Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спадніца ў традыцыйнай культуры


Вячаслаў Ракіцкі, Менск Новая перадача сэрыі "Беларуская Атлянтыда". Удзельнічае этнакультуроляг Тацяна Валодзіна. Эфір 27 ліпеня 2006 году.

(Вячаслаў Ракіцкі: ) “Сучасныя беларускі востра адчуваюць павевы моды. Яны ўжо ня тыя, ня так шэра выглядаюць, як за савецкія часы. Мужчыны захапляюцца іхнай фантазіяй у апрананьні, а сацыёлягі дзівяцца, як шмат увагі постсавецкая жанчына аддае свайму касьцюму, як, часам адмаўляючы сабе ў прыстойным харчаваньні ці адпачынку, зьбіраюць грошы на чарговую спаднічку. Шараговая заходняя жанчына стала перайшла на традыцыйныя джынсы, ды і нашы ўсё радзей радуюць мужчынскае вока прывабнай жаноцкай спадніцай. Між тым, менавіта гэтая частка строю ёсьць найпершай полавызначальнай візытоўкай”.

(Тацяна Валодзіна: ) “Спаднiца як частка жаночага строю мае сваю доўгую “гiсторыю” i выкшталцоную “паэзiю”. У традыцыйнай культуры беларусаў гэта яркі прадметны сымбаль, што ўвайшоў у шэраг рытуальных практык і вераваньняў. Прэзэнтуе яна самую жанчыну, ейнае ўлоньне і здольнасьці да рэпрадукцыі. А вось этнографы сьцьвердзяць зручнасьць і эстэтычныя вартасьці тканага палатна і арнамэнту”.

(Ракіцкі:) “Найперш некалькі слоў пра ўзьнікненьне самой спадніцы. Калі і як яна зьявілася на беларускіх землях?”

(Валодзіна: ) “Узьнiкненьне спадніцы ў сьвецкiм касьцюме датуюць XIV стагодзьдзем. У беларускiм касьцюме заможных клясаў яна вядомая ад XV стагодзьдзя, а ў народным строi пашырылася даволi позна. Пранiкненьне спадніцы ў традыцыйны касьцюм адбывалася двума шляхамi. Першы, – калi ў сялянскае асяродзьдзе трапiлi мануфактурныя спаднiцы гараджанак, i другi — у працэсе эвалюцыi з панёвы або са старадаўняга фартуха-запаскi: дастаткова было злучыць бакавыя кромкi пярэдняга i задняга фартухоў, каб і ўтварылася спадніца”.

(Ракіцкі: ) “Вы сказалі: з панёвы. Сёньня такога слова ўжо не пачуеш. Гэта таксама нейкае адзеньне?”

(Валодзіна: ) “Так. Гаворачы аб тыпе жаночага паяснога адзеньня наогул, перш за ўсё падзяляюць яго на дзьве групы: сшытае (глухое) і расхіннае. Спадніца – сшытае, але да яе і побач зь ёю існавала расхінная панёва. Гэтым тэрмінам часьцей называлі доўгія да пятаў спадніцы, у 4-5 полак з сукна хатняга вырабу, якія па баках не сшывалі. Полкі нясшытай панёвы замацоўвалі ўверсе на матузу. У іншых месцах кавалак тканiны проста замацоўваўся на поясе, прыкрываючы цела галоўным чынам ззаду. Як узгадваюць бабулі: "так і хадзілі з крыльлямі".

(Ракіцкі: ) “Цікава прасачыць і ўзроставыя асаблівасьці нашэньня спадніцы. Ці былі яны ў простага вясковага люду?”

(Валодзіна: ) “Як сьцьвярджаюць вучоныя-этнографы, дзяўчаты да пятнаццацiгадовага ўзросту цi нават да вясельля насiлi толькi падпаясаную кашулю. Адзеньне, адпаведнае спадніцы, апраналi замужнiя жанчыны. Працяглы час захоўваўся адпаведны абрад, зьвязаны зь першым надзяваньнем на дзяўчыну панёвы. Абрад выконваўся публiчна i, вiдаць, належаў да цыклю сьвяткаваньняў, зьвязаных з паўналецьцем моладзi, зь iхным пераходам да катэгорыi дарослых супольнікаў грамады.

“Калі сямейнікі ўжо зьбіраліся аддаць дзяўчыну замуж, для яе рыхтавалася новая панёва. У прызначаны дзень дзяўчына скакала па лаўцы са словамi: «Хачу — скачу, хачу — не, // Хачу — пайду, хачу — не». Мацi iшла ззаду са спадніцай цi панёвай у руках i казала: «Уступi, уступi, маё дзіцятка, // у вечны хамут». Дзяўчына скакала з лаўкi ў гэтую панёву: «Хачу — уступлю, хачу — не, // Хачу — пайду, хачу — не». I гэта азначала, што ёй ужо пара замуж”.

Згодна з паведамленнямі М.Нікіфароўскага, першую спаднічку надзявалі дзяўчынцы гадоў у восем, прычым пад яе падсьцілалася матчына старая спадніца. Першую спаднiчку шылi дзяўчынцы са старой бацькоўскай кашулi, зношаную, яе не аддавалi рызьнiкам, а спальвалi ў печы, як і першыя штонікі ў хлопчыка”.

(Ракіцкі: ) “Такім чынам, спадніца, панёва – адмыслова жаночае. Якім жа чынам адбілася гэта ў беларускім фальклёры і звычаёвасьці?”

(Валодзіна: ) “Спадніца побач з фартухом i хусткай — прадмет з выразным полавызначальным значэньнем, яскравы жаночы сымбаль. Праз генiтальную аднесенасьць сымболiка спадніцы замяшчала iдэю жанчыны як маці, iдэю нараджэньня і плоднасьці. У Шумілінскім раёне назіралі: калі пры скоках дзяўчыны праз купальскае вогнішча хоць адна іскрынка прычэпіцца да спадніцы, значыць, "дзеўка ўжо хоча замуж". Найвыразьней жаночая сымболiка спадніцы выступае ў прыёмах народнай мэдыцыны, калi празь яе тройчы праймалi перапалоханае дзiця. Гэты рытуал на глыбiнным роўнi сымбалiчна iмiтуе сабой нараджэньне, а больш дакладна, перанараджэньне дзiцяцi, зьнiкненьне яго i зьяўленьне ў новым, здаровым выглядзе. Той жа сьветапоглядны фон i ў вядомых сёньня парадах выцiраць адваротным бокам спадніцы сурочанае дзiця. Дарэчы, маладая ў час вянчаньня разьвязвала матузы на спадніцы, каб потым лёгка было нараджаць, што яшчэ раз падкрэсьлiвае жаночую сымболiку гэтага адзеньня”.

(Ракіцкі:) “Сёньня дзяўчаты ідуць замуж у сукенках, пра спадніцы і гаворка не ідзе. Як жа выглядаў вясельны строй раней?”

(Валодзіна: ) “У цэлым камплект строю паўтараў штодзённы – кашуля, спадніца, фартух, камізэлька. Дадаваўся вяночак. Іншая справа, адрозьніваліся арнамэнт ды аздабленьне. Да таго ж вясельная ўрачыстасьць узмацняла, падвойвала пачатковую сымболіку спадніцы. Так, у Гарадзенскiм павеце пасьля прыходу з клецi маладыя сядалi за стол, затым маладая танцавала са сьвякроўкай, скiдваючы зь сябе ў час танца спадніцу, звычайна сiнюю, i затым дарыла ёй”. У iншых раёнах бралi века дзяжы, клалi на яго суконную спадніцу, а бацька прыносiў цэлую булачку хлеба, солi i казаў: “Дару табе, дзіцятка, хлебам-соляй” i клаў на хлеб грошы. Але асаблівай гарэзнасьцю ды досьціпам вылучаліся бяседныя вострыя прыпеўкі:

“Чорная каровіца, Рабы бык, рабы бык; Дзед бабу за спадніцу, Баба брык, баба брык. Мяне мілы праважаў Ельнічкам-бярэзьнічкам. А раз колькі падымаў Юбачку зь пярэднічкам”.

(Ракіцкі: ) “Ці мае спадніца яшчэ якія сэнсы, акрамя выразна жаночага і прадукавальнага?”

(Валодзіна: ) “Як і штаны, спадніца ўважалася за надзейны апатрапей, бо працягвала сэмантыку ўласна чалавечага нізу. Геніталіі ж, у вераваньнях, надзяляліся здольнасьцю адпужваць нячыстую сілу. Абарончая моц спадніцы рэалізаваная ў шэрагу прадпісаньняў і рытуалаў народнай вэтэрынарыі. Каб адвярнуць ад сябе дурное вока, жанчына надзявала спадніцу навыварат са словамі: “Усе ворагі адвернуцца”. Праз спадніцу цадзілі малако сурочанай каровы. Калі “цёлку раздула, шаптуха зьдзявала спадніцу, хадзіла наокола, біла ёю вакол каровы і па ёй самой”. Да апатрапеічнай сілы геніталіяў далучалася й моц абярэга кола, сымболіка ж кола ў адносінах да спадніцы відавочная”.

(Ракіцкі: ) “Колькі словаў хацелася б пачуць і ўласна пра спадніцу, якой яна была ў нашых бабуляў, як называлася, якім спадніцам аддавалася перавага?”

(Валодзіна: ) “Шыліся спадніцы звычайна з трох, чатырох, шасьці падоўжных полак, якія сшываліся разам і ля пояса зьбіраліся ў зборкі або складкі. Сшытая спадніца ў беларусаў мела шмат розных назваў, адны зь якіх былі вузкалякальнага распаўсюджаньня, іншыя вядомы амаль паўсюль. Палатняная спадніца ў залежнасьці ад расфарбоўкі мела назвы: "бяляк" – зусім белая; "сінька", "самасінька", "сіняк" – афарбаваная ў сіні колер; "набойка" – з набіўной тканіны; "рабушка", "рабан", "шарачок" – з палатна, тканага ў клетку. У залежнасьці ад якасьці матэрыялу ўзьніклі асобныя назвы паўсуконных спадніцаў: "палавіннік", "дрыліх", або "дрылішка".

Спадніцы, якія шыліся з шарсьцяной або паўшарсьцяной хатняга вырабу тканіны, на Беларусі называліся часьцей за ўсё андаракамі. Тэрмін "андарак" большасьць вучоных не без падставаў зьвязваюць зь нямецкім словам "Unterrock", якое праз польскае "індэрак" дайшло да беларускіх земляў. Спадніца, пашытая з куплёнай шарсьцяной тканіны або тонкага крамнага сукна, аднатоннага паводле колеру – сіняга, зялёнага, часьцей вішнёвага, – у сялянскім асяродзьдзі ў XIX стагодзьдзі называлася часьцей за ўсё саянам”.

(Ракіцкі: ) “Такім чынам, спадніца – неабходны і абавязковы элемэнт жаночага строю. А ці можна казаць, што й духі, так бы мовіць, жаночага полу носяць яе? Уяўляем жа мы сьмерць у доўгай белай сукенцы, а русалка дык наагул нібыта голая. Хто ж зь іх ня грэбуе вясковай спадніцаю?”

(Валодзіна: ) “Як і любая вясковая кабета, носіць спадніцу чараўніца. Аднак, у Столінскім раёне расказваюць, што ў малочнай чараўніцы, той, якая чаравала суседзкіх кароў, пасьля яе сьмерці са спадніцы цякло малако. Ды й русалка, якая, як ніхто іншы з духаў, увасобіла ў сабе жаночую існасьць, шукала спадніцы, бо мела ў ёй вялікую запатрабаванасьць. Гэтую тэму актыўна распрацоўваюць палескія былічкі:

“Умерла на Тройцу дзяўчына, на Траецкі тыждзень. А як памрэ хто на той тыждзень, то ўжэ будзе русалка. У аднае хаце жылі братоўкі, а толькі адна нявестка бачыла тую дзяўчыну, што яна русалка. Та русалка прышла да кажэ: "Дай мэне твою сподныцу надзець!" Да нявестка як дала ёй спадніцу, і яна пашла. А ўжо тыждзень прашоў, а ў панядзелак яны выбіраюцца, у русалак закон такі. Ім ужэ трэба ісьці. А тая спазьнілася, пакуль спадніцу аддавала, ды ўжэ і засталася. Не пасьпела за сваімі. Ды ніхто ня бачыў яе ў хаце, толькі адна тая нявестка. І кажа, цэлы год яна прабыла. А на другі год, на гэта сама сьвята пашла".

Цягам часу зьмяняліся асобныя фасоны, зьяўляліся новыя дэталі традыцыйнага строю. Аднак, захоўвалася чысьціня арнамэнтальных матываў, панаваньне белага й чырвонага колераў. Плястыка й калярыт народнага строю выяўляліся ў арганічным суладзьдзі са старажытнымі рытуальнымі традыцыямі, увасаблялі асаблівасьці мэнтальнасьці й сьветабачаньня. Страта спадніцай сваіх пазыцыяў паказвала ня толькі на зьмены ў густах, але й пазначала пераход да сутнасна іншай сыстэмы сьветаразуменьня. Бо сучасная фэміністка нават апрануўшы спадніцу ўсё адно не сустрэне нас так, як мілая сэрцу бабуля ля вясковай брамкі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG