Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзе зьявіцца паштовая марка “Першы беларускі касьмічны спадарожнік”?


Радыё Свабода У ліпені на электронным сайце “Белпошты” была разьмешчана выява новай паштовай маркі “Першы беларускі касьмічны спадарожнік”. На ёй адлюстравана, як над блакітнай плянэтаю уздымаецца залацісты квадрат з крыламі сонечных батарэяў. Які лёс чакае гэтую навінку айчыннай філятэліі пасьля таго, як касьмічны апарат “БелКа” разьбіўся ў стэпах Казахстану?

Сябра мастацкага савету пры Міністэрстве сувязі Беларусі Леў Коласаў гаворыць, што выраблялася гэта марка зь цяжкасьцю.

(Коласаў: ) “Мастак, які маляваў гэтую марку – ён перарабляў яе некалькі разоў. То колеры не такія былі, то ракурс. Хлопцы, якія малявалі гэтую марку, яны хадзілі ў інстытут, які рабіў гэтую самую “БелКу”. І яны глядзелі толькі контуры, а як яна будзе выглядаць яшчэ ніхто ня ведаў”.

Паводле словаў Ільва Коласава, у кароткай гісторыі беларускай філятэліі ўжо сустракаліся кур''ёзныя выпадкі:

(Коласаў: ) “Такія рэчы зь беларусмкімі маркамі здараліся толькі тады, калі яны друкаваліся ў Маскве. Да прыкладу, 50 гадоў Перамогі з помнікам перамогі ў Менску – вось такія маркі ёсьць беззубцовыя. Луканэнка ёсьць беззубцовая марка. Ёсьць аматары, якія калекцыянуюць усялякія такія недарэчнасьці. Калісьці выйшаў паштовы блёк зь беларускім надпісам “Лекавыя расьліны”, а хтосьці ўзяў ды выправіў на “Лековые расьліны”. Выявілі такую памылку – камусьці далі вымову, камусьці зьнялі прэмію. Далі “па шапцы”, ды й усё”.

Пасьля аварыі “БелКі”, ці зьявіцца ажыятаж сярод філятэлістаў на скрадзеныя альбо падробленыя маркі зь яе выяваю? Разважае вядомы менскі калекцыянэр Анатоль Кіраў:

(Кіраў: ) “Прыкладана, як Леванеўскі – дакладна гэткая ж гісторыя. Гэта марка 1937 году, называецца “Пералёт Масква – Сан-Францыска”, адна з самых дарагіх марак Савецкага саюзу. Марку надрукавалі, а Леванеўскі грымнуўся. У любой краіне калі марка афіцыйна вырабленая, то яна афіцыйна існуе. Калі яна афіцыйна выдаленая, значыць так і мусіць быць. За межы эмісійнага цэнтру, у гэтым выпадку Беларускага дома друку, яна можа патрапіць толькі злачынным шляхам. У паштовай гісторыі любой краіны гэта ёсьць”.
XS
SM
MD
LG