Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Берасьце: галадоўнікі выстаўляюць новыя патрабаваньні да “вэртыкалі”<b/>


Вячаслаў Кулік, Менск Дваццаць другі дзень доўжыцца галадоўка берасьцейскіх уладальнікаў і кіроўцаў маршрутных таксовак. Сёньня яны выставілі да ўладаў новыя патрабаваньні – вызначыць месца для масавай акцыі й забясьпечыць ім мэдычную дапамогу.

Сёньня раніцай намесьнік старшыні Берасьцейскага аблвыканкаму Міхал Юхімук прыняў прадстаўнікоў акцыі пратэсту. Пра вынікі гэтай сустрэчы паведамляе Любоў Лаўруковіч:

(Лаўруковіч: ) “Ён сказаў, што зь Менску прыйшоў адказ, нібыта ўжо ня будуць спаганяць пеню й штрафныя санкцыі, а рэспубліканскі збор застаецца. Уявіце! Сума рэспубліканскага збору для мяне – гэта 18 мільёнаў рублёў. За што я ім плаціць мушу!? За тое, што яны прыдумалі невядома які Ўказ?”

Нагадаю: паводле Ўказу прэзыдэнта №140, уладальнікі мікрааўтобусаў замежных марак, здатных стаць крыніцаю прыбыткаў, абавязаны цягам двух гадоў пасьля мытнага афармленьня заплаціць рэспубліканскі збор. Указ набыў сілу ў красавіку 2004 году. Хто займеў свой мікрааўтобус пасьля зьяўленьня Ўказу, мусіць плаціць. Супраціў выказалі пакуль толькі тыя зь берасьцейцаў, хто набыў таксоўкі да Ўказу прэзыдэнта. Са слоў удзельніка галадоўкі Вячаслава Кухарчука, уладары таксовак патрапілі пад экспэрымэнт Міністэрства падаткаў і збораў:

(Кухарчук: ) “Калі тут выплаціць грошы, то гэта пойдзе па ўсёй Беларусі. Гэта – экспэрымэнт. Калі ён нармальна пройдзе, дык і ўсе астатнія будуць плаціць. Бо калі ўсю краіну пад гэта адразу падводзіць, – маглі па ўсёй Беларусі пакаціцца акцыі пратэсту. А па адным… Гэтак заўжды ў нас”.

Супрацоўнік Берасьцейскага аблвыканкаму Вячаслаў Мятліцкі таксама гаворыць пра экспэрымэнт у рэгіёне і адпаведныя намаганьні вэртыкалі:

(Мятліцкі: ) “Зь людзьмі мы працуем па дадзеным пытаньні. Усе тлумачэньні ім даюцца. Якраз і сёньня была прадстаўніца прадпрымальнікаў у Юхімука”.

У другой палове дня сёньня ўдзельнікі галадоўкі ў Берасьці правялі сход. Як паведаміла Любоў Разановіч, у аблвыканкам накіраваны прадстаўнікі акцыі з новымі патрабаваньнямі:

(Разановіч: ) “Каб нам вызначылі месца для галадоўкі й забясьпечылі дапамогу дактароў. Я сябе вельмі дрэнна адчуваю, стан вельмі цяжкі...”

Але сёньня дакладнага адказу ўладаў на гэтае патрабаваньне пратэстоўцы не атрымалі.

Паводле Любові Разановіч, на сёньня ў галадоўцы прадпрымальнікаў у Берасьці ўдзельнічае 15 чалавек. Больш за 120 прадпрымальнікаў абласнога цэнтру паставілі свае подпісы пад зваротам да старшыні абласной вэртыкалі Канстанціна Сумара пра спрыяньне вырашэньню ўзьніклай праблемы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG