Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БТ ў палітычнай праграме паказала гомасэксуальны акт


Ганна Соўсь, Менск У палітычнай праграме беларускага тэлебачаньня “Ў цэнтры ўвагі”, у сюжэце, датычным падазрэньня ў распаўсюдзе порнапрадукцыі латвійскім дыпляматам, быў прадэманстраваны полавы акт паміж мужчынамі.

Нагадаем, што на мінулым тыдні быў праведзены ператрус у кватэры другога сакратара амбасады Латвіі, у выніку якога канфіскаваны асабістыя рэчы дыплямата. У сувязі з гэтым зьнешнепалітычнае ведамства суседняй краіны заявіла пратэст, і тады ж міністар замежных спраў Латвіі Арціс Пабрыкс заявіў: гэта “быў ня толькі напад на дыплямата, але й на нашу краіну”.

28 ліпеня міністар унутраных спраў Беларусі Ўладзімер Навумаў паведаміў, што латвійскага дыплямата падазраюць у распаўсюдзе парнаграфічнай прадукцыі.

А ў нядзелю ўвечары беларускае тэлебачаньне прадэманстравала запісаныя схаванай камэрай фрагмэнты полавага акту двух мужчын (у іх былі заштрыхаваны твары й полавыя органы). Карэспандэнты БТ сьцьвярджаюць, што адзін з герояў сюжэту – другі сакратар амбасады Латвіі Рэймас Шмітц.

Паводле юрыста й праваабаронцы Валянціна Стэфановіча, факт гэткага тэлевізійнага паказу ёсьць наўпростым умяшаньнем у прыватнае жыцьцё.

(Стэфановіч: ) “Калі гэта не зьяўляецца крымінальным злачынствам, то значыць, нашы ўлады груба парушаюць прынцыпы неўмяшаньня ў прыватнае жыцьцё, у тым ліку й замежнага дыплямата. Мне цяжка камэнтаваць тое, што сказаў Навумаў. Магчыма, у іх ёсьць нейкая інфармацыя наконт таго, што спадар Шмітц сапраўды распаўсюджваў парнаграфічныя касэты ці што іншае. Але я дапускаю, што гэта магла быць звычайная правакацыя ў стылі беларускага тэлебачаньня. Тое, што мы неаднаразова бачылі й падчас падзеяў на Плошчы. Цяпер гэта іхныя ўлюбёныя тэмы – гомасэксуалізм, наркаманія – і дыскрэдытацыя такім чынам ня толькі тутэйшых дэмакратычных актывістаў, але й замежных дыпляматаў. А тое, што ўпотай запісалі чалавека й паказалі па ўсёй краіне, – зусім дзікунства”.

Як паведамілі Радыё Свабода ў Міністэрстве замежных спраў Латвіі, у блізкім часе будзе зробленая заява ў сувязі зь нядзельным сюжэтам Беларускага тэлебачаньня.

Варта прыгадаць падобную сытуацыю, якая здарылася летась з супрацоўнікам чэскага пасольства ў Беларусі Паўлам Кшываглавым. Беларускія праваахоўныя органы абвінавацілі яго ў разбэшчваньні непаўнагадовых, схіленьні іх да гамасэксуальнай сувязі. Спадар Кшываглавы пакінуў Беларусь. Як нам стала вядома з крыніцаў у МЗС Чэхіі, працоўны кантракт чэскага зьнешнепалітычнага ведамства скончыўся 1 студзеня гэтага года і ня быў працягнуты.
XS
SM
MD
LG