Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Анатоль Вярцінскі напісаў верш на сьмерць Янкі Брыля


Радыё Свабода Сёньня Беларусь разьвіталася з народным пісьменьнікам Янкам Брылём, які памёр 25 ліпеня, не дажыўшы 10 дзён да 89 гадоў.

Пісьменьніка пахавалі на могілках у Калодзішчах пад Менскам. Разьвітацца зь ім прыйшлі сотні беларусаў, родных, сяброў, калег-літаратараў. Адзін з іх паэт Анатоль Вярцінскі ля труны Янкі Брыля прачытаў прысьвечаны яму верш, які ён напісаў сёньня на досьвітку. Анатоль Вярцінскі сказаў, што асабіста яго найбольш бянтэжыць маўчаньне Янкі Брыля, які заўсёды быў цікавым суразмоўцам, якога ўсе ўважлітва слухалі, запаміналі, суперажывалі.

(Вярцінскі :) “Іван Антонавіч! Нешта ні слова, ні гуку. Што вы, Іван Антонавіч, досьціпу валадар? Іван Антонавіч! Нешта ні жэсту, ні руху… Дзе ж, Іван Антонавіч, таварыскасьці вашай дар?

Дзе, Іван Антонавіч, позірк ваш усьмешлівы? Ці ўжо немагчыма болей вам узьняць павек? Так, вы пра гэта думалі, нагадвалі нам канешне вы: “Memento mori”,– пісалі, – помні, маўляў, чалавек.

Ды вось вы замоўклі, і ўсё гэта непадобна На вас, красамоўца, жывога слова мастак. Вы маўчыцё, вы ў немаце і суме. І гэта так Янку Брылю не пасуе.

Вы маўчыцё, ні слова, ні паўслова, Як тут немата не дарэчы, як не пасуе яна… Прабачце, забыўся, што мабыць сваёю размовай Турбую я вас на пачатку вашага вечнага сна…”
XS
SM
MD
LG