Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Вось разьбіўся спадарожнік. А Лукашэнка нават вухам не павёў. Лепш бы гэтыя грошы ён пусьціў на жабракоў, на пэнсіянэраў".


Радыё Свабода Водгукі слухачоў за панядзелак, 31 ліпеня. Круглыя суткі вы можаце тэлефанаваць па менскім нумары 290-39-52 і пакідаць свае водгукі на нашым аўтаадказьніку, а таксама дасылаць СМС-паведамленьні па нумары 391-22-24.

(Ларыса, пэнсіянэрка зь Менску: ) “Пытаючыся, палепшылася ці пагоршылася наша жыцьцё за апошнія 12 гадоў, вы маеце на ўвазе час знаходжаньня Лукашэнкі ва ўладзе. Апытаньне пэнсіянэраў у горадзе Гомелі красамоўна паказала, што пэнсіянэраў наша ўлада падзяліла на дзьве часткі: на тых, хто здавальняецца тым, што ім далі, каб яны асабліва не разьлічвалі на большае, і на тых, хто дастойны атрымліваць пэнсію ў два-тры разы большую. Такім чынам, атрымліваецца 50 на 50. Гэта наконт пэнсіянэраў. А наконт нашых дзяцей тое самае. Заробкі на прадпрыемствах значна меншыя, чым у недзяржаўных установах. Там таксама 50 на 50. І калі ў “Праскім акцэнце” Фядута і Шарамет казалі, што ніколі так добра беларусы не жылі, дык цікава, якую частку нашых грамадзян яны мелі на ўвазе. У наступны раз хай патлумачаць – цікава. Асабіста пра сябе адкажу. Адпрацавала амаль 40 гадоў інжынэрам у канструктарскім бюро і ў той час жыла лепей, чым цяпер”.

“Хачу павіншаваць маці Казуліна з народзінамі. Яна мая равесьніца, мне таксама споўнілася 74 гады. Жадаю ёй здароўя і яшчэ доўгіх гадоў жыцьця. Сын яе будзе на свабодзе. Яму таксама жадаю здароўя. Гэта ж трэба быць такімі жорсткімі, каб не дазволіць спатканьне з сынам! Я вельмі спачуваю, бо ў такім становішчы была мая сям’я 54 гады таму, калі нам не дазволілі спатканьне з бацькам, які быў асуджаны несправядліва. Таму відавочна, што ў праваахоўных органах мэтады, на жаль, не зьмяніліся. Але тады час быў больш жорсткі. Трэба, каб зараз яны перагледзелі свае погляды і сталі больш чалавечнымі”.

“У нас на дзяржаўным радыё, на жаль, няма адкрытага мікрафону, празь які людзі выказалі б свае прапановы, каб самі людзі, я маю на ўвазе пэнсіянэраў, маглі палепшыць сваё жыцьцё. Таму ад нейкай часткі пэнсіянэраў магу ўнесьці прапанову праз Радыё Свабода. Магчыма, тыя з кіраўнікоў, якія слухаюць “Свабоду”, я не сумняваюся, што ёсьць такія, могуць дапамагчы нам, не ўкладаючы ў гэта ніякіх сродкаў. Мы і зараз на Ждановіцкім рынку, на так званым “Полі цудаў”, прадаём тыя рэчы ў добрым стане, якія застаюцца ад нашых унукаў і дзяцей. Прадаём іх па нізкіх цэнах, і людзі купляюць. Цяпер нам не дазваляюць гэта рабіць, бо няма зямлі. А нам трэба кавалак зямлі каля рынку, і каб з нас ня бралі падатак. Мы гандлюем у суботу і нядзелю і маем ад гэтага продажу ў суме 5-10 тыс. За месяц атрымліваем па 50 тысяч. Для нас, пэнсіянэраў, гэта вялікія грошы. Хто нам можа дапамагчы? Можа, хто зь кіраўнікоў адгукнецца на нашу прапанову. Гандлюем мы зь зямлі. Нам нічога ня трэба. Мы выкладваем цэляфан і на яго свае рэчы. Вось, дапамажыце нам.”

(Козік Вадзім, зь Петрыкаўскага р-ну Гомельскай вобл.: ) “Добры дзень, Радыё Свабода! Хачу зьвярнуцца да вашых слухачоў. Усе вы былі сьведкамі, як спадарожнік "БелКА" спыніў сваё існаваньне. Гэта значыць, што Бог ёсьць і не дазволіць Лукашэнкаўскім спэцслужбам ажыцьцявіць свае дыктатарскія пляны. Гэта іх параза, таму што ўсе спадарожнікі выкарыстоўваюцца ў ваенных мэтах. Няхай людзі памятаюць, што мы нікому не дазволім на нашай сьвятой беларускай зямлі ажыцьцяўляць зьверскія, фашыстоўскія пляны”.

(Спадар: ) “Вось разьбіўся спадарожнік. А Лукашэнка нават вухам не павёў. Лепш бы гэтыя грошы ён пусьціў на жабракоў, на пэнсіянэраў. І яшчэ хоча запускаць. Яму добра мільярды ўкладваць, а народу жабрацкаму толькі на булён хапае. Вось я хворы і не магу нават размаўляць пасьля інсульту. Няхай і яму, нягодніку, такі будзе інсульт. Ён жа ня думае пра народ, а пра спадарожнікі, пра вайну”.

(Лебедзь Мікалай з Салігорску: ) “Паважаная, “Свабода”! За 12 год праўленьня Лукашэнкі я згубіў сваю непаўналетнюю дачку Лебедзь Веру Мікалаеўну. Яе забілі ў Карэліцкім раёне Гарадзенскай вобласьці. Самае галоўнае, што асобныя супрацоўнікі праваахоўных органаў найвышэйшага рангу не расьсьледуюць справу, а закрываюць на гэта вочы. Я не адзін такі. Людзі едуць на сустрэчу з прэзыдэнтам і спадзяюцца на справядлівасьць, а ён іх не прымае, і яны вяртаюцца ў роспачы ад прэзыдэнта. Калі я пабываў два разы ў рэзыдэнцыі прэзыдэнта наконт забойства сваёй непаўналетняй дачкі, прадставіў доказы судовай фальсыфікацыі і не атрымаў ніякай падтрымкі, я зразумеў, што ўсе перадвыбарчыя абяцаньні Лукашэнкі пра будучыню нашых дзяцей і ўнукаў – гэта пустая балбатня, разьлічаная на наіўных людзей. І цяпер, калі на экране тэлевізара зьяўляецца Лукашэнка, я выключаю тэлевізар. Дзякуй за ўвагу”.

(Спадарыня з Магілёву: ) “За ўсе пакуты, за ўсю злараднасьць над апазыцыяй, над кандыдатамі на прэзыдэнта, над актывістамі, за арыштаваных, за зьняволеных Лукашэнку і яго паплечнікам адпомсьціў лёс. Занадта высока хацелі заляцець, пахваліцца, стаць касьмічнай дзяржавай. 10 мільёнаў даляраў не даплачана да дзіцячай дапамогі, да мізэрных пэнсій…З-за грошай, якія хочуць адабраць, тры тыдні галадаюць кіроўцы таксовак. У гэтай катэгорыі можна адабраць – адстрэльвацца няма чым. Дзеткам і старым можна не даплачваць – і так слабыя. А чаму не ўзяць на спадарожнікі грошы зь кішэні Лукашэнкі і яго асяродзьдзя?! Перш чым думаць пра спадарожнікі, трэба забясьпечыць нармальнае жыцьцё, жабрацтвам даведзенаму да адчаю, беларускаму народу. Лукашэнка, трэба мець сумленьне. На сваю эгаістычную задумку 10 мільёнаў даляраў не пашкадаваў. Не дарма кажуць: чым бы дзіця ня бавілася, абы ня плакала. Яму забава, а народу жабрацтва”.

“Што такое незалежнасьць Рэспублікі Беларусь? Гэта сяброўскае, мірнае стаўленьне да суседніх краінаў, свабодны узаемны рух людзей, тавараў, грошай з эўрапейскімі краінамі. Незалежнасьць – гэта калі ва ўладзе няма ніякіх рэжымаў, дыктатараў. Гэта сумленныя свабодныя дэмакратычныя выбары, няма ніякіх перасьледаў, палітзьняволенных, свабодны друк, тэлебачаньне. Незалежнасьць – гэта дзяржаўная палітыка, якую паважае і падтрымлівае большасьць краін сьвету. Нават пытаньня не павінна ўзьнікаць, ці патрэбна нам такая незалежнасьць. Адназначна патрэбна”.

“Выкажу сваё меркаваньне. Лукашэнка паставіў кропку, калі сказаў, што завяршыў будаўніцтва незалежнасьці Рэспублікі Беларусь. Тым самым ён прылюдна прызнаў, што ён больш нічога ня можа зрабіць. Пра незалежнасьць Беларусі сьведчыць толькі тое, што мы маем свае грошы. За 12 год палітыкі Лукашэнкі ў бок незалежнасьці, ён вырашыў толькі адно пытаньне. Гэта беларускія грошы, якія не прызнаюцца, не мяняюцца нідзе. Таму палітыкі ніякай і не было. Як палітык ён, мякка кажучы, ужо даўно не жывы. Ён нікому не патрэбен, ніхто да яго ня едзе, ніхто не запрашае. Толькі Вэнэсуэла, Куба ды яшчэ там нешта… Як субяседнік ён нецікавы. Ніхто ня хоча пераймаць яго досьвед, не патрэбныя яго мэтады кіраўніцтва, што трымаюцца на ілжы і падмане. Так што прыйшоў час для Лукашэнкі пакінуць пасаду прэзыдэнта, бо яна пад сілу толькі жывому палітыку”.

(Васіль Цюхай зь Беразіна: ) “Добры дзень. У Лукашэнкі дурное вока, ён сурочыць усё, на што толькі гляне. Калі прыйдзе на футбольны мач, наша каманда прайграе; паназірае за запускам ракеты, ракета разаб’ецца; калі ён глядзіць на вас, нават праз экран тэлевізара, і тады ён сурочвае ваш дом і вашую сям’ю. Хто ведае Лукашэнку асабіста ці сустракаўся зь ім, я думаю, можа ўзгадаць безьліч прыкладаў Лукашэнкавых сурокаў. У забойцы, злодзея і хлуса і аўра адпаведная. Я паслухаў “Экспэртызу” пра спадарожнік і заўважыў, што ў асяродку сучасных адукаваных людзей не прынята гаварыць пра сурокі. Але і простыя людзі, і інтэлектуалы ведаюць, што гэта рэчаіснасьць. Біблія: “Я глядзеў на гэтыя рогі, і вось выйшаў паміж імі яшчэ невялікі рог. І тры папярэднія рогі з коранем выдаленыя былі перад ім. І вось у гэтым рогу былі вочы, як вочы чалавечыя, і вусны, якія гавораць высакамерна”. Кніга прарока Данііла 7 і 8 разьдзел. “Напрыканцы ўладарства іхняга, калі адступнікі напоўняць сьвет беззаконьнем сваім, паўстане цар нахабны і мастак у каварстве. І ўмацуецца сіла ягоная, хаця і не яго сілай. Ён будзе рабіць вялізныя спусташэньні і пасьпяваць, і дзейнічаць, і губіць моцных і народ сьвятых. І пры розуме ягоным і каварства будзе мець посьпех у руцэ ягонай. І сэрцам сваім прыўзьнясецца, і сярод міру згубіць многіх. І супраць Уладара ўладароў паўстане. Але будзе зьнішчаны не рукою”.

(Спадарыня: ) “Прывітаньне, шаноўная “Свабода”! Я наконт незалежнасьці Беларусі. Яна павінна быць незалежная толькі ад Расеі. Калі Эўропа будзе прапаноўваць нам пайсьці да яе, то мы згодныя, але толькі не да Расеі. Я сёньня чула, яны падымаюць цэны на газ. Я думаю, што Лукашэнка растрачвае грошы там, дзе ня трэба. А лепей за тыя грошы зрабіць электрапліты для людзей, тады будзе выгадна, я так думаю. Дзякую вам за ўвагу”.

(Спадарыня: ) “Частушка “Бабка і "БелКа”: Бабка "БелКі" шкадавала, тая коштам у мільён, хай бы ж нам дапамагала з космасу лічыць варон. Дзякуй.”

(Спадарыня: ) “Прывітаньне, паважаная “Свабода”! Хачу адказаць на пытаньне тыдня. У лепшы бок за 12 гадоў нічога не зьмянілася. Кветачкі абапал дарог – гэта не паказчык дабрабыту, таксама як і манумэнтальныя і малапатрэбныя пабудовы, якія, да таго ж, не па кішэні простым людзям, тым больш што ўсё гэта робіцца за грошы, выцягнутыя з гэтых людзей. Народ адкрыта спойваюць – адразу шмат ільгот дзяржаве: і заробленыя грошы беларус вяртае назад у дзяржаўную касу праз пойла, і п’янаму няма ніякай справы да таго, што робіцца навокал, і да пэнсіі ён не дацягне, ня трэба будзе яго ўтрымліваць. Хто можа і дзе можа, крадзе. Краіна коціцца ў бездань на вачах. Да пабачэньня”.

(Жыхарка Фрунзэнскага раёну г. Менску: ) “Паважаныя супрацоўнікі Радыё Свабода! Скажыце, калі ласка, маёмасьцю якой дзяржавы лічацца цэрквы, пабудаваныя на тэрыторыі Беларусі? Бо ў будаўніцтве гэтых цэркваў удзельнічае і наша дзяржава. У газэце “Ва банк” я прачытала, што менчукі падчас веснавога суботніку зарабілі 600 мільёнаў рублёў. І гэтыя грошы пойдуць на добраўпарадкаваньне тэрыторыі цэрквы, што знаходзіцца на праспэкце Пераможцаў. А ці ня больш мэтазодна іх накіраваць на водазабесьпячэньне Фрунзэнскага і Маскоўскага раёнаў, бо мы п’ем воду з адкрытага вадаёму Віліі? Хто паклапоціцца пра нашае здароўе і наш дух?”

(Спадар: ) “Лукашэнка, вярні народу грошы і ўклады пэнсіянэрам, якім ўжо мала засталося жыць. Усё роўна твая “вавёрка” разьбілася”, і ганьба табе разам з тваімі лукашыстамі. Бог ёсьць на сьвеце, і сьлёзы адпомсьцяцца. Гэта табе не на лыжах ролікавых зь дзецьмі па Менскіх вуліцах катацца. І хутка настане час, што ты будзеш там, дзе і твая вавёрка разьбілася за народныя сьлёзы”.
XS
SM
MD
LG