Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывісты “Партнэрства” змогуць задаць пытаньні ў судзе


Любоў Лунёва, Менск Сёньня ў судзе Цэнтральнага раёну Менску пачнуць апытваць сьведкаў у крымінальнай справе актывістаў незарэгістраванай арганізацыі “Партнэрства”.

Эніру Браніцкую, Міколу Астрэйку, Аляксандра Шалайку і Цімафея Дранчука абвінавачваюць у кіраваньні арганізацыяй, якая парушае правы і інтарэсы грамадзянаў. Апазыцыянэраў трымаюць вад вартай ад 21 лютага. Першае пасяджэньне ў справе адбылося 28 ліпеня і праходзіла за зачыненымі дзьвярыма.

Суд пачнецца а 10 раніцы. Спэцназаўцы атрымалі загад не прапускаць людзей, якія прыйдуць на знак салідарнасьці з актывістамі “Партнэрства”, у будынак і нават у двор суду. Эніра Браніцкая, Аляксандар Шалайка, Мікола Астрэйка і Цімафей Дранчук сёньня будуць мець магчымасьць задаваць пытаньні сьведкам у справе, а гэта каля 20 чалавек. Іх будуць апытваць цягам двух дзён. Ня выключана, што потым судзьдзя Леанід Ясіновіч абвесьціць перапынак да сярэдзіны жніўня.

Сваякі арыштаваных актывістаў “Партнэрства” запэўніваюць, што будуць прыходзіць да будынку суду на кожнае судовае пасяджэньне. Маці Міколы Яўгенія Астрэйка была вельмі ўражаная тым, што яе сын схуднеў за апошні месяц.

(Астрэйка:) “Вельмі непакоюся за сына, вельмі непакоюся за ягоных сяброў. Вельмі схуднеў, хоць і здалёк мы яго бачылі. Усе мы вельмі хочам, каб усе яны былі дома. Вельмі іх чакаем. Кожны дзень я буду прыходзіць у суд. Мы, бацькі, дамовіліся, што ў каго толькі будзе магчымасьць, мы будзем там. Ад пачатку да канца і, канечне, мы спадзяемся на лепшае”.

Маці Эніры Віялета Браніцкая лічыць, што прыходзіць у суд трэба хаця б напачатку судовага паседжаньня, каб арыштаваныя маглі іх бачыць некалькі імгненьняў. Яна ўпэўненая, што гэта ім дапамагае годна трымацца.

(Браніцкая:) “Вось так убачыць, як тваё дзіця ўсьміхаецца, калі яго садзяць у гэтую машыну, мала радасьці, шчыра кажучы. Адзінае, можа для яе гэта падтрымка ўбачыць нас. Магчыма…Думаю, што яна б сама сказала: “Няма чаго там стаяць.” Канечне, хочацца, каб усё добра скончылася і як мага хутчэй”.

Нагадаем, 21 лютага актывістаў “Партнэрства”, незарэгістраванай арганізацыі, мэтай якой зьяўляецца назіраньне за выбарамі, затрымалі супрацоўнікі КДБ. На кватэрах зрабілі ператрус і забралі ўсе носьбіты інфармацыі. Эніру Браніцкую, Міколу Астрэйку, Аляксандра Шалайку і Цімафея Дранчука праз дзяржаўнае тэлебачаньне абвінавачвалі ў розных злачынствах, у тым ліку ў падрыхтоўцы тэрактаў. Паводле афіцыйнага вінавачаньня, апазыцыянэрам пагражае арышт альбо пазбаўленьне волі да трох гадоў.
XS
SM
MD
LG