Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Старшыня незалежнага прафсаюзу накіраваў магілёўскім уладам пратэст


Радыё Свабода, Магілёў Старшыня Беларускага прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці Генадзь Федыніч накіраваў старшыні Магілёўскага гарвыканкаму Віктару Шорыкаву і абласному пракурору заяву, у якой выказвае пратэст ў сувязі з тым, што гарадзкія ўлады некалькі разоў адмаўлялі мясцовым прафсаюзным актывістам ў правядзеньні акцый пратэсту.

Актывісты зьбіраліся правесьці пікет напрыканцы ліпеня на пляцоўцы каля гарадзкога Дома культуры – адзінага дазволенага ўладамі месца ў абласным цэнтры. Аднак ім адмовілі на той падставе, што нібыта ў гэты дзень будзе праводзіцца дзіцячае мерапрыемства.

Прафсаюзныя актывісты зьбіраліся пратэставаць супраць кантрактнай сыстэмы, а таксама супраць таго, што гарвыканкам шмат разоў адмаўляўся паставіць на ўлік іхную суполку. У такой жа сытуацыі апынуліся магілёўскія сацыял-дэмакраты, якія атрымалі дазвол на пікетаваньне ў падтрымку Аляксандра Казуліна.

Прафсаюзны лідэр Генадзь Фядыніч папярэджвае прадстаўнікоў улады, што прафсаюз будзе пераносіць акцыю пратэсту на 8 жніўня і правядзе яе ў любым выпадку. Калі будуць пакараныя бязьвінныя людзі, ён будзе зьвяртацца ў Камітэт ААН па правах чалавека і Міжнародную арганізацыю працы.
XS
SM
MD
LG