Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Івянец: “Вокліч “Жыве Беларусь!” застанецца й надалей”


Віталь Сямашка, Валожынскі раён Новая перадача сэрыі “Палітычная геаграфія”. Эфір 28 ліпеня



Даўно не працавалася так лёгка й з такой прыемнасьцю, як у Івянцы, што на Валожыншчыне. Даўся дзіву, аж не паверыў вачам сваім: за некалькі соцень мэтраў ад аўтавакзалу, на даху прадпрыемства “Крыніца”, што вырабляе дарожныя знакі, бялее выкладзены мэтровымі мэталёвымі літарамі надпіс “Жыве Беларусь!”

“Думаеш, патрапіў у краіну непалоханых ідыётаў?”– сьмехам вырваў мяне з аслупянеласьці Вінцэнт Солтан – дабраахвотны гід, праваабаронца, старшыня тутэйшай філіі БНФ, сталяр з прафэсіі. І патлумачыў:

(Солтан: ) “Як прыйшоў Лукашэнка, улады спрабавалі прымусіць кіраўніцтва прадпрыемства зьліквідаваць надпіс. Але для таго патрэбна замяніць дах, бо, дзякуючы сучасным палімерным тэхналёгіям, надпіс выкладзены з мэталядахоўкі. Каб вынішчыць гэтыя словы, патрэбны вялікія сродкі. А сродкаў якраз і няма. Таму вокліч застанецца й надалей – у Івянцы жыве Беларусь!”



Беларушчына жыве і ў сьценах праваслаўнага й двух каталіцкіх храмаў. У айца Леха, што прыехаў з Польшчы й 6 гадоў вядзе набажэнствы ў касьцёле Сьвятога Міхала Архангела, я спытаў:

(Карэспандэнт: ) “Вашы калегі прыяжджаюць у Заходнюю Беларусь і набажэнствы вядуць па-польску. Для вас прынцыпова весьці па-беларуску?”

(Айцец Лех: ) “Для мяне прынцыпова, каб мова была зразумелая ўсім. У нас грамада беларускамоўная. Дзецям катэхізацыю праводзім па-беларуску…”

У кампактным, больш чым 5-тысячным мястэчку ўсё паблізу. А ўжо трох будынкаў тутэйшага краязнаўчага музэю не абмінеш ніяк. Яшчэ колькі месяцаў таму ён насіў імя Дзяржынскага. На загад Лукашэнкі назоў, разам з адпаведнымі экспанатамі, перабраўся за 15 км далей – у засьценак, дзе нарадзіўся Жалезны Фэлікс. Таму сярод 11-ці тысяч экспанатаў няма, так бы мовіць, палітызаваных. Дырэктар жа, сп. Раманоўскі, спадкаемны цясьляр, сам з радасьцю вырабляе ды калекцыянуе драўляныя цацкі, якіх у яго звыш за тысячу. Нам жа Алег Фядосавіч распавёў сваю ўлюбёную легенду паходжаньня Івянца.

(Раманоўскі: ) “У сівой мінуўшчыне жамойцкі князь Сідаргайла ўвёў ў сваіх валадараньнях права першай шлюбнай ночы. У яго служылі ліцьвінка Волма й знакаміты ваяр Наліб. Яны кахалі адно аднаго. І перад тым, як ісьці пад вянец, селі на коней – спамінай такіх. Падаліся маладыя ў пушчу, дзе князь, вядома, ня быў валадаром. Прыпыніліся ў вельмі прыгожай мясьціне: кветкі буяюць, узвышша, рэчка бруіць. Парашылі ўзяць шлюб па старым звычаі – на ўсходзе сонца. Пляла дзяўчына вянок. Раптам наляцела пагоня Сідаргайлы. Наліб змагаўся, пакуль ня паў. Князь падышоў да Волмы: “Ты павінна мне скарыцца”. – “Ніколі!” Дастаў той кароткі меч і паласнуў дзяўчыне па горле, выпаліўшы: “Вось табе й вянец!” Рэчку назвалі Волмай, пушчу Налібоцкай. На гэтым месцы ўзьнік Івянец – горад кавалёў, ткачоў, ганчароў. Ёсьць вялікія пэрспэктывы турыстычнай мэкі”.

Пакуль жа Івянец мог бы стаць мэкай для прадпрымальніцтва – акцыянаваны ўсе два дзясяткі прадпрыемстваў, маюцца тры прыватныя крамы, а таксама мноства дробных бізнэсоўцаў, інтарэсы якіх бароніць у пассавеце свой дэпутат – Зьміцер Маладжавы. Дэпутат, дарэчы, таксама гандлюе на кірмашы, які вельмі выгодна месьціцца – ля касьцёлу. “Але месца трэба бараніць”, – кажа сп.Зьміцер.

(Маладжавы: ) “Былі захады ня тое што сагнаць – перанесьці на карачкі (задворкі). Самае ж галоўнае – каб ня шкодзіла ўлада, і каб законы не мяняліся, як цяпер. Бо за новымі сочыш, як за праграмай тэлеперадач. Пакуль яшчэ можна рабіць, нягледзячы на падаткі”.

Наконт апошняга сказана ўсё-ткі занадта мякка. Такую выснову я зрабіў, паслухаўшы расповед былога іхтыёляга-рыбавода, уладальніка крамы дробных тавараў Уладзімера Іванова. Спадар Іваноў акурат напярэдадні мусіў скараціць гандлёвы асартымэнт.

(Іваноў: ) “Я наагул не хацеў займацца гандлем, бо нэрвы ўсё ж даражэй за грошы. А размовы з падаткавікамі здароўе зьядаюць. На прылаўку майго шапіка прымацавана абвестка: пакецікі бясплатна. Падатковая інспэкцыя палічыла пакецікі за неабнаяўлены тавар – аштрафавала! Няма дыфэрынцыяцыі паміж вялікімі й малымі гарадамі – ня ўлічваецца розьніца між паселішчам з 30 тысячамі чалавек і 4–5. А пакупніцкая здольнасьць на пэрыфэрыі вельмі нізкая”.

Затое прапускной сыстэме, наладжанай ува ўсіх, здаецца, івянецкіх арганізацыях, могуць пазайздросьціць і сталічныя міністэрствы.

(Петрашкевіч: ) “Наш інтэрнат зьяўляецца адной з закрытых устаноў, дзе супрацоўнікі й дзеці – на дзяржзабесьпячэньні. Таму ў нас вахта…”

Так патлумачыла мне адсутнасьць вольнага ўваходу ў дом-інтэрнат для дзяцей-інвалідаў дырэктарка Алена Петрашкевіч. Пазьней івянецкі экс-судзьдзя, экс-адвакат сп. Мікалай Кукса пракамэнтуе:

(Кукса: ) “Я так мяркую, што павінна быць даступнасьць розных людзей і ў розны час. Каб падтрымаць гэтых нямоглых дзяцей, ім патрэбна найшырэйшая сувязь са сьветам. А ў інтэрнаце вельмі суровы рэжым…”

Тут каля сотні дзяцей ды падлеткаў – ад 6-ці да 18-ці гадоў. Многія з траўмамі апорна-рухальнай сыстэмы. 17-гадовы Артур Шабанаў, зь якім я-такі пазнаёміўся, таксама спаралізаваны. Марыць стаць кампутаршчыкам. Здабыўшы які-ніякі досьвед жыцьця па-за Беларусьсю, мае што з чым параўноўваць.



(Артур: ) “Я жыў тры тыдні ў Бэрліне. Мне вельмі спадабалася – усё сапраўды дэмакратычна. За мяжой для інвалідаў сродкі ёсьць. Я сам тэнісіст. Там бы мяне “прасоўвалі”, нехта фундаваў бы. А тут паглядзяць на спаборніцтвах – і ўсё. Там хакей інвалідны! Для мяне будучая Беларусь – эўрапейская Беларусь…”

***

Разам зь вядомым ужо Вінцэнтам Солтанам заходзім да спамінанага ўжо сп. Куксы. Мала хто верыць, што Мікалаю Мікалаевічу 73 – настолькі маладжава выглядае. Піша патрыятычныя вершы. Напачатку гаманы прыкідваем, якія пэрспэктывы мае палітычная апазыцыя. Прыгадваем, што ў 1994-м у Івянцы пераканаўча перамог Зянон Пазьняк. Цяпер жа – сп. Вінцэнт уздыхае…

(Солтан: ) “Экзыт-пул праводзіць было немагчыма – татальны кантроль, праслухоўваньне тэлефонаў дэмакратычных актывістаў. Я меў шмат сустрэчаў з назіральнікамі АБСЭ, журналістамі. Вызначаем, да прыкладу, час. За паўгадзіны падыходзіць гэбісцкая машына з камэрай, здымаюць”.

(Кукса: ) “Пасьля выбараў у Івянцы адбыліся прыкметныя зрухі – людзі меней баяцца, сьмялей сталі гаварыць, міжсобку і ў грамадзкіх месцах. Не азіраюцца!”

(Солтан: ) “Тут уплываюць, мне здаецца, нізкія заробкі. Мой сусед працуе на прадпрыемстве “Крыніца”. Раней рабочыя зараблялі па 500 тысяч, цяпер – па 300. І ня кожны. Далучылі тры калгасы. За любую правіну звальняюць з працы. Цяпер сусед прыяжджае раней: сьлесар – кажа – напіўся й станок не наладзіў. Раней бы таго выгналі, а цяпер… за такія грошы ніхто ня пойдзе працаваць. І на дырэктара ніхто не зважае!”

(Кукса ) “У нашай лазьні з 12-ці гадзін мыюцца пэнсіянэры, людзі сталага ўзросту. Увечары ж – спадарства дэмакратычнага кшталту, і зь імі лёгка гаварыць. А днём – кантынгент агрэсіўны, зь імі цяжка. Аднойчы гутарка зайшла пра вынікі выбараў. Дык адзін сказаў: “Ты апошні раз у суботу мыесься, у наступную будзеш у КДБ!”(сьмех )

У Івянцы мне надарылася рэдкая па сёньняшніх часах магчымасьць зьвесьці за круглым сталом апазыцыянэра Вінцэнта Солтана ды экс-мэра мястэчка, 49-гадовага Антона Антонавіча Ахрэма, які займаў гэтую пасаду цягам 6-ці гадоў. І дагэтуль людзі ставяцца да спадара Ахрэма з павагай.

Адпачатку перамаўляюся з сынам Антона Антонавіча – 20-гадовым Аляксеем.

(Карэспандэнт: ) “Чаму зьяжджаеш з Івянца?”

(Аляксей: ) “Няма нармальнага заробку, сфэры дзейнасьці, дзе я мог бы працаваць. Івянец падабаецца. Я прызвычаіўся да спакою, ува ўсе бакі лёгка даехаць. Я застаўся б…”

Далей гутарым з Ахрэмам-старэйшым.

(Карэспандэнт: ) “Беспрацоўе ў Івянцы?”

(Ахрэм: ) “Ёсьць! Прыхаванае. Чалавек, калі яму выгадней займацца самагонкай, ня пойдзе на працу. На біржы стаяць чалавек 20. На заводзе мастацкай керамікі 90 працаўнікоў цяпер, а некалі было 300, на дрэваапрацоўчым 300 працавала, цяпер – 40. Яшчэ за польскім часам значная частка людзей – муляраў, тынкоўшчыкаў – езьдзіла на заробкі. Таму што тут бедная зямля, не было рэзону займацца сельскай гаспадаркай. Езьдзілі ў Маскву, Вільню, Санкт-Пецярбург…”

(Солтан: ) “Я валодаю інфармацыяй, што ў Івянцы ёсьць Савет дырэктараў. І там прынята рашэньне – сярэдні заробак мусіць быць 300 тысяч, і ніхто ня мае права плаціць болей: чалавек звольніцца, а нідзе лепей не знойдзе!”

(Ахрэм: ) “Так, я скажу: гэтага ўціхую ўсе трымаюцца – 300 тысяч…”

(Карэспандэнт: ) “Ці ёсьць розьніца паміж прадпрыемствамі рынкавага тыпу – унітарнымі, акцыянэрнымі – і дзяржаўнымі?”

(Ахрэм: ) “Прыватнае прадпрыемства “Кандытарская фабрыка” працуе цяпер у тры зьмены, штампуюць цукеркі 103-х найменьняў. А да гэтага было “прычыняліся” на месяц. Былі ўжо і акцыянаваньне, і прыватызацыя, а людзі як жылі, так і жывуць…”

(Карэспандэт: ) “Ці папросту лад застаўся такім жа?”

(Ахрэм: ) (сьмяецца ) “Ну, так выходзіць…”

(Карэспандэнт: ) “Па-вашаму, сп.Антон, эканамічны стан Івянца – замаруджаны, перадсьмяротны? Ці ёсьць хоць якія спадзяваньні на пэрспэктыву?”

(Ахрэм: ) “Хай будзе стабільна-замаруджаны. Не сказаць, каб зусім перадсьмяротны…”

Нарэшце адбылася й сустрэча, пра якую я марыў яшчэ ў Менску. Споўнілася сем гадоў, як вярнуўся на малую радзіму 100-гадовы Алесь Апанасавіч Шэкаль. 54 гады пражыў карэнны івянцовец у Вялікай Брытаніі. На жаль, векавы юбілей дзядзьку Алесю давялося сустракаць у шпіталі – сэрца, што перацярпела процьму нягодаў, усё-ткі не жалезнае. Затое памяць не падводзіць. Суразмоўца мой выказвае і уласны погляд на пачатак другой усясьветнай. 17 ж верасьня 1939-га сяржант Войска Польскага беларус Шэкаль сустрэў на баявым посьце на мяжы з СССР.

(Шэкаль: ) “Забралі Беларусь без вайны расеец з Гітлерам гэтым…”

Энкавэдысты, у лапы якіх патрапіў сп. Шэкаль, пагналі яго па этапах у Сібір. Але Алесю Апанасавічу пашанцавала – ішло фармаваньне польскіх частак для войска генэрала Андэрса.

(Шэкаль: ) “4 лютага 1942-га году мяне вызвалілі. Былі мы ля Ўладзівастоку, бухта Находка. У войска ўзялі ў Казахстане. Прыехалі ў Лугавую 18-га. Чэрчыль даў 3 мільёны ботаў, Амэрыка шмат цянжаровых самаходаў. І прыехалі ў Іран, порт Пахлеві. Там абмундзіравалі ў ангельскае адзеньне. Тады – у Багдад і ў Палестыну. Палякі хацелі ваяваць разам з расейцамі, але амэрыканскі генэрал Айзэнгоф сказаў: не рызыкуйце, бо вас арыштуюць. І так было б! Потым паехалі ў Эгіпэт і ў Італію. Адкрылі там фронт у гарах, у сьнезе – ой-ёй, голад! Страшная вайна – вочы выпорвалі, вушы абрэзвалі гестапаўцы…”

Алесь Апанасавіч за ўзяцьцё марской і, як лічылася, недаступнай крэпасьці Монтэ-Касына быў узнагароджаны ангельскім Ганаровым крыжом.

(Шэкаль: ) “Там гарматы на высокай, стромкай гары – лезьці да іх трэба, як альпініст. Амэрыкане, індыяне, новазэландыйцы не сягнулі. А генэрал Андэрс кажа: дазвольце, я паспрабую са сваім войскам. Ніхто ня ўзяў, а 5-я дывізія, дзе найбольш беларусаў, узяла!”

Вяртацца ў Беларусь пасьля вайны дзядзька Алесь не сьпяшаўся. Хутка даляцела вестка, што тых, хто адважыўся на такое, ізноў пагналі на Салаўкі. На доўгія паўвека заснаваўся беларус у ангельскім горадзе Лютане, дзе працаваў на мэталюргічнай вытворчасьці.

(Шэкаль: ) “Я меў дом, самаход у Англіі…”

(Карэспандэнт: ) “А чаму дома лепей, Аляксандар Апанасавіч?”



(Шэкаль: ) “Свае людзі, свая прырода. Воўк, калі тут урадзіўся, нічога не кране ў цябе – ідзе за 7 км. І ён разумее! Таксама ж і людзі. Некаторыя беларусы-бедакі плакалі, пад самаход, пад цягнік кідаліся…”

У шпіталі ў дзядзькі Алеся асобны пакой – у Івянцы пра яго ўсе ведаюць. Зрэшты, як і пра тое, што пэнсія яму ў фунтах стэрлінгаў налічваецца. Да цяперашняга свайго пабытаваньня пасьля перажытага гэты чалавек ставіцца па-філязофску.

(Шэкаль: ) “Канечне, мала зарабляюць, горай жывуць тут, як на Захадзе. Але на такое малое панства шмат прадукуюць, і самаходы ценжаровыя такія! Я ніколі не спадзяваўся, што такая Беларусь будзе…”
XS
SM
MD
LG