Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Валасацікі


Вінцэсь Мудроў, Полацак Новая перадача сэрыі "Летні альбом". Страшныя, сьмешныя, забытыя словы і паняцьці пары застою ўспамінае Вінцэсь Мудроў.

У савецкай краіне заўсёды нешта забаранялі і зь нечым змагаліся. На маёй памяці змагаліся з кароткімі спадніцамі, з жаночымі штанамі, з абстракцыяністамі, з царкоўнікамі, з абстрактнымі гуманістамі, з гумовай жуйкай і яшчэ немаведама з чым... Аднак самае зацятае змаганьне разгарнулася з даўгімі валасамі ў хлопцаў.

Першыя валасацікі – такую мянушку атрымалі ў савецкім друку доўгавалосыя маладзёны – зьявіліся на менскіх вуліцах у 1965 годзе. Напачатку валасы былі ня надта даўгія: закрывалі лоб ды паўвуха. Моду на такі “хайр” спарадзіла група “Бітлз”.

Я пачаў зарастаць у сёмай клясе – і меў з тае прычыны шмат праблемаў. Бацька парываўся выгнаць з хаты, у школе не дапускалі да заняткаў, а цёткі-суседкі, якія цэлымі днямі сядзелі ля пад’езду, гукалі ў сьпіну: “Валасацік з шостай кватэры… ідзець і кудлы на варатніку. Якая пахабшчына!”

Слова валасацік мела дарэшты адмоўную канатацыю і было зьбіральным вобразам дробнага злодзея. Хтосьці надзьмуў у тэлефоннай будцы. Хто надзьмуў? Валасацікі. У цёткі Хадоры абтрэсьлі сад. Хто абтрос? Валасацікі.

Калі вучыліся ў дзясятай клясе, ля уваходных дзьвярэй дзяжурылі настаўнікі, якія не пускалі, з-за даўгіх валасоў, мяне ды маіх сяброў – Валер’я Шлыкава і Анатоля Рыбікава – на заняткі. Мы тады знайшлі выйсьце: сталі залазіць у школу па супрацьпажарнай лесьвіцы. Узьлезем на дах, прабяжым між комінаў – і нырцуем у паддашкавы люк. Лазілі так цэлы месяц, аж пакуль у школу не прыехалі нейкія правяральшчыкі. Угледзелі ў акно, як вучні лезуць па супрацьпажарнай лесьвіцы. Падбеглі да люка, і Анатоль Рыбікаў, калі скакаў долу, на некага там ускочыў. Карацей, давялося абкарнацца “пад нулёўку”.

Гэта было на пачатку 1971 году. Наступным разам я завітаў у цырульню толькі празь пяць гадоў. І то па накіраваньні ваенкамату. Звычайна, калі прыпякала, мяне стрыг Валера Шлыкаў. А дапякала часьцяком. Я тады ўжо вучыўся ў інстытуце, і некаторыя выкладчыкі вельмі хваравіта ставіліся да даўгіх валасоў. Памятаю, адзін, на прозьвішча Елін, пабачыўшы мяне, мармытаў: “Вам можна граць бабу-ягу бяз грыму”. Другі, выкладчык гісторыі КПСС па прозьвішчы Чунароў, тыцкаў падчас лекцыі пальцам у мой бок і прамаўляў: “Вось і бацька Махно калісьці трос кудламі”.

І сёньня, згадваючы тых выкладчыкаў і сваю няўрымсьлівую маладосьць, кожны раз задаволена пасьміхаюся. Ад усьведамленьня, што быў у савецкім тэатры абсурду ня стрыжаным боўдзілам, а валасацікам.
XS
SM
MD
LG