Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Саюзны спадарожнік “БелКА” разьбіўся


Алесь Дашчынскі, Менск Першы беларускі штучны спадарожнік Зямлі “БелКА”, коштам каля 9 мільёнаў даляраў, разьбіўся пасьля пуску на касмадроме Байканур. Разам зь ім ракета-носьбіт “Днепр” мусіла даставіць у космас яшчэ 17 спадарожнікаў Расеі, Італіі, ЗША й Калюмбіі. У цырымоніі запуску браў удзел кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка.

Прыкладна праз паўтары хвіліны палёту ракета-носьбіт, пасьля аварыйнага спыненьня рухавіка першай ступені, звалілася прыблізна на мяжы Казахстану і Ўзбэкістану. Пасьля катастрофы пачаліся пошукі фрагмэнтаў ракеты. Ці можна спадзявацца, што нешта засталося ад беларускага спадарожніка “БелКА”? Пытаньне да прадстаўніка расейскага Фэдэральнага касьмічнага агенцтва Ігара Затулы.

(Затула: ) “Я думаю, нічога. Ну, як сказаць? Ну, быццам канструктар “Зьбяры сам”. Але вызначыць жа цяжка. Цяпер гелікоптэры, пошукавая група, займаецца пошукам парэшткаў ракеты, спадарожнікаў, галаўной часткі – усяго гэтага”.

Кіраўнік Беларусі, які прыбыў на Байканур, замест плянаванай касьмічнай перамогі назіраў за падзеньнем спадарожніка. На прэс-канфэрэнцыю да журналістаў ён ня выйшаў і пасьля адмысловай нарады пакінуў Байканур.

Прэсавы сакратар Фэдэральнага касьмічнага агенцтва Ігар Панарын кажа, што кіраўнік Беларусі трымаўся спакойна.

(Панарын: ) “Ён успрымаў гэтую сытуацыю ўраўнаважана, збалянсавана. Была вельмі цяжкая сытуацыя. Мы ўсе спадзяваліся на пасьпяховы запуск, і ён трымаўся вельмі спакойна. Гэты запуск ажыцьцяўляўся ў рамках саюзнай дзяржавы”.

Сябра Акадэміі Навук Беларусі Аляксандар Вайтовіч мяркуе, што памылка зроблена яшчэ на этапе прыняцьця рашэньня пра запуск спадарожніка. Бо гэта ж не першачарговая справа для краіны. Паводле спадара Вайтовіча, праекту наагул не абмяркоўвалі, і ён быў прыняты ўціхую. А вось кіраўнік Беларусі, паводле спадара Вайтовіча, хацеў скарыстаць запуск для свайго іміджу.

(Вайтовіч: ) “Пакрасавацца: вось, прэзыдэнт запусьціў спадарожнік. Гэта ўсё красаваньне. Гэта ня мае ніякага сэнсу: прэзыдэнту краіны ехаць глядзець, як спадарожнік запускаюць. Пабачыў – ну, і добра: выкарыстаў сваю пасаду прэзыдэнцкую. А Беларусі гэта нічога не дае. Я кажу: засталося яшчэ зрабіць падводную лодку. Гэта ўсё непатрэбна краіне. Але трэба піяр-кампанія, каб на непатрэбных рэчах накруціць нейкі імідж Лукашэнку”.

Паводле спадара Вайтовіча, апараты, падобныя да спадарожніка “БелКА”, лічацца стратнымі.

Прэзыдэнт Акадэміі навук Беларусі Міхаіл Мясьніковіч цьвердзіць: “БелКА” застрахаваная, і Беларусь атрымае кампэнсацыю. Беларускі дзяржаўны страхоўшчык “Промтрансінвэст” заявіў пра гатовасьць напоўніцу выканаць свае абавязаньні. Але ў кампаніі не назвалі сумы страхоўкі. Застрахавана “БелКА” і ў замежных кампаніях. Застаецца адкрытым пытаньне наконт таго, што будзе рабіць Інстытут аб’яднаных праблем інфарматыкі НАН з устаноўленай амаль 10-мэтровай спадарожнікавай антэнай, што мусіла прымаць і апрацоўваць інфармацыю зь “БелКі”? Паводле прадстаўнікоў Інстытуту, мяркуецца, што яна будзе прымаць сыгналы зь іншых спадарожнікаў.

“БелКА” была зроблена расейскай ракетна-касьмічнай карпарацыяй “Энэргія” на замову Нацыянальнай акадэміі навук і прызначалася для здымкаў участкаў зямной паверхні. Мэтавую апаратуру для спадарожніка зрабілі беларускія прадпрыемствы. Паводле дырэктара “Геаінфармацыйных сыстэм” Сяргея Залатога, стварэньне “БелКі” пачалося ў 2003 годзе й завяршылася за рэкордны тэрмін – цягам двух з паловай гадоў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG