Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Усе ў калгасе так бедна жывуць, толькі 3 % такіх “князёў”... Гэтыя гультаі прывялі народ да жабрацтва, а зараз хочуць Расеі нас прадаць".


Радыё Свабода Водгукі слухачоў за пятніцу, 28 ліпеня. Круглыя суткі вы можаце тэлефанаваць па менскім нумары 290-39-52 і пакідаць свае водгукі на нашым аўтаадказьніку, а таксама дасылаць СМС-паведамленьні па нумары 391-22-24.

(Вольга з Баранавічаў: ) “Пры Іёсіфу Вісарыёнавічу песьня “будаваць і жыць дапамагала,” а ў нашых абставінах хочацца новага зьместу ў радках вядомага маршу. Напрыклад: “Мы разам зь песьняй хлусьню пераможам, яна наш сябр, што ня кіне нідзе, і хто пяе й адлучыцца ня можа, той нават у турмах, дасьць Бог, не прападзе.” Прапаную ўвесьці музычную застаўку “Песьня для вязьня,” а маладзёнам з “Партнэрства,” якіх судзяць, то і цэлы дзень прысьвяціць іхнім заяўкам прыканцы кожнай гадзіны”.

(Спадар: ) “Грамадзтва, прачніцеся! Тое, што творыцца ў сёньняшняй Беларусі, гэта палітычнае шаленства і палітычнае маргінальства. Чым чуць акупацыйную мову, насамрэч лепей вывучаць чужую мову ў другой краіне. Дзякуй”.

(Спадар: ) “Грамадзтва, дзень добры! Трэба быць далямітам нерухомым (гэта я пра Лукашэнку), каб запрашаць Чавэса. Людзі добрыя, гэта што? Каб саюз трымаць з дыктатарам з Вэнэсуэлы?! Цырк! Летнія гульні! Электарат, вы ж беларусы! Ці ж усё не? Хто ж мы, спадарства? Як пра нас гаворыць Эўропа, ды і Расея? Жарты ці што? Адказвайце, грамадзтва! Дзякуй”.

(Спадар: ) “Віншую ўсіх беларусаў зь Днём незалежнасьці! Жыве Беларусь!”

(Спадарыня з Магілёву: ) “Паслухала пісьмо Віктара Жызьнеўскага, па-мойму, пра прадажнасьць апазыцыі. Напэўна, гэты чалавек жыве ў сьвеце, дзе ўсё прадаецца і купляецца. На сабе, пэўна, такое выпрабаваў. Ня трэба, паважаны, стрыгчы ўсіх пад адзін грэбень. Што ўласьціва вам, не прымальна для іншых. Аляксандр Мілінкевіч і ўсе яго паплечнікі, і тыя, хто сядзіць у вязьніцы, змагаюцца за свабоду, незалежнасьць Рэспублікі Беларусь, якая не прадаецца, не купляецца. Нічога ня варта свабода, якую можна купіць і прадаць. Лукашэнка свой асяродак купіў і можа ў любы момант яго прадаць, калі ён яго аслухаецца. Так што, паважаны, вы ня ў той агарод камень кінулі. Прабачце, я крыху хвалявалася…”

(Спадарыня: ) “Прывітаньне, “Свабода”! Віншую са сьвятам, зь Днём незалежнасьці. Хачу паведаміць, што патрыёты Жыткавічаў таксама адзначылі сёньняшні дзень. На цэнтральнай вуліцы горада на электрычным провадзе некалькі гадзінаў вісеў наш нацыянальны бел-чырвона-белы сьцяг, былі расклееныя ўлёткі, віншаваньні, паведамленьні…”

(Марыя Іванаўна зь вёскі Квасоўка: ) “Добры дзень, Радыё Свабода! Якое можа быць праўленьне Лукашэнкі? Дзе яно? Яго няма. Самавольства ў краіне, наймацнейшае самавольства. Лукашысты, што хочуць, тое і робяць. Мы на бураках на сьпёцы душыліся, і за 6 праполак 40 сотак плацілі 15-17 тысяч, за ўсе праполкі. А кіраўнік калгаса, а таксама Лукашэнка адпачываюць у самых лепшых санаторыях. Яны не працуюць, і жонкі матычкі ў рукі ня бралі. За людзкія грошы ставяць сабе і дзецям маёнткі, купляюць шыкоўныя машыны, шыкоўныя футраныя капялюшы, наймаднейшы абутак. Праходзячы каля цябе, нахабна пасьмейваюцца. Я лічу, што гэта недалёкія людзі, але для нас, простых людзей, яны небясьпечныя, яны ператварылі нас у жабракоў і бяздомных. І ўсе ў калгасе так бедна жывуць, толькі 3 % такіх “князёў”. Проста сьмешна! Гэтыя гультаі прывялі народ да жабрацтва, а зараз хочуць Расеі нас прадаць. У іх моцны кулак і нахабства. Але ж трэба мець яшчэ і сумленьне чалавечае”.

(Спадар: ) “Скажыце, калі ласка – жанчына хваліцца, што яна пэнсіянэрка, удзельніца вайны, атрымлівае 590 тысяч і добра жыве. А я, напрыклад, працаваў усё жыцьцё зваршчыкам, нюхаў газы, усялякія цяжкія мэталі, і нават 300 не атрымліваю – 250. Дык можна мне хваліць Лукашэнку ці не? А яна хваліцца, што 600 тысячаў атрымлівае. Скажыце, калі ласка. А па-другое. Ізраіль ваюе, людзі гінуць. А наш ваюе са сваім народам. І толькі крычыць: “Халакост!” А сам нішчыць беларускі народ, Лукашэнка сам зьдзяйсьняе Халакост над народам сваім.”

(Спадарыня: ) “Дзень добры, шаноўная “Свабода”! Я ўчора вечарам і сёньня раніцай вас не паслухала. Я з бальніцы, таму хацела паслухаць вашы навіны, але нічога не пачула з-за шуму. Шум, і чую голас “Свабоды,” але ніводнага слова не разабрала. Выключу пайду, праз 15 хвілін зноў падыду, але тое самае. І аж да 8 гадзін такое было. Дзякую за ўвагу”.

(Спадарыня: ) “Учора мяне, зусім сьляпога чалавека, у нашай краме прадавачка хацела падмануць на цэлых 2 кіляграмы цукру! І калі я ёй пра гэта сказала, яна ўчыніла вялізны скандал, пасьля якога мне было вельмі дрэнна. Я не магу больш трываць, як людзей нахабна падманваюць у нас на вагах, кідаючы ім па высокай цане маленечкія бітыя сапсаваныя яйкі. Шматлікія жыхары нашага раёну з абурэньнем кажуць: “Навошта гэтая крама існуе, калі людзі вымушаны шукаць прадукты ў іншых месцах горада?” А хлеб у нашай краме бывае вельмі страшна купляць”.
XS
SM
MD
LG