Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міліцыя забараняе сьвяткаваць Дзень незалежнасьці


Альгерд Невяроўскі, Менск Акцыі з нагоды Дня незалежнасьці 27 ліпеня прайшлі ў шэрагу гарадоў Беларусі.

Каля 40 апазыцыйных актывістаў Магілёву сабралася сёньня каля абласнога драматычнага тэатру распачаць сьвяточную акцыю, прысьвечаную 16 гадавіне прыняццья Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце Беларусі. Прадстаўнікі апазыцыі зьбіраліся запусьціць у паветра балёнікі зь бела-чырвона-белымі стужкамі. Месца правядзеньня акцыі было аточана байцамі міліцыі спэцпрызначэньня. Вось што сказаў нашаму радыё адзін з моладзевых апазыцыйных актывістаў Магілёвау, Алесь Сіўкоў:

(Сіўкоў: ) “ 27 ліпеня – гэта самае вялікае сьвята для маладых магілёўцаў. І мы разумеем, што гэта вялікае сьвята. І мы зробім усё, каб жыхары Магілёву ведалі пра гэтую падзею ў жыцьці нашае краіны”.

Моладзь пасьпела запусьціць толькі чатыры балёнікі. А пасьля давялося вырывацца зь міліцэйскага ачапленьня. Затым усе рушылі да плошчы Зорак, дзе зьбіраліся наладзіць працяг акцыі. Далей у плянах магілёўцаў –– шэсьце да крыжа Цішкі Гартнага, дзе мае адбыцца невялікі мітынг.

Каля 150 прыхільнікаў апазыцыі сабралася сёньня каля стадыёну “Будаўнік” у Берасьці. Людзі прыйшлі з партыйнымі сьцягамі й дарылі адно аднаму ружы, апавітыя бела-чырвона-белымі стужкамі. За зборам апазыцыйных актывістаў назірала каля 20 міліцыянтаў. Мясцовыя ўлады спачатку далі дазвол на правядзеньне на стадыёне мітынгу “За свабоду! За незалежнасьць!”, прысьвечанага 16-й гадавіне прыняцьця Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце Беларусі, а ўчора гэтую акцыю забаранілі.

Афіцыйнай падставай для забароны мітынгу стаў распаўсюд улётак з пазнакай ад імя незарэгістраванай арганізацыі “Аб’яднаныя дэмакратычныя сілы Берасьця”. Але берасьцейскія апазыцыйныя актывісты лічаць, што сапраўднай прычынай забароны стаў намер узяць удзел у мітынгу лідэра Аб’яднаных дэмакратычных сілаў Аляксандра Мілінкевіча. Да людзей каля стадыёну з заклікам разысьціся, каб не правакаваць міліцыю да сілавога разгону акцыі, зьвярнуўся старшыня абласной арганізацыі партыі БНФ Юрась Губарэвіч.

А ў Віцебску адзначаць Дзень незалежнасьці ў цэнтры гораду выйшлі некалькі актывістаў Аб’яднанай грамадзянскай партыі, якія раздавалі віцяблянам сьвяточныя ўлёткі. Міліцыянты амаль адразу ж затрымалі старшыню гарадзкой арганізацыі АГП Алену Залескую, Уладзімера Сіманковіча й яшчэ адну актывістку.

Барысаўская апазыцыйная маладзь з нагоды Дня незалежнасьці вывесіла бела-чырвона белы сьцяг на будынку былога пастарунку ДАІ.
XS
SM
MD
LG