Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Летні Альбом" -- павільён “Сустрэча”


Вінцэсь Мудроў, Полацак Новая перадача сэрыі "Летні альбом". Страшныя, сьмешныя, забытыя словы і паняцьці пары застою ўспамінае Вінцэсь Мудроў.

Яшчэ на маёй памяці паблізу вакзалаў ды кірмашоў стаялі дашчатыя, фарбаваныя блакітнай фарбай будыніны. Афіцыйна яны называліся павільёнамі “Піва-воды”, а неафіцыйна “блакітнымі дунаямі”. У павільёнах прадавалі бочкавае піва, якое пампавалі ручной помпай. Там, дзе не было вадаправоду, на ўзвышку мацавалі ёмістасьць з вадой, якая злучалася з мыйкай. Прадавачка ставіла кухаль на мыйку і ён акрапляўся двума кволымі струменьчыкамі, якія не давалі рады нават зьбіць пены.

У сярэдзіне шасьцідзесятых замест “блакітных дунаеў” паўсталі павільёны, вонкава падобныя да акварыюмаў. З трох бакоў яны былі шкляныя і насілі рамантычныя назвы: “Хвілінка”, “Ветрык”, “Сустрэча”. Піва там прадавалі ўжо ня з бочак, а зь вялікіх ёмістасьцяў, куды яго запампоўвалі з аўтацыстэрнаў.

Абсталюнак павільёнаў быў стрымана-аскетычным. Адсутнічалі нават крэслы. Стаялі адно высокія круглыя сталы. Вакол стала звычайна гуртавалася пяць, а то і болей чалавек, а пасярэдзіне яго, на абрыўку газэціны, ляжалі кішкі вэнджанай стаўрыды.

Узяўшы кухаль, наведнікі часьцяком выходзілі на вулку, масьціліся на вулічнай лаве, ці на каналізацыйным люку, што вытыркаўся зь зямлі. Адразу можна было ўзяць толькі два кухлі, бо на ўсіх не хапала. Таму плацілі наперад за тры літры, і потым з воклічам: “Паўтарыць!” перадавалі пустыя кухлі праз людзкія галовы. Пенныя хлапякі патраплялі некаму за каршэнь, але ніхто асабліва не абураўся: усе праглі прыпасьці да гаючага напою. Ну а калі прыпадалі, пілі вылупіўшы вочы і, адарваўшыся ад кухля, адчайдушна выдыхалі: “Ой, ...ля-а…”

Зрэшты, надараліся ў павільёнах і бойкі. Часьцей ад усяго перападала інтэлігентнага выгляду асобам. Забяжыць які інтэлігент пры гальштуку наталіць смагу кружачкай піўца. І тут жа натыкнецца на ўцэпісты позірк тутэйшага заўсёдніка ды пачуе злавесны шэпт: “Не пазнаеш?” Былі выпадкі, калі інтэлігенты адкупляліся двума кухлямі.

Хаця ў павільёне вісеў пагрозьлівы плякат: “Прыносіць і расьпіваць сьпіртныя напоі забаронена!”, на яго ніхто не зьвяртаў увагі. Гарэлку таксама пілі з кухляў. Адзіны, хто з гэтай нагоды абураўся, была тамтэйшая прыбіральшчыца. “П’яніцы няшчасныя”, -- мармытала старая цётка, завіхаючыся са швабрай. Абуралася дзеля прыліку. Пасьля п’яніц заставалася гара бутэлек, якія яна здавала, і гэта быў сур’ёзны даважак да заробку. Так што тыя цёткі, калі яны яшчэ жывыя, і да сёньня добрым словам згадваюць застойныя часы і бразгат пляшак у павільёне “Сустрэча”.
XS
SM
MD
LG