Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Учора ў Менску адбыліся ператрусы ў кватэрах актывістаў "Бунту"


Любоў Лунёва, Менск Сясьцёр Алену і Кацярыну Казак затрымалі ва ўласнай кватэры. Супрацоўнікі міліцыі зрабілі ператрус і ўручылі ім позву ў сьледчы камітэт. Яўгена Бабковіча затрымалі ў той момант, калі ён выходзіў з пад''езда свайго дому, і яго таксама вярнулі ў кватэру і зрабілі ператрус. Міхася Субача затрымалі на вуліцы, і таксама Кірыла Ігнаціка затрымалі каля дзьвярэй уласнай кватэры.

(Карэспандэнтка: ) "Ва ўсіх актывістаў зрабілі ператрусы і ўручылі ім позву ў сьледчы камітэт, які знаходзіцца на вуліцы Сапёраў, 8. Як патлумачылі міліцыянты, гэта зроблена на запатрабаваньне Віцебскага ўпраўленьня ўнутраных справаў. Актывісты кажуць, што іх падазраюць у тым, што яны ладзілі нейкія масавыя беспарадкі і груба парушылі грамадзкі парадак у Віцебску. Тады, нагадаем, шэраг моладзевых актывістаў вывесілі ў горадзе бел-чырвона-белыя сьцягі і расклеілі некалькі ўлётак.

Каля дзьвярэй кватэры Тацяны Ялавой міліцыянты дзяжурылі з раніцы. Яны тэлефанавалі і грукалі ў дзьверы. Паводле маці Тацяны, якая была на працы, супрацоўнікі міліцыі пагражалі, што выламаюць дзьверы. Яна прыехала і паведаміла міліцыянтам, што ня ведае, дзе знаходзіцца яе дачка, і што ў яе няма ключоў. Скончылася тым, што міліцыянты выклікалі пажарных, і тыя пачалі аўтагенам пілаваць дзьверы. Невядома, знаходзіцца Тацяна ў кватэры ці не, на гэты момант (19:00) міліцыянты спрабуюць прайсьці ў кватэру, шукаюць панятых, некалькі чалавек адмовіліся ўдзельнічаць у гэтым. Трэба дадаць, што супрацоўнікі ЖЭСу таксама адмовіліся дапамагаць міліцыянтам узламваць дзьверы кватэры".

Як стала вядома пазьней, Тацяны Ялавой дома не было, міліцыянты правялі ў кватэры вобшук.
XS
SM
MD
LG