Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як зьмянілася вашае жыцьцё за 12 гадоў кіраваньня Аляксандра Лукашэнкі?


Сяргей Астраўцоў, Горадня Гэтае пытаньне наш карэспандэнт задаваў мінакам у Горадні.

(Спадар: ) “Нашае жыцьцё зьмянілася ў лепшы бок. Але дзякуючы асабіста мне. Прэзыдэнт тут ні пры чым”.

(Спадарыня: ) “Вы ведаеце, я хацела б шчыра адказаць на гэтае пытаньне. Але, на жаль, не магу. Таму што мне яшчэ жыць у гэтай краіне, тут гадуецца ў мяне дзіця. Таму шчыра я адказаць не магу. А маніць не хачу. Адзінае магу сказаць: ніякіх добрых зьменаў у нас не адбылося”.

(Спадар: ) “Сказаць, што мы жывём амаль, як на Захадзе, я не магу. Я лічу, што тут папросту патрэбны эканамічныя й дэмакратычныя рэформы”.

(Спадарыня: ) “Вы ведаеце: жыцьцё зьмянілася. Таму што, дзякуючы ягонай палітыцы, у мяне нарадзілася дзіця. Бо ён даў пазыку на заканчэньне будаўніцтва дому”.

(Спадар: ) “Жыцьцё зьмянілася, вядома, да горшага. Калі параўноўваць з пачаткам 90-х гадоў, свабоды ў нас стала значна менш. Калі толькі ўвогуле яна яшчэ ёсьць”.

(Малады спадар: ) “А ніяк не зьмянілася жыцьцё: лепей ня стала, а, можа быць, нават і стала горш. Калі параўноўваць з узроўнем жыцьця раней, дык заробкі цяпер сталі меншыя”.

(Маладзён: ) “Я ўвогуле толькі тры месяцы назад уладкаваўся на працу: быў у Нямеччыне, працаваў там. Гэта два розныя жыцьці, два розныя мэнталітэты, усё зусім іншае. Там лепей”.

(Спадар: ) “Я радыкальна зараз буду мяняць жыцьцё. Хачу зьехаць адсюль. Калі ў краіне няма лібэралізацыі, дык абавязкова будуць праблемы ў эканоміцы”.

(Сталы спадар: ) “Спачатку было ўсё нармальна, а цяпер ён “локшыны” на вушы людзям вешае – літаральна пачынаючы з апошніх выбараў. У яго няма ўжо ніякіх рэсурсаў. Адбываецца суцэльны падман. Ён ведае, што падтрымкі ў Расеі яму болей ня будзе. Так дапахваляўся, што менавіта беларускі спадарожнік ляснуўся. І так будзе з краінай цераз пару гадоў – з пахвальбы пакладзе краіну”.

(Малады спадар: ) “Жыцьцё зьмяняецца, але ня так, як хацелася б. Не даюць прыватным уласьнікам працаваць, прыватнаму бізнэсу разьвівацца”.

(Спадар: ) “Калі сур’ёзна, можа, крыху стала лягчэй. Але дэмакратычных свабод у нас ня стала зусім за гэты час”.

(Спадар: ) “Усё палепшала: дом збудавалі, сын гадуецца, заробкі большыя сталі”.

(Сябра: ) “А я хачу сказаць: хай нешта палепшылася, але шанцаў жыць добра няма”.
XS
SM
MD
LG