Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Апазыцыйныя камуністы Гомельшчыны – супраць аб’яднаньня кампартый


Радыё Свабода, Гомель На Гомельшчыне апазыцыйныя камуністы абвяргаюць сваю прыналежнасць да аб`яднаўчага зьезду КПБ і ПКБ. У Жлобіне, Сьветлагорску, Мазыры, Буда-Кашалёве, іншых гарадзкіх ды раённых арганізацыях Партыі камуністаў Беларускай адбыліся сходы й сустрэчы з актывам. Апазыцыйныя камуністы выказалі сваё стаўленьне да так званага аб’яднаўчага зьезду КПБ і ПКБ.

Распавядае лідэр абласной партыйнай арганізацыі ПКБ Уладзімер Сякерка:

(Сякерка: ) “Людзі зьдзіўлены і абураны. Бяз нас нас жанілі. Як такое магло адбыцца?! Быццам бы прававая дзяржава – і такія неправавыя дзеяньні. Зараз рыхтуецца ўлётка, у ёй таксама будуць дадзены тлумачэньні ня толькі камуністам, але і насельніцтву. Мы гатовыя працаваць у падпольлі, калі нас вымусяць”.

Паводле спадара Сякеркі, з 15 так званых дэлегатаў, якія нібыта прадстаўлялі рэгіянальныя структуры ПКБ на аб`яднаўчым зьездзе, насамрэч ніхто не зьяўляўся дзейным чальцом партыі. Напрыклад, Алену Лявонаву з Гомеля выключылі з ПКБ яшчэ ў 1999-м годзе. У Жыткавічах у апазыцыйных камуністаў наогул няма партыйнай суполкі. Аднак яе невядома якім чынам прадстаўляла Майя Меланіч. У Калінкавічах адзін зь мясцовых начальнікаў паказаў у райвыканкаме даведку, што не зьяўляецца чальцом ПКБ. Тым ня менш, пад пагрозай звальненьня з працы яго вымусілі ехаць на зьезд.

Пра тое, дзеля чаго быў зарганізаваны аб`яднаўчы фарс, камуністы Калякіна гавораць услых:

(Сябра ПКБ: ) “Ідзе разбурэньне стрыжаня, вакол якога практычна аб`ядналіся дэмакратычныя сілы. Мы можам зарганізаваць супраціў той сістэме ўлады, якая склалася. І гэты стрыжань сёньня разбураюць”, – лічыць сябра ПКБ, які не пажадаў публічна афішаваць сваё імя.

У мясцовых актывістаў ПКБ няма сумневу і наконт таго, хто жадае зьнішчыць апазыцыйную партыю. Меркаваньне Анатоля Ільінчыка:

(Ільінчык: ) “Лукашэнка перад выбарамі сказаў: пасьля выбараў апазыцыі ня будзе. Паколькі партыя мае сілу ў дэмакратычным руху, таму і прадпрынята такое шоў”, – заявіў гомельскі актывіст ПКБ спадар Ільінчык.
XS
SM
MD
LG