Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апытаньне Свабоды: што такое для Вас незалежнасьць Беларусі?


Галіна Абакунчык, Менск 16 гадоў таму Вярхоўны Савет прыняў дэклярацыю аб дзяржаўным сувэрэнітэце Беларусі. 1 ліпеня сёлета Аляксандр Лукашэнка заявіў, што завершана будаўніцтва сувэрэннай дзяржавы Рэспубліка Беларусь. Што для Вас незалежнасьць Беларусі? Гэтае пытаньне менскім мінакам задавала наша карэспандэнтка.

(Спадар: ) “У панятак “незалежнасьць” кожны ўкладае свой сэнс, а таму аб’яднаць гэта ў нейкі адзін тэрмін, па-мойму, немагчыма. Але мне падаецца, што незалежнасьць нейкай дзяржавы, як асобнай тэрыторыі, павінна быць. Прынамсі, каб была нейкая разнастайнасьць нацыянальная”.

(Юнак: ) “Сувэрэнітэт – гэта калі ніхто над табой ня зьдзекуецца, калі ёсьць свабода думкі, калі твая свабода не абмяжоўвае свабоду іншых. Гэта й ёсьць сувэрэнітэт”.

(Спадарыня: ) “Я не задумвалася, але незалежнасьць – гэта ні ад каго не залежаць. Быць самастойнымі, мець усё сваё. І кожны народ, кожная нацыя маюць права на сваю самастойнасьць. Сябраваць усім разам – гэта добра. Але як у сям’і: інтэрнат – гэта добра, але свая кватэра – лепш”.

(Юнак: ) “Канечне, патрэбная дзяржаўная незалежнасьць, бо для мяне незалежнасьць, да прыкладу, гэта яшчэ й беларуская мова. Вось я выступаю за тое, каб дзяржаўнай была беларуская мова й толькі”.

(Карэспандэнтка: ) “16 гадоў таму Вярхоўны Савет прыняў дэклярацыю аб дзяржаўным сувэрэнітэце Беларусі. 1 ліпеня сёлета Аляксандр Лукашэнка заявіў, што завершана будаўніцтва сувэрэннай дзяржавы Рэспубліка Беларусь. Што для Вас незалежнасьць Беларусі?”

(Спадар: ) “Па-мойму, крыху лепш жыць сталі. Мой сын служыць у Горадні, а не ў гарачай кропцы. А ў мяне чацьвёра дзяцей, таму патрэбная незалежнасьць”.

(Спадарыня: ) “Я толькі за ўзьяднаньне, так, як было пры Савецкім саюзе, бо толькі ў “кулаку” – сіла”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG