Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Падарожжы Свабоды" -- Дубрава (фота)


Віталь Сямашка, Маладэчанскі раён Новая перадача сэрыі “Падарожжы Свабоды” (Эфір 25 ліпеня).

Сапраўдную летнюю вандроўку паабяцала мне яшчэ колькі часу таму даўняя знаёмка – абаяльная сп. Лія Салавей, вядомая фальклярыстка, дасьледчыца старажытнай міталёгіі й магіі. Не, нічога мітычнага з намі ў Дубраве, што на Маладэчаншчыне, ня здарылася. Але каб убачыць адпаведныя назове паселішча векапомныя волаты-дрэвы, прыйшлося караскацца па зарослых учэпістай расьліннасьцю, пакручастых схілах старажытнага гарадзішча. Назіраючы, зь якой радасьцю мая суразмоўніца падлічвае на шляху маладыя дубкі, пытаю, ці давялося хоць у маладосьці пагуляць у чыстых, шчырых дубровах – нябожчык-муж сп. Ліі быў карэнным дубраўчанінам.



(Салавей: ) “Не, чыстых не было, але трапляліся спасярод лесу. А на пагорках яны пашыраюцца. Гэтаму спрыяюць сойкі: разносяць жалуды, хаваюць. Праз пэўную колькасьць гадоў узыходзяць дубочкі маладыя, і паціху запаноўваць нават. Такая ўзгоркавая перасечаная мясцовасьць вабіць да сябе са старажытных часоў: з гары ж далёка бачна. Да таго ж, падрыхтавацца лацьвей, калі ворагі падступаюць. А ў нізе лягчэй схавацца, як надзеі на перамогу няма”…

Геаграфічнае становішча Дубравы выключнае: 14 вуліц невялікага паўтысячнага мястэчка за паўсотні кілямэтраў ад Менску агінаюць аж тры чыгуначныя станцыі. Сп. Лія згадвае…

(Салавей: ) “Калі была прыватная ўласнасьць на зямлю, за польскім часам, – змагаліся за кожны яе лапік. Таму што не хапала. Між тым, лепшыя сучасныя ўраджаі дараўноўваюцца да таго, што здабывалі сяляне на сваіх дзялках”…

За савецкім часам у саўгасе “Дубрава” здавалі штогод больш за тысячу тон ялавічыны ды па 150 – сьвініны. Дзейнічаў сьпіртзавод, што вытвараў за дзень 300 дэкалітраў высокаякаснага, як тут казалі, аптэчнага сьпірту. Тут жа была й вялізная плянтацыя хмелю. З пачаткам перабудовы мястэчка зьведала вытворчы, а ўсьлед і валютны бум – спамінае экс-дырэктар саўгасу 72-гадовы Андрэй Казіміравіч Буры.

(Буры: ) “Здавалі мы для аптэк гэты сьпірт, перапрацоўвалі праз “Крышталь” на рэтыфікат, і ў нас з 85-га году зьявілася валюта – дзякуючы сувязям з ГДР, Фінляндыяй, Польшчай. Купілі мы тады ў Нямеччыне шэсьць бульбазьбіральных камбайнаў. Вы ўяўляеце: на 5-6 чалавек рабочых – камбайн. Мелі па 3–4 га за дзень?! Нармальна зараблялі – 200, 300, 500. Крыху даражэйшы рубель быў за даляр. Стратнай гаспадарка не была ані дня. Вось моладзь мы акурат гэтым і трымалі – ніхто не паверыць”… (Апошнюю фразу сп. Буры сказаў, бадай, ужо як цяперашні стараста Дубравы.)

Колькасьць навучэнцаў тутэйшай сярэдняй школы перавальвала за тым часам, дарэчы, за 600. Цяпер не дацягвае й да сотні. Дый выпускнікі надоўга не затрымліваюцца. У гэтым я пераканаўся ў часе сустрэчы з 16-гадовай Вольгай Зянчук, якая марыць зьехаць вучыцца ў Менск на цырульніцу, ды 14-гадовай Марынай Карук.

(Зянчук: ) “Калі заставацца ў Дубраве, дык толькі ісьці ў калгас працаваць альбо ў краму. А так трактарысты, на фэрмах даяркі працуюць – рана-рана ўстаеш, позна-позна прыходзіш – за 300 тысяч”.

(Карук: ) “Я заўтра паеду ў Менск падаваць уступныя дакумэнты ў гандлёвы каледж на бухгалтара. Вяртацца ў Дубраву таксама не хачу”…

Абвал пачаўся калі, паводле прынятай практыкі, былы саўгас-мільянэр далучылі – “дзеля падмацаваньня” – да стратнай дагэтуль Менскай птушкафабрыкі. І, як той казаў, плакалі грошыкі. Пра вынікі ўсяе тае эпапеі сп. Буры гаворыць коратка, увачавідкі пазмрачнеўшы.

(Буры: ) “Мы лічыліся за аддзяленьне, а цэнтар Аляхновічы (там кіраўніцтва) адказваў за фінансы. Усё “даходзіла” – кароўнікі, абсталяваньне. Скаціны таксама рэзка паменела”…

Дарэчы, жывёльны двор зьбяднеў ад 4 600 галоў да 600-сот. 5 гадоў прастойвае ўжо й сьпіртзавод, які, пасьля зьмены гаспадара, выпаў з вытворчага аб’яднаньня “Крышталь”: з прычыны падаражэньня паліва падскочыў сабекошт сьпірту. Будынак старажытнага бровару – а менавіта ў гэтай якасьці завод паўстаў роўна стагодзьдзе таму – лічыцца тут за архітэктурную каштоўнасьць. Ля яго мы й сустрэлі экс-дырэктара, а цяпер вартаўніка сп. Струка. Аркадзь Іванавіч штодня старанна абыходзіць тэрыторыю.



(Струк: ) “Тут абсталяваньне, маторы, будынкі. У “Крышталю” інтарэсу да гэтага няма. У іх ёсьць сваё аб’яднаньне спіртзаводаў. Таму патрэбы ў пуску нашага аніякай. З Расеі прыяжджалі, з трох кампаній, купіць – папросту як будынак. А што зь ім рабіць? “Вырабляць кармавыя дрожжы, – казаў адзін. – А завод, раз незапатрабаваны, прадаць”…

***

Са сп. Ліяй Салавей схадзілі на могілкі ў Дубраве. Помнікі тут адмысловыя: цэмэнтовыя сілуэты дубкоў – розных памераў і канфігурацый. А пад імі – грыбкі.

Спадарожніца мая ўздыхае…

(Салавей: ) “Пусьцее вёска. Ідзём, ідзём – людзей няма, на вуліцах неяк маркотна. Толькі крумкачы крычаць. Фэрма паблізу – спажыву чуюць”…

Настрой нам нечакана прыўзьняў 16-гадовы Паша, што басанож тупаў насустрач. Разгаварыліся. Працуе падвозчыкам кармоў цялятам.

(Паша: ) “Рублёў 150 даюць. Думаю застацца тут працаваць вэтлекарам – буду падаваць дакумэнты на адукацыю. У Дубраве мне ўсё падабаецца – прырода, клімат, лес самы лепшы. Ёсьць яшчэ цэлыя лясы дубоў – вепрукі дзікія ходзяць у першародных мясьцінах”…

(Карэспандэнт: ) “Дык што – Дубрава мае пэрспэктыву, ці памірае?”

Да нашага гурту далучаецца карэнная дубраўчанка, школьная гардэробшчыца, сп. Браніслава Барадак.

(Барадак: ) “Не, яшчэ маладыя людзі жывуць. А во Бярэзінка цячэ”…

(Карэспандэнт: ) “Ну, Бярэзінка дык памірае, без сумневу (сьмяюся)”…

(Барадак: ) “Але хоць колькі вады ёсьць заўжды, бо дрэвамі абсаджана – не перасыхае. Як летам, дык хораша: зелёнае ўсё. Яблык многа. Нехта возьме – не прападаюць”…

Са спадарыняй Браніславай уваходзім у двухпавярховы будынак сярэдняй школы. На пытаньне, які занятак цяпер вынаходзяць сабе вучні, завуч Ала Мікалаеўна Зяневіч разважае…

(Зяневіч: ) “З раніцы, а сёмай, сядаюць на ровары – і за 5 км едуць на кірмашык. Вязуць малако на Пралескі: там дачнікі раскупляюць у іх па тысячы за літар, па 3 тысячы тварог. Яйкі таксама прадаюць”…

Дачнікі фактычна падтрымліваюць жыцьцяздольнасьць мясцовай крамы – радуецца загадчыца сп. Аляксандра Шалаева.

(Шалаева: ) “У выхадныя дні па 100 чалавек прыходзіць дачнікаў, пакуль лета”…

Ёсьць і адваротны бок мэдалю. Прывабныя мясьціны з параўнальна невялікімі коштамі на кватэры – ад 4-ох да 12-ці тысяч даляраў – падахвоцілі некаторых крымінальных менскіх рыэлтараў пасяляць падманутых імі бамжоў ды алькаголікаў менавіта ў Дубраве. Спусьціўшы з малатка, як прынята казаць, свае менскія кватэры, лайдакі назаляюць усім, ствараючы безьліч праблем і жыхарам, і вядомаму ўжо старасту Бураму, які толькі пры мне налічыў 11 такіх сямей.

(Буры: ) “Па-першае, яны нідзе не працуюць, п’янствам займаюцца. У пад’езды хоць не заходзь, і дзьверы выламаны. Да таго ж, нерэгулярна плацяць за камунальныя паслугі. Людзі скардзяцца, а мы ня можам нават што-небудзь адключыць. Яны што хочуць, тое й робяць. А ў нас няма правоў паставіць іх на месца”…

Сп. Буры паабяцаў нам, аднак, разабрацца з сытуацыяй, у якой аказалася ў Дубраве асоба выбітная, з арэолам лёсавага драматызму, – 78-гадовая мастачка Аўгенія Мікалаеўна Васілеўская. 14 намаляваных ёю ікон упрыгожваюць сьцены мясцовых касьцёлу й царквы. Прадзед сп. Аўгеніі – сябра й паплечнік Кастуся Каліноўскага – быў асуджаны царскімі расейскімі ўладамі на 10 год турмы. Нас жа сустрэла звычайная з выгляду вясковая бабулька, якая тут жа замітусілася…



(Сп.Аўгенія: ) “Вой-вой-вой… Я ў такой вопратцы!”

Свой радавод сп. Аўгенія памятае да трэцяга калена.

(Сп. Аўгенія: ) “Васілеўскія былі багатыя людзі. Калі мая маці замуж сабралася, Сталін Заходнюю Беларусь аддаў Польшчы. І бацька застаўся тут, а хата ягоная там. Яму было сорамна жабраваць перад багатай абраньніцай. Дык цёмнай ноччу перапоўз празь мяжу паўз калючы дрот. Маці плакала, бо адчувала, што апошні раз бачыць свайго сына. Але далі яму з дому шмат залатых манэт, і за гэтыя грошы бацька мой купіў 4 га зямлі. А я на пяску, на гары гэтай усё жыцьцё жыла, бедная”…

Лёс сп. Аўгеніі насамрэч бядотны. Завочна скончыла ў савецкія часы Маскоўскі ўнівэрсытэт мастацтваў і…

(Сп.Аўгенія: ) “Дык ведаеце, трэба ехаць дыплём атрымоўваць – ні капейкі грошай. Кінулася ў выканкам. Дык далі даведкі, і тады па пошце даслалі”…

Ейны муж – франтавік зь цяжкімі кантузіямі – неаднаразова пагражаў жыцьцю яе й ейнага сына.

(Сп. Аўгенія: ) “Муж пасьля кожнай чаркі губляў памяць. А ён працаваў участковым. Калі, бывала, нападпітку прыходзіць, а я трымаю дзіцятка гэта маленькае… Яму ж усе здаваліся фашыстамі. Дык бярэ ножык, каб дзіця гэтае забіць”…

(Карэспандэнт: ) “А чаму ня бралі грошай за карціны?”

(Сп. Аўгенія: ) “А як жа возьмеш? У клюбе – ніхто ня дасьць, у школе – не. У царкве, касьцеле хацелі даць. Але гэта для храму сьвятога – нельга браць”…

У часе нашага прыходу напаткала сп. Васілеўскую, якая хварэе на хранічны нэўроз, чарговая бяда.

(Сп. Аўгенія: ) “Я вас буду прасіць: дайце мне якую даведачку, бо шкодная фэльшарка ў мэдпункце. Я ж вэтэран працы – вунь мэдалі. А давялося ісьці плакаць у мэдпункт: чаму мне лекаў нельга дахаты прывезьці?! Я, ня могучы, з хворымі нагамі, па рэцэпт пайшла. А яна мне кажа: “Едзьце ў Маладэчна!” Я ж не даеду, не куплю лекаў. Дайце мне паперу, як гэта быць!”

…Далей сп. Салавей прапануе зайсьці ў школьны краязнаўчы музэй. Ягоная дырэктарка й настаўніца сп. Наталя Харук у часе агляду сотні экспанатаў расказвае легенду паходжаньня старажытнага гарадзішча, вакол якога ўтварылася Дубрава.



(Харук: ) “Стаяла там царква, але на нейкае сьвята людзі так правінаваціліся, што разам зь імі яна правалілася пад зямлю. І мне бабка расказвала, што нейкая там адтуліна была. Калі кідалі хлеба, людзі адтуль сьпявалі, калі каменьчык – плакалі”…

(Карэспандэнт: ) “А цяпер у Дубраве, паводле легенды, сьпяваюць ці плачуць?”

(Харук: ) “Усяляк бывае. Шмат працы, але знаходзіцца й энтузіязм у людзей”…

(Карэспандэнт: ) “Я нядаўна гаварыў з вашымі выпускнікамі. Дык яны сапраўды без усялякага плачу пакідаюць Дубраву”…

(Харук: ) “Ой”… (уздыхае)

(Карэспандэнт: ) “А чаму не гаворыце, што вашу школу скончыў Станіслаў Багданкевіч?”

(Харук: ) “Так, мы яго запрашалі на вечар сустрэчы. Але, пры ягонай пасадзе, шмат працы”…

(Карэспандэнт: ) “Гэта пры якой пасадзе?”

(Харук: ) “Пры цяперашняй (сьмяецца)”…

Паводле афыцыйных дадзеных, 93% дубравічан на апошніх выбарах прагаласавалі за Аляксандра Лукашэнку. І ўсё-ткі сустрэча зь вясковай бібліятэкаркай – нібыта, сьвядомай беларускамоўнай жанчынай – уразіла.

(Бібліятэкарка: ) “Беларуская “Свабода”?.. Не, я ня буду з вамі гаварыць”…

Са сп. Ліяй Салавей у чаканьні цягніка аналізуем пачутае ды пабачанае ў часе вандроўкі.

(Салавей: ) “Я думаю, гэта тыповае становішча – у Дуброве, як і ва ўсіх сельскіх паселішчах”…

(Карэспандэнт: ) “Моладзь бяжыць. Беларускамоўная жанчына адмаўляецца гаварыць з Радыё Свабода…

(Салавей: ) “На жаль. Адчуваецца, што гаспадарка беларуская патрабуе карэнных новых перабудоў. Вось завод спыніўся – трэба прыстасоўвацца да жыцьця, каб на прадукцыю быў попыт”…

(Карэспандэнт: ) “А яго замест гэтага продаюць расейцам”…

(Салавей: ) “Так, самая дурная справа – прадаць гістарычны архітэктурны помнік чужынцам, якія невядома што зь ім зробяць. Але і ўзнаўляць старое – як ажыўляць памерлага. Трэба даваць прэрагатывы прыватнай дзейнасьці. Мы пачулі гэта й ад экс-старшыні. Дык ён жа й цяпер бы працаваў. Патрэбны такія людзі-наватары, якія не лянуюцца, думаюць, даюць людзям зарабіць і добра жыць! Хлопчык-вэтлекар… Каб жа сыстэма яго падтрымала! Каб такіх хлопчыкаў-дубочкаў было больш, і каб яны, як дубовы гай, узьняліся з-пад ляснога покрыва. І Дуброва тады будзе жыць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG