструкцыі таго, што мусіла быць, але чаго, на жаль, няма. Частка артыкулаў тут пададзена лацінкавай abc-дай”.

Першае выданьне кнігі, якая мела назву “Праз рок-прызму”, аўтары падрыхтавалі яшчэ ў сярэдзіне 1980-х. Але савецкая цэнзура забараніла выданьне, і зборнік здолеў пабачыць сьвет у 1989 у Нью-Ёрку. Цяпер энцыкляпэдычны даведнік дапоўнены новымі старонкамі – адзначае адзін з выдаўцоў і аўтар ўступнага слова Віталь Супрановіч.

(Супрановіч: ) “Кніга ўтрымлівае гісторыю беларускай музыкі ў плякатах, ад першых рок-канцэртаў да "Басовішча" й сучасных канцэртаў. Гэта беларускі каляндар, у якім пазначаны дні народзінаў вядомых і маладых музыкаў, культурных дзеячоў. Чытаючы гэтую кнігу, можна адсачыць усю гісторыю беларускай музыкі”.

Як паведамілі выдаўцы, кніга “222 Альбомы беларускага року й ня толькі” выйшла накладам 2 тысячы асобнікаў. Яе можна набыць у кнігарнях Менску. Прэзэнтацыя выданьня заплянавана на восень.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG