Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якуб Ясінскі (24.7.1761, Пазнаншчына, Польшча — 4.11.1794, Варшава)


Уладзімер Арлоў, Менск Новая перадача сэрыі “Імёны Свабоды”.

Ягонае імя знаходзіцца як бы ў ценю Касьцюшкі, між тым менавіта Якуб Ясінскі кіраваў вызвольным паўстаньнем 1794 году на абшарах Айчыны нашых продкаў — Вялікага Княства Літоўскага.

У ноч на 23 красавіка патрыёты авалодалі Вільняй, дзе ўладу ўзяў у свае рукі Часовы ўрад — Найвышэйшая Літоўская Рада. Яна прызначыла Ясінскага камэндантам арміі ВКЛ, іначай кажучы, паставіла яго на чале збройных сілаў паўстанцаў.

33-гадовы афіцэр належаў да гэтак званых “віленскіх якабінцаў” — прыхільнікаў ідэяў Французскае рэвалюцыі, што выступалі з патрабаваньнямі рэспублікі, роўнасьці станаў і адмены прыгону. Маючы паэтычныя здольнасці, Якуб быў аўтарам патрыятычных твораў, у тым ліку напісаных па-беларуску вершаваных праклямацыяў. У ягоных аддзелах сьпявалі “Песьню беларускіх жаўнераў”:

Нашто землю нам забралі? Пашто ў путы закавалі? Дакуль будзем так маўчаці? Годзе нам сядзець у хаце! Возьмем косы ды янчаркі, Пойдзем гордыя гнуць каркі! Пойдзем жыва да Касьцюшкі, Рубаць будзем маскалюшкі! Няхай маскаль уступае, Няхай беларусаў знае!

Інсургенты, якіх у Вялікім Княстве налічвалася 40 тысяч, узялі Берасьце, Горадню, Наваградак, Слонім, Пінск, Ліду, Браслаў... У траўні 1794-га Ясінскі з дывізіяй, у якой большую частку складалі сяляне, разграміў расейцаў каля Палянаў, паблізу Ашмяны. За гэтую перамогу ён атрымаў ранг генэрал-лейтэнанта.

Але ў паўстанцкім кіраўніцтве не было адзінства. Напалоханы радыкалізмам Ясінскага Касьцюшка адхіліў яго ад камандаваньня. Літоўская Рада была абвінавачаная ў сэпаратызьме й распушчаная. Між тым на Беларусі зьявіліся рэгулярныя карныя войскі на чале з Суворавым...

Паўстаньне згасала. 4 лістапада Сувораў штурмам захапіў варшаўскае прадмесьце Прагу (на правабярэжжы Віслы), дзе яго салдаты зь нечалавечай лютасьцю зьнішчылі ўсіх абаронцаў і жыхароў — блізу 25 тысяч. Чытаць сьведчаньні пра тую разьню проста вусьцішна: расейцы не шкадавалі нікога. У мацярок адбіралі ад грудзей немаўлятаў, каб не вырасьлі і не адпомсьцілі. Манашак, што былі ў кляштарах, згвалцілі й зарэзалі... Пляцы былі засланыя трупамі. Разам зь людзкімі целамі грувасьціліся трупы коней, сабак і катоў, бо разьюшаныя відам крыві расейскія салдаты не выпускалі жывымі нават жывёлаў.

У той дзень мужна сустрэў сваю сьмерць у баі і Якуб Ясінскі.

Ці чулі вы што-небудзь пра ўшанаваньне ў Беларусі ягонай памяці? Ці ёсьць дзе-небудзь вуліца ягонага імя? Затое вуліц Суворава — дзясяткі...
XS
SM
MD
LG