Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці апраўданыя касьмічныя амбіцыі Беларусі?


Валер Карбалевіч, Менск Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Эфір 28 ліпеня. Удзельнікі: былы прэзыдэнт Акадэміі навук Беларусі акадэмік Аляксандар Вайтовіч, кіраўнік аналітычнай службы кампаніі "БелаПАН" Аляксандар Класкоўскі зь Менску й правадзейны сябра Міжнароднай акадэміі астранаўтыкі прафэсар Барыс Кіт з Франкфурту-на-Майне.

(Валер Карбалевіч: ) “Аварыя касьмічнага апарату "БелКА" выклікае цэлы шэраг пытаньняў. Найперш пытаньне наконт неабходнасьці й мэтазгоднасьці такога праекту. Наколькі ён эканамічна абгрунтаваны? Вядома, што касьмічныя праекты ажыцьцяўляюць больш-менш вялікія й багатыя дзяржавы. Якая эканамічная мэтазгоднасьць дыктуе Беларусі запускаць гэты спадарожнік? Ці рацыянальна траціць дзяржаўныя грошы на такі праект?”

(Аляксандар Вайтовіч: ) “Ад самага пачатку пад гэты праект не падводзілася ніякай эканамічнай асновы. Ува Ўказе прэзыдэнта 2003 году, паводле якога гэты праект ажыцьцяўляецца, было загадана распачаць рэалізацыю праекту, і пасьля, у пэўны тэрмін, даць тэхнічнае абгрунтаваньне. Як бачыце, воз быў пастаўлены паперадзе каня. Таму адразу, ад пачатку гэта быў не эканамічны, а палітычны праект.

Пасьля выхаду гэтага Ўказу я напісаў артыкул, які быў надрукаваны ў “Народнай волі”. Бо “Советская Белоруссия” адмовілася яго друкаваць. Ува Ўказе было азначана, што асноўная функцыя гэтага спадарожніка – дыстанцыйнае зандаваньне Зямлі. Потым у дзяржаўных газэтах сталі пісаць, што дадзеныя спадарожніка маюць быць скарыстаны ў сельскай і лясной гаспадарках, а таксама для пераадоленьня надзвычайных сытуацый і дзеля абароны краіны.

Даўнія й насьпелыя праблемы сельскай гаспадаркі трэба шукаць ня ў космасе, а на зямлі. Нават сьмешна казаць, што космас тут нам дапаможа. У лясной гаспадарцы для нагляду за станам лесу трэба невялікія самалёты. І два самалёты былі закуплены Міністэрствам лясной гаспадаркі.

Што тычыцца дапамогі ў надзвычайных сытуацыях. Гэты спадарожнік мусіў пралятаць над Беларусьсю раз у тры дні, зафатаграфаваць за адзін раз паласу працягласьці 20 кілямэтраў, і толькі ў непахмурнае надвор’е. А пры надзвычайных сытуацыях патрэбна апэратыўнасьць.

Калі казаць пра дапамогу з космасу абароне, то мне прыгадваецца байка Кандрата Крапівы пра адну жывёліну, якая надзьмувалася, каб стаць іншай, вялікай жывёлінай. Не такая мы вялікая дзяржава, каб мець вайсковыя сродкі касьмічнага базаваньня. Засталося, можа, толькі яшчэ падводную лодку зрабіць.

Яшчэ ж можна па касьмічных здымках рабіць картаграфаваньне зямлі. Але для гэтага ў нас усё ёсьць. Напрыклад, ёсьць станцыя прыёму касьмічных сыгналаў.

Нядаўна ў Расеі выйшла манаграфія “Касманаўтыка на мяжы тысячагодзьдзяў”, якую напісалі тры вядомыя расейскія адмыслоўцы ў галіне касманаўтыкі. Там канстатуецца, што спадарожнікі для касьмічнага зандаваньня Зямлі не прыносяць ніякага прыбытку”.

(Аляксандар Класкоўскі: ) “Дзяржаўная прапаганда вельмі настойліва даводзіла, што гэта вельмі выгодны праект, што гэты спадарожнік акупіцца за паўгода–год. Але не ставала дакладных лічбаў і фактаў для пацьверджаньня такіх абяцаньняў. Казалі, што мы, маўляў, будзем прадаваць гэтыя здымкі за мяжу. Каму? Расейцам? Дык у іх сваіх спадарожнікаў багата.

Яшчэ гучала, што спадарожнік дапаможа лесьнікам змагацца зь незаконнымі высечкамі. Але з той “апэратыўнасьцю”, пра якую казаў сп. Вайтовіч, гэта сьмеху варта.

Усе падобныя вялікія праекты, якія даюць падставы казаць пра пэўную гігантаманію беларускага кіраўніцтва, прымаюцца келейна. Вось, напрыклад, Нацыянальная бібліятэка каштавала ці то 200, ці то 300 мільёнаў даляраў. Многія адмыслоўцы кажуць: калі б гэтыя грошы ўкласьці ў разьвіцьцё інтэрнэту, – карысьці было б куды болей. Але ж тое ня так бачна, ня так бы ўразіла электарат. Усё згаданае падводзіць да высновы, што ў падмурку такіх праектаў ляжаць, найперш, не эканамічныя, а піяраўскія мэты”.

(Барыс Кіт: ) “Для невялікіх дзяржаў такія праекты нямэтазгодныя. Гэта заўсёды рабілі вялікія дзяржавы – ЗША, СССР. А цяпер вось робіць Кітай. Касьмічныя праекты каштуюць вялікіх грошай. Выгадней было б выкарыстоўваць касьмічную інфармацыю, плаціць за яе касьмічным дзяржавам”.

(Карбалевіч: ) “Пытаньне пра тое, на што траціць дзяржаўныя грошы, ёсьць заўсёды палітычным. Вядома, акрамя эканамічных чыньнікаў, у палітыцы ёсьць такая зьява, як прэстыж краіны. Часта яна больш важная, чым эканамічная выгода.

У гэтым сэнсе дзеяньні беларускіх уладаў вызначаюцца непрыхаваным імкненьнем прадэманстраваць сьвету свае дасягненьні. Гэтае імкненьне дасягае памераў нейкага мэсіянства. Прычым, прэстыж дзяржавы цесна зьвязаны з прэстыжам кіраўніка. Адсюль і гігантаманія ў будаўніцтве ўсё новых і новых аб’ектаў. Падаецца, што для Лукашэнкі недастаткова стварыць нешта такое, каб яно было зручнае людзям. Яму важней падкрэсьліць, што яно – найлепшае ў сьвеце.

Чыгуначны вакзал у Менску – “лепшы ва Ўсходняй Эўропе”. “Мы першыя ў сьвеце будуем дзяржаву для народу”. “Нашае войска – самае магутнае й баяздольнае ў Эўропе”. Што цяпер модна ў сьвеце? Высокія тэхналёгіі? Дык вось мы стварылі сваю Сыліконавую даліну – няхай амэрыканцы зайздросьцяць. Мы, да таго ж, ня проста запускаем касьмічны спадарожнік, але, як было абвешчана, з самай перадавой тэхналёгіяй. Ці не падаецца вам, што гэтае мэсіянства ёсьць спробай пераадоленьня нейкіх комплексаў?”

(Вайтовіч: ) “Можна падаць нейкія паралелі. Сыстэма ўлады, якая ўсталявалася ў Беларусі, скажу наўпрост, – гэта дыктатура. А ўсе дыктатары на нейкі такі комплекс пакутуюць.

Дзеля прыкладу возьмем Паўночную Карэю, дзе выпускаюць ракеты. Ніякага дачыненьня да дабрабыту народу гэта ня мае. Там людзі паміраюць з голаду. Але дыктатар спрабуе ўмацаваць прэстыж гэтай краіны з дапамогаю гульні з ракетамі. Гэта агульны стэрэатып паводзін для любога дыктатара: паказваць, што краіна квітнее, з дапамогай малюначкаў.

Да прыкладу, што да тае ж Нацыянальнае бібліятэкі. Я перакананы: яна функцыянальна празьмерная для Беларусі. Нам такая вялікая бібліятэка не патрэбна”.

(Класкоўскі: ) “З аднаго боку, трэба зазначыць, што ў імідж дзяржавы таксама варта ўкладаць грошы. Таму я не зусім згодзен з крытыкамі-нігілістамі, якія кажуць: навошта нам тое, гэтае... Лепей жа, калі вакзал падобны да палацу, чым калі б ён нагадваў хлеў.

Тут гаворка пра іншае. Вельмі часта беларускае кіраўніцтва імкнецца ствараць пацёмкінскія вёскі – і на зямлі, і, у дадзеным выпадку, у космасе. Дзяржаўныя мэдыі разьдзьмулі маштаб такой зьявы, як запуск беларускага спадарожніка. Казалі пра пачатак касьмічнай эры: маўляў, Беларусь уваходзіць у прэстыжны клюб касьмічных дзяржаў ды іншае.

Але гэта не зусім так. Хаця б таму, што яшчэ за савецкім часам зьявіліся два беларускія касманаўты – Клімук і Кавалёнак. Беларускія навукоўцы й адмыслоўцы зрабілі вялікі ўнёсак у касьмічную праграму СССР.

Але з пэўнага часу ў нас такая тэндэнцыя, што ўсе гістарычныя вехі трэба зьвязаць зь цяперашнім кіраўніком дзяржавы. Пад гэтую задачу ўсё й падвёрстваецца”.

(Кіт: ) “Маленькім дзяржавам трэба лепей клапаціцца пра эканоміку, дабрабыт народу, а не выкідаць грошы на такія праекты. Гэта філязофія выскачкі. Разьвіваць касьмічныя праекты – гэта значыць займацца не сваімі справамі, якія не пад сілу невялікім дзяржавам. Няхай гэтым займаюцца вялікія дзяржавы. Выгодней купіць патрэбную інфармацыю, а не спрабаваць скакаць вышэй за свой рост”.

(Карбалевіч: ) “Аварыі касьмічных аб’ектаў – справа ў сьвеце звыклая. Яны здараюцца нават з амэрыканскімі “Шатламі”. У нашым выпадку вінавата расейская ракета, і Беларусь тут ні пры чым. Але канфуз здарыўся менавіта з тае прычыны, што запуск "БелКА" быў, як тут казаў сп. Класкоўскі, моцна разрэклямаваны беларускімі дзяржаўнымі мэдыямі, і сам Лукашэнка прысутнічаў пры запуску спадарожніка.

Возьмем той прыклад з ракетамі Паўночнай Карэі, што згадваў сп. Вайтовіч. Праблема ж яшчэ ў тым, што ракеты гэтыя паляцелі зусім ня ў той бок, у які іх запускалі. Адсюль выснова: празьмерныя амбіцыі вядуць да такіх канфузаў”.

(Вайтовіч: ) “Вядома, корань праблемы ня ў гэтым здарэньні з расейскай ракетай. Корань у самой сыстэме прыняцьця рашэньняў у Беларусі. Я зразумеў бы, калі б мы пачалі нашу касьмічную дзейнасьць з запуску спадарожніка сувязі. Таму што такія спадарожнікі эканамічна абгрунтаваныя. Яны могуць даваць прыбытак, стымуляваць разьвіцьцё новых тэхналёгій. А Лукашэнка паехаў на запуск гэтага аб’екту, каб зрабіць сабе піяр”.

(Класкоўскі: ) “Кіраўніка дзяржавы падвялі майстры казённага піяру. Дзяржаўныя мэдыі казалі пра гістарычнасьць гэтай падзеі. Насамрэч, беларускі спадарожнік больш карэктна было б назваць мікраспадарожнікам. Ён быў толькі адзін з 18, якіх начаплялі на гэты ракетаносьбіт. Напрыклад, разам зь ім быў нейкі студэнцкі спадарожнік-самаробка, зроблены маскоўскімі студэнтамі. І гэты аб’ект, дарэчы, каштаваў даражэй, чым "БелКА". Сама гэтая падзея для Байкануру, для сёньняшняга дня касьмічнай галіны даволі будзённая, дзяжурная. Карацей, беларускую ўладу чарговым разам падвяла цяга да фанфаронства й гігантаманіі”.

(Вайтовіч: ) “Вядома ж, канфуз атрымаўся ад празьмерных амбіцый”.
XS
SM
MD
LG