Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандра Казуліна перавялі ў турэмны шпіталь у калёніі на Кальварыйскай


Радыё Свабода Маці й сястру Аляксандра Казуліна не пусьцілі на спатканьне зь ім у турэмным шпіталі, куды палітык патрапіў, паводле афіцыйнай вэрсіі, дзеля мэдычнага абсьледаваньня.

Сёньня, 28 ліпеня, не адбылося спатканьня Аляксандра Казуліна з маці, Яўгеніяй Дудко, і сястрой Аленай. Маці й сястра палітыка напярэдадні атрымалі дазвол на спатканьне ў судзе Маскоўскага раёну Менску. Але ў сьледчым ізалятары на вуліцы Валадарскага, дзе пасьля суду трымаюць экс-кандыдата на прэзыдэнта, ім сёньня заявілі, што Аляксандар Казулін пераведзены ўжо ў менскую калёнію на вуліцы Кальварыйскай.

“Нават прычын пераводу не патлумачылі. Адказалі, што няма яго, – і ўсё”, – абураецца спадарыня Дудко. Толькі ад супрацоўнікаў менскай калёніі жанчынам удалося даведацца, што Аляксандра Казуліна перавялі ў рэспубліканскі турэмны шпіталь, які знаходзіцца на тэрыторыі калёніі, і яго чакае мэдычнае абсьледаваньне. Што да прызначанага спатканьня з сынам, то яно не адбылося. Распавядае маці Аляксандра Казуліна:

(Яўгенія Дудко: ) “Нам адказалі, што ніякага спатканьня ня будзе, бо ў іх не рэжымны дзень – спатканьні можна правесьці толькі па серадах. І мы мусілі вярнуцца дадому. Ехала я на спатканьне з такім добрым настроем, а вярнулася зноў, як пасьля суду, быццам прыбітая”.

Заўтра, 29 ліпеня, у Яўгеніі Дудко дзень народзінаў – ёй споўніцца 74 гады. Жанчына разьлічвае пачуць ад сына віншаваньні ў наступную сераду, 2 жніўня, але ня ўпэўнена, што й тады спатканьне адбудзецца. Паводле яе, пасьля абсьледаваньня ў шпіталі сына ў любы дзень могуць вярнуць у ізалятар на вуліцы Валадарскага. Калі Казуліна будуць абсьледаваць дактары, ягоным сваякам не паведамілі.

У няволі экс-кандыдат на прэзыдэнта Аляксандар Казулін – з 25 сакавіка. Нядаўна, паводле сваякоў і адвакатаў, ён паскардзіўся на пагаршэньне зроку. Генэральны пракурор Беларусі Пётар Міклашэвіч на мінулым тыдні заявіў журналістам, што ў бліжэйшы час Аляксандра Казуліна абсьледуюць дактары.

Нагадаем: суд Маскоўскага раёну Менску 13 ліпеня засудзіў экс-кандыдата на прэзыдэнта Аляксандра Казуліна на 5 з паловай гадоў зьняволеньня за хуліганства й арганізацыю вулічных беспарадкаў. Палітык вінаватым сябе не прызнае й кажа пра перасьлед паводле палітычных прычын. Міжнародныя праваабарончыя арганізацыі прызналі ўжо Аляксандра Казуліна вязьнем сумленьня.
XS
SM
MD
LG