Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд пакараў віцебскую актывістку АГП Алену Залескую штрафам (фота)


Радыё Свабода, Віцебск Сёньня суд Кастрычніцкага раёну Віцебску пакараў старшыню гарадзкой арганізацыі АГП Алену Залескую штрафам 20 базавых велічыняў (620 тысяч рублёў), палічыўшы вінаватай у арганізацыі несанкцыянаванага шэсьця 27 ліпеня. Актывісту АГП Уладзімеру Сіманковічу й беспартыйнай актывістцы Веры Кавалёвай вынесьлі папярэджаньне. Іх затрымалі ўчора, калі яны распаўсюджвалі ўлёткі, прысьвечаныя Дню незалежнасьці 27-га ліпеня.

Паводле міліцэйскіх пратаколаў, пададзеных сёньня Кастрычніцкаму раённаму суду, гэтыя тры чалавекі зладзілі несанкцыянаванае шэсьце па вуліцы Леніна. Судзьдзі Валянціне Міхасёвай быў паказаны відэазапіс, зроблены супрацоўнікамі абласной міліцэйскай управы. Відэастужка аказалася кароткая, бо затрыманыя прайшлі разам усяго каля 100 мэтраў, перш чым ім загадалі сядаць у міліцэйскія машыны. А Вера Кавалёва ўвогуле не пасьпела за гэты час раздаць віцебскім мінакам ніводнай улёткі. Затрымлівалі дзьвюх кабет ужо даволі сталага веку й аднаго саракагадовага мужчыну восем міліцыянтаў і чатыры байцы АМОНу.

На думку затрыманай Алены Залескай, нічога супрацьзаконнага ўчора актывісты не рабілі – гэта яна й заявіла суду.

(Залеская: ) “Мы ўчора папросту праводзілі інфармацыйную работу – раздавалі абсалютна легальную газэту “Товарищ” і ўлёткі пра тое, што 27-га ліпеня – Дзень незалежнасьці Беларусі. А нас вінавацяць у тым, што мы прыцягвалі да сябе ўвагу й правялі несанкцыянаванае шэсьце”.

Як засьведчыў у судзе начальнік раённага аддзелу прафіляктыкі правапарушэньняў Аляксандар Каліноўскі, увагу мінакоў найперш забірала Алена Залеская – сваім бела-чырвона-белым шалікам і значком “За свабоду!”.

Дарэчы, гэтыя шалікі сяброў АГП міліцыянты ўжо даўно ўважаюць за забароненую сымболіку. Старшыня гарадзкой арганізацыі АГП зазначыла: на ейны запыт у пракуратуру пра тое, у якіх колерах маюць апранацца жыхары Віцебску, не было адказу пра татальную забарону колераў нацыянальнага сьцяга.

Алена Залеская ў судзе

Вера Кавалёва, Алена Залеская, Уладзімер Сіманковіч
XS
SM
MD
LG