Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Беларусь рыхтуецца абмежаваць гандаль імпартнымі таварамі?


Радыё Свабода Міністэрства гандлю Беларусі склала сьпіс харчовых ды прамысловых тавараў, паводле якога плянуюцца абмежаваньні па імпартных таварах за кошт пашырэньня вытворчасьці айчынных аналягаў. Чыноўнікі ведамства папярэджваюць, што перадусім будзе скарочаны ўвоз з-за мяжы абутку, бытавых электратавараў, дываноў, посуду, вырабаў з плястмасы.

У Міністэрстве гандлю спасылаюцца на загад кіраўніка ўраду Сяргея Сідорскага падрыхтаваць сьпіс “немэтазгоднага імпарту”. Паводле патрабаваньняў, трэба было вызначыць, чым і ў якой колькасьці замяніць замежныя тавары. Апошнім, як удакладняе начальнік управы Мінгандлю Ніна Пашко, дарогу ў Беларусь закрыюць высокія зборы на мытні:

(Пашко: ) "Для падтрымкі айчынных вытворцаў цяпер мы сапраўды накіравалі вялікі пакет прапановаў па асваеньні імпартазамяшчальных тавараў. Каб тое, што завозіцца з-за межаў краіны ці раней у нас не выраблялася, нашая прамысловасьць забясьпечвала. Там вялікі сьпіс. Там вельмі вялікі сьпіс”.

Са словаў Ніны Пашко, калі замежныя тавары зрабіць дарагімі, то насельніцтва стане купляць беларускае. У якасьці прыкладу такой пэрспэктывы суразмоўца назвала прадукцыю менскага заводу “Тэрмапляст”. Удакладняе сытуацыю намесьнік дырэктара Валеры Бакуменка:

(Бакуменка: ) “Вельмі правільна! Трэба свой рынак абараняць. Спачатку – хлеб, каўбаса, а пасьля – вёдры, нейкія скрынкі і гэтак далей. Вельмі правільна”.

Спадзяваньні, што будзе лягчэй змагацца ў канкурэнцыі з замежнымі электрапрасамі, сокавыціскалкамі ды мясарубкамі, выказвае і супрацоўніца адміністрацыі Менскага прыборабудаўнічага заводу Ніна Верамейчык:

(Верамейчык: ) “Я ўжо не памятаю, калі мы нармальную прагрэсіўку атрымлівалі. Інжынэрна-тэхнічных работнікаў зараз шмат у адпачынкі адпраўляюць. У Менску, напэўна, толькі добра зарабляюць на трактарным, аўтазаводзе ды заводзе па вырабу лядоўняў. А астатнія прадпрыемствы ўсе ў аднолькавых умовах...”

Пракамэнтаваць намеры беларускага ўраду пакінуць пакупнікоў бяз выбару тавараў пагадзіўся Генадзь Быкаў. Былы лідэр Свабоднага прафсаюзу Беларусі зараз узначальвае пярвічную арганізацыю на заводзе аўтаматычных лініяў у сталіцы.

(Быкаў: ) “З наступнага году “дурныя” грошы, якія паступаюць у Беларусь, будуць вельмі і вельмі меншыя. А затраты на энэргарэсурсы стануць нашмат большыя. Таму ўрад імкнецца стварыць перашкоды, каб грошы не выходзілі за межы Беларусі. Каб куплялі толькі беларускае”.
XS
SM
MD
LG