Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадпрымальнікі рыхтуюцца да мясцовых выбараў


Радыё Свабода Прадпрымальнікі рыхтуюцца да мясцовых выбараў. У рэгіёнах праходзяць сходы, дзе абмяркоўваецца тактыка й стратэгія пад час гэтай палітычнай кампаніі.

На Аршаншчыне патэнцыйнымі кандыдатамі ў дэпутаты мясцовых саветаў зьяўляюцца з паўдзясятка прадпрымальнікаў. Пра гэта Радыё Свабода паведаміў лідэр мясцовых бізнэсоўцаў Аляксандар Сталяроў:

(Сталяроў: ) “Мы зараз займаемся гэтымі пытаньнямі. Будзем падтрымліваць прадпрымальнікаў, якія пойдуць у мясцовыя саветы. Каб больш у мясцовых Саветах было дэмакратычных дэпутатаў. Наш аршанскі рынак зьяўляецца самым вялікім у Віцебскай вобласьці. Тут 1426 месцаў. Ёсьць тыя, хто хоча ісьці ў мясцовыя саветы”.

24 ліпеня адбыўся сход актывістаў Віцебшчыны, якія падтрымліваюць актыўны ўдзел дробных бізнэсоўцаў у палітычным жыцьці. Дарэчы, спадара Сталярова тады абралі кіраўніком абласной каардынацыйнай рады прадпрымальнікаў. Паводле яго, на Віцебшчыне дробны бізнэс мае шмат праблемаў, многія зь якіх можна вырашаць на мясцовым узроўні. Але для такіх ініцыятываў, лічыць аршанскі прадпрымальнік, патрэбны дэпутацкія мандаты.

Цяжкая сытуацыя з дробным бізнэсам склалася й на Гомельшчыне. Таму, як паведаміў Радыё Свабода актывіст з Рэчыцы Леанід Невар, тут таксама ўхваляюць ідэю актыўнага ўдзелу ў мясцовых выбарах:

(Невар: ) “Калі б нехта з прадпрымальнікаў прайшоў у мясцовыя органы ўлады, то можна было б вырашыць праблемныя пытаньні тут, на месцах. Таму што такой сытуацыі, як у Гомельскай вобласьці, няма нідзе па краіне. Гэта цалкам савецкая ў нэгатыўным сэнсе вобласьць, якая ігнаруе ўсе пачынаньні прадпрымальнікаў”.

Прадпрымальнікі Гомельшчыны таксама ўхвалілі на сваім сходзе ўдзел дробных бізнэсоўцаў у выбарах. Нагадаю, з такой ініцыятывай 10 ліпеня выступілі прадстаўнікі дзелавога асяродку Менску. Яны прапанавалі сваім калегам з іншых рэгіёнаў прыняць удзел у кампаніі “За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва”, якая й прадугледжвае ўдзел ў маючых адбыцца выбарах. На думку лідэра гэтай кампаніі Віктара Гарбачова, беларускія бізнэсоўцы могуць стаць рэальнай палітычнай сілай:

(Гарбачоў: ) “У Канстытуцыі ёсьць артыкул, што кожны мае правы выбірацца. Вось таму прадпрымальнікі вырашылі па поўнай праграме скарыстацца Канстытуцыяй – прапанаваць свае кандыдатуры.

(Карэспандэнт: ) “Каго вы бачыце сваімі саюзнікамі на мясцовых выбарах?”

(Гарбачоў: ) “Саюзнікамі ў сваёй кампаніі бачым тых. Хто падтрымлівае прадпрымальніцкія пачынаньні. Мы рады і камуністам, і АГП, і БНФ, і сацыял-дэмакратам, таму што сярод нас ёсць прадстаўнікі ўсіх гэтых партый”
XS
SM
MD
LG