Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Гомельшчыне вяскоўцы жнуць у чаканьні папярэдніх заробкаў


Радыё Свабода, Гомель Ужо амаль тыдзень ува ўсіх без выключэньня гаспадарках Гомельскай вобласьці вядзецца масавае жніво. Аднак у многіх калгасах і саўгасах Буда-Кашалёўскага, Добрускага, Ельскага раёнаў земляробы яшчэ не атрымалі заробку за чэрвень.

Найбольш такіх гаспадарак у Буда-Кашалёўскім раёне. Агулам яны вінны вяскоўцам за чэрвень звыш за 600 мільёнаў рублёў.

Кіраўніцтва райсельгасхарчу да апошняга часу спасылалася на тое, што затрымлівае разьлікі за малако Рагачоўскі малочнакансэрвавы камбінат. Апошні, дарэчы, учора пералічыў у Буда-Кашалёва некалькі соцень мільёнаў рублёў.

Аднак ня ўсюды грошы ідуць на выплату заробку вяскоўцам.

Распавядае галоўная бугальтарка сельгаспрадпрыемства “Бацунь” Буда-Кашалёўскага раёну:

(Бугальтарка: ) “Малочныя заводы з намі разьлічыліся ўчора. Грашыма, што патрапілі нам на рахунак, пагашаем крэдыт. А банк толькі ў панядзелак дасьць нам новы крэдыт. У панядзелак да абеду мы й выплацім заробак за чэрвень”.

У Ельскім раёне – цьвердзяць у райсельгасхарчы – сёньня выплачвалі чэрвеньскі заробак працаўнікам апошніх дзьвюх гаспадарках. Так сказала галоўная эканамістка Ельскага райсельгасхарчу Аляксандра Кураленка.

(Кураленка: ) “У нас засталося дзьве гаспадаркі. Яны сёньня атрымліваюць заробак. Гэта – “Скароднае” й “Млынок”. Мазырскі малочны завод дрэнна разьлічваецца з намі. На сёньняшні дзень яны завінаваціліся нам каля 300 мільёнаў рублёў”.

Намесьнік дырэктара Мазырскага малаказаводу Іван Занкевіч аспрэчвае наяўнасьць пратэрмінаванай запазычанасьці калгасам Ельскага раёну. Затое, паводле спадара Занкевіча, заводу почасту даводзіцца сплачваць за калгасы, паводле рашэньняў гаспадарчага суду, розныя сумы крэдытарскай запазычанасьці. Акурат гэтага кіраўнікі гаспадарак і ня хочуць прызнаваць.

Ліпеньскага заробку вяскоўцам у рэгіёне яшчэ наагул не налічвалі. І хаця калгасы пачалі ўжо здаваць збожжа на элеватары, на грошы ім спадзявацца ня варта. У тым жа Буда-Кашалёўскім раёне, паводле зьвестак эканамічнай службы райсельгасхарчу, калгасы й саўгасы ўжо заклалі 38 адсоткаў новага ўраджаю пад раней атрыманыя крэдыты.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG