Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Начная аБЛОГа" – 27 ліпеня


Дзьмітры Падбярэскі, Менск Прывітаньне! Ні ўдзень, ні ўночы не спыняецца жыцьцё беларускага Сеціва. Вось што патрапілася ў ім 27 ліпеня.

Нехта zedlik, уладальнік сайту www.zedlik.com, у сваім ЖЖ дзёньніку дзівіцца: “Зараз у большасьці новых менскіх аўтобусаў перад пярэднімі дзьвярыма панавешвалі розных электронных бягучых радкоў. Сёньня там кожныя дзьве хвіліны круцілі выраз: “Паважаныя мінчане і госьці сталіцы! “Мінсктранс” віншуе вас з Днём Незалежнасьці Рэспублікі Беларусь. Жадаем вам здароўя, міру і дабрабыту!”.

На форуме сайту “Менсктрансу” працягваецца гарачае абмеркаваньне зьняцьця тралейбуснага руху па прасьпэкту Пераможцаў (былы Машэрава) ў Менску. Нехта Мінчанка піша: “Вялікая просьба: калі ўжо зьнялі 21 тралейбус, наладзьце тады “экалягічны” аўтобус замест яго па тым жа маршруту! І вярніце маршрут 69 на ранейшае месца, а не кругамі каб хадзіў! Што гэта за клопат такі — пакінуць жыхароў Масюкоўшчыны без транспарту?”

Дошка аб’яў на сайце www.myminsk.com Сярод іншых ёсьць і такая аб’ява: “Толькі жывы трапічны матыль можа зьдзівіць, захапіць… Выпуск жывых матылёў на вясельлях, прэзэнтацыях, карпаратыўных вечарынах — гэта унікальная альтэрнатыва пшану, птушкам і паветраным шарам”.

Калі вы жадаеце паглядзець, як выглядаюць Сьмілавічы з космасу, параю вам наведаць сайт www.smilovichi.info. Гісторыя гораду, нарысы пра вядомых людзей — ураджэнцаў Сьмілавіч і нават геаграфічныя каардынаты гораду: 53,75 градусы паўночнай шырыні, 28,0167 градусаў усходняй даўжыні, вышыня па-над узроўнем мора 156 мэтраў”.

Карыстальнік BRSM у сваім ЖЖ дзёньніку выкрывае: “Сёньня ноччу опаўскія баявікі пад кіраўніцтвам Мілінкевіча і Кандалізы Райс зьдзейсьнілі злавесную дывэрсію і зьнішчылі першы беларускі спадарожнік БелКА! Мілінкевічу — 9 гадоў! Судзьдзя Рыбакоў ужо пачаў працаваць над справай”.

Карыстальнік Агафон са спасылкай на сайт АГП паведамляе, што дыскі з запісамі груп “The Beatles” і “Deep Purple” забралі падчас ператрусу ў кватэры актывіста моладзевых дэмакратычных сіл Тацьцяны Дзядок. Альбомы з клясычнай музыкай КДБ не зацікавілі. “Раней адмянялі канцэрты “N.R.M.”, забаранялі беларускі рок у эфіры FM-станцый, — піша Агафон. — Цепер вось ужо да рок-клясыкі дабраліся. Саўковы маразм мацнее. Такімі тэмпамі хутка да “Маральнага кодэксу будаўніка лукашызму” дойдзем”.

Безумоўна карысны сайт карт Беларусі. Тут можна даведацца ў тым ліку і пра адлегласьці паміж населенымі пунктамі. Я зрабіў запыт, колькі кілямэтраў паміж Менскам і вёскай Малое Сітна, дзе адбывае тэрмін Павал Севярынец. Адказу не атрымаў. А вось паміж Менскам і Полацкам — 250 кілямэтраў.

Дасылайце нам свае ідэі для “Начной аблогі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Таксама тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 290-39-52 і дасылайце СМС паведамленьні на нумар 391-22-24.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG