Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як пэнсіянэры Гомеля ацэньваюць 12-гадовы тэрмін кіраваньня Лукашэнкі?


Радыё Свабода, Гомель 20 ліпеня споўнілася роўна 12 гадоў, як Аляксандр Лукашэнка знаходзіцца ва ўладзе. Як зьмянілася вашае жыцьцё за гэты час? На пытаньне адказваюць пэнсіянэры Гомеля.

(Пэнсіянэр: ) “Жыцьцё зьмянілася ў нас у лепшы бок, калі глядзець нашае дзяржаўнае тэлебачаньне”.

(Пэнсіянэрка: ) “Што нам ужо надта кепска жывецца, я не сказала б. І ня надта добра. Сярэдне жывём. Пэнсіі ня дужа вялікія, прадукты дарагія – гэта ўжо мінус уладзе”.

(Пэнсіянэр: ) “Жыцьцё зьмянілася ў горшы бок. Людзі падманутыя. Існуе бачнасьць дабрабыту. На самай справе нас душаць – цэны растуць, тарыфы растуць”.

(Пэнсіянэрка: ) “Я – удзельніца вайны, у мяне пэнсія вельмі добрая – 580 тысяч. Так што жыць можна!”

(Пэнсіянэр: ) “Калі мы жылі пры савецкай уладзе, дык сёе-тое назапасілі. А як толькі задумаў я цяпер новыя чаравікі сабе купіць і сказаў жонцы, што каштуюць 70 тысячаў, дык яна раіць: “Не, яшчэ ранавата. Гэта ж трэцяя частка пэнсіі”.

(Пэнсіянэр: ) “Лепей жыць! Горад чысты. Пэнсію мне кожны раз прыбаўляюць. Мне хапае на харчаваньне, на адзеньне. І я рады, што ў мяне ёсьць Лукашэнка”.

(Пэнсіянэрка: ) “Нашмат жыцьцё стала горшым. Практычна мая пэнсія і заробак не забясьпечваюць нармалёвага жыцьцёвага ўзроўню. Я атрымліваю капейкі, хаця ў мяне вышэйшая адукацыя і амаль 40 гадоў працоўнага стажу. Мець пэнсію 230 тысячаў рублёў – гэта ненармалёва”.

(Пэнсіянэрка: ) “За дванаццаць гадоў у нас наступіла стабільнасьць. Бальшыня людзей стабільна баіцца ініцыятывы. Баіцца сказаць публічна пра тое, што хвалюе і непакоіць. Наша стабільнасьць засмоктвае”.

(Пэнсіянэр: ) “Жыцьцё палепшылася. У мяне вайсковая пэнсія. У крамах усё ёсьць – і харчы, і прамысловыя вырабы. А што яшчэ трэба нам, пэнсіянэрам?”

(Пэнсіянэрка: ) “Я – пэнсіянэрка. Мне 74 гады. І з кожным годам усё горш жыву. Глядзіце, прайшлі выбары. Цэны падскочылі да аблокаў. Ён па тэлебачаньні сказаў, што пэнсіі павялічваюцца на 8 працэнтаў. А цэны ўжо падвысіліся, інфляцыя ўсё зьядае”.
XS
SM
MD
LG