Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэмакратычныя прафсаюзы гатовыя дыскутаваць з афіцыйнай ФПБ


Радыё Свабода Рада Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў выказвае гатоўнасьць узяць удзел у дыскусіі, прапанаванай Фэдэрацыяй прафсаюзаў Беларусі. “Згода ўдзельнічаць у дыскусіі, прапанаванай ФПБ, не азначае, што мы гандлюем сваімі прынцыпамі”, гаворыць прафсаюзны лідэр Аляксандар Ярашук.

Нагадаем: на пачатку ліпеня кіраўнік ФПБ Леанід Козік накіраваў ліст з такой прапановай лідэру дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандру Ярашуку. Спадар Козік скрытыкаваў заклікі Кангрэсу да ўвядзеньня эканамічных санкцый супраць Беларусі. Аляксандар Ярашук назваў гэты ліст “сумбурным”, але ідэю дыскусіі ўхваліў.

(Ярашук: ) “Гэта абсалютна не азначае, што мы хоць у нейкай ступені гандлюем сваімі прынцыпамі. І што мы, у гэтым выпадку, мяняем сваё стаўленьне й сваю думку наконт Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі. Мы лічым гэтую арганізацыю несамастойнай, якая знаходзіцца пад кантролем дзяржавы. Адбылася поўная дэградацыя яе. Але раз мы – арганізацыя, якая абараняе правы й інтарэсы працоўных, было б, напэўна, з нашага боку неканструктыўна станавіцца ў нейкую позу. Мы можам здагадвацца, чаму гэта ініцыятыва зьявілася. Вельмі незайздроснае цяпер становішча ў нашых уладаў. Ліст напісаны, я мяркую, хутчэй, для антуражу й прапаганды”.

Лідэр дэмакратычных прафсаюзаў нагадаў, што Эўрапейская камісія мае ў верасьні пачаць працэдуру ліквідацыі сыстэмы абагульненых прэфэрэнцый для Беларусі, а гэта азначае штогадовыя эканамічныя страты некалькіх соцень мільёнаў эўра. Санкцыі могуць быць уведзены з прычыны парушэньня ў краіне правоў прафсаюзаў. Таму, паводле спадара Ярашука, улады хацелі б паспрабаваць маніпуляваць гэтымі працэсамі. Аляксандар Ярашук зьбіраецца сустрэцца зь Леанідам Козікам, але ня ўпэўнены, што афіцыйныя прафсаюзы пагодзяцца менавіта на такую дыскусію.

У Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларускай сказалі, што спадар Козік цяпер знаходзіцца ў адпачынку, і пытаньне дыскусіі можа вырашыцца толькі праз тыдзень. Адзін з прафсаюзных лідэраў, Мікалай Беланоўскі, заявіў: “дыялёг – гэта лепш, чым сварка”. Паводле спадара Беланоўскага, “трэба сустракацца й абмяркоўваць усе пытаньні. Галоўнае, каб быў канструктыўны падыход з абодвух бакоў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG