Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сёньня – 100 гадоў з дня нараджэньня Ежы Гедройца


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Сёньня спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэньня Ежы Гедройца – выбітнога дзеяча польскай паваеннай іміграцыі, рэдактара часопіса “Культура”, які нарадзіўся ў Менску і быў, сярод іншага, гарачым прыхільнікам прысуджэньня нобэлеўскай прэміі Васілю Быкаву, папулярызатарам творчасьці беларускага пісьменьніка.

Ролю парыскай “Культуры” для незалежніцкага, патрыятычнага выхаваньня некалькіх паваенных пакаленьняў палякаў немагчыма пераацаніць. Нешматлікія паасобнікі часопісу, якія кантрабандным шляхам перапраўляліся з Францыі ў камуністычную Польшчу, былі сапраўдным глытком сьвежага паветра – там друкаваліся Чэслаў Мілаш, Вітольд Гамбровіч, іншыя літаратары, чыю творчасьць улады народнай Польшчы не віталі.

Ежы Гедройц, дарэчы, у адрозьненьне ад значнай часткі польскіх элітаў, яшчэ на пачатку 1990-х гадоў мінулага стагодзьдзя добра разумеў важнасьць “беларускай праблемы” ў сучаснай Эўропе.

Атрымліваючы ступень ганаровага доктара Беластоцкага ўнівэрсытэту ў 1998 годзе, ён сказаў: “...наша пазыцыя на Захадзе будзе ацэньвацца паводле нашай ролі на Ўсходзе. І тут галоўнае – праблема Беларусі. Перадусім, мы павінны выправіць усе памылкі мінулага”.

У 1998 годзе выйшаў адмысловы беларускі нумар часопісу “Культура”.

Гедройц актыўна цікавіўся асобай Васіля Быкава –меў намер папулярызаваць творчасьць вялікага беларускага пісьменьніка і падтрымліваў вылучэньне ягонай асобы на атрыманьне нобэлеўскай узнагароды ў галіне літаратуры – у гэтай справе рэдактар “Культуры” вёў ліставаньне з Сакратам Яновічам.

“Гэта насамрэч выдатная ідэя. Калі б атрымалася яе рэалізаваць, дык гэта, вы маеце рацыю, вельмі сур’ёзна паўплывала б на сытуацыю ў Беларусі”, – пісаў Гедройц Яновічу.

Ежы Гедройц, якога ў Польшчы называлі “сумленьнем народу”, аднак, не пасьпеў як сьлед заняцца справай Нобэлеўскай узнагароды для Васіля Быкава – ў 2000 годзе ён памёр.

Гэты год абвешчаны ў Польшчы годам Гедройца.
XS
SM
MD
LG