Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Двое грамадзянаў Расеі знаходзяцца ў турме на Акрэсьціна (фота)


Любоў Лунёва, Менск Актывістаў расейскага моладзевага руху “Оборона” Мікалая Збарашэнку і Кацярыну Вінаградаву пакаралі арыштам у судзе Цэнтральнага раёну Менску за правядзеньне несанкцыянаванага пікету каля Расейскай амбасады 22 ліпеня. Яны спрабавалі разгарнуць плякат: “Расея без Пуціна, Беларусь без Лукашэнкі”. Маладыя людзі патрабавалі, каб расейскія ўлады спынілі падтрымку Аляксандра Лукашэнкі. Мікалая арыштавалі на 15 сутак, а Кацярыну – на 10. Сёлета некалькі дзясяткаў іншаземцаў трапілі ў беларускія турмы ў часе прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі. На судовых працэсах прысутнічала наша карэспандэнтка.

Нягледзячы на тое, што расейцаў затрымалі 22 ліпеня і пасьля складаньня пратаколаў уручылі позвы і адпусьцілі, яны ўчора прыехалі ў Беларусь і самі прыйшлі ў пастарунак міліцыі. Кацярына Вінаградава патлумачыла свой учынак:

(Вінаградава:) “Мы прыехалі з наступных прычынаў: першая, мы дарослыя людзі і мусім адказваць за свае ўчынкі; другая, мы далі слова гонару; трэцяя, з намі быў беларус, і мы ня маем права пакідаць яго сам-насам”.

Разам з расейцамі затрымалі іх сябра грамадзяніна Беларусі Віктара Сіманенку. У судзе міліцыянты паведамілі расейцам, што Віктара арыштавалі раніцай. Ён ня стаў чакаць сваіх расейскіх сяброў і адзін пайшоў у міліцыю.

Мікалай Збарашэнка і Кацярына Вінаградава ўпершыню будуць адбываць арышт. Мікалай адразу пасьля абвяшчэньня прысуду заявіў “Свабодзе”, што не чакаў іншага рашэньня.

(Збарашэнка: ) “Мы ведалі на што ішлі, але мы хацелі выказаць сваю салідарнасьць зь беларускім народам. Мы катэгарычна супраць той палітыкі, якую праводзіць расейскае кіраўніцтва ў дачыненьні да беларускага дыктатара. Мы лічым, што ня мусіць быць ні фінансавай, ні палітычнай падтрымкі”.

Сёлета ў часе выбарчай кампаніі праз беларускія суды і турмы прайшлі некалькі дзесяткаў іншаземцаў. Сярод іх былы амбасадар Польшчы, журналісты, юрысты, праваабаронцы, прадстаўнікі моладзевых дэмакратычных арганізацый. Шмат каго зь іх зьбілі ў часе затрыманьня. Для іншаземцаў суд ня робіць выключэньняў. Грамадзяне Расеі і Ўкраіны скардзіліся консулам на жорсткае абыходжаньне. Украінскі журналіст Андрэй Любка заявіў у судзе, што спэцназаўцы зьдзекаваліся зь яго ў машыне. Яны разарвалі ўкраінскі дзяржаўны сьцяг, плявалі яму ў твар і абражалі прэзыдэнта Ўкраіны Віктара Юшчанку.

Летась у турме на Акрэсьціна трымалі некалькі дзесяткаў грамадзянаў Украіны і Расеі, а таксама двух грамадзянаў Грузіі. Сёлета беларускія ўлады, наогул, не пусьцілі ў Беларусь дэпутатаў парлямэнту Грузіі, якія мелі статус назіральнікаў. Дэпутатаў некалькі гадзінаў трымалі ў будынку аэрапорту.

Іншаземцы ўмовы ўтрыманьня ў беларускіх турмах назвалі нечалавечымі. Грамадзянаў Украіны і Расеі пасьля адбыцьця пакараньня яшчэ й высылалі з краіны, ня даўшы ім магчымасьці разьвітацца зь сябрамі. Амаль усім паставілі ў пашпарты штампы аб забароне перасякаць беларускую мяжу цягам пяці гадоў.



XS
SM
MD
LG