Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Моўніца


Вінцэсь Мудроў, Полацак Новая перадача сэрыі "Летні альбом". Страшныя, сьмешныя, забытыя словы і паняцьці пары застою ўспамінае Вінцэсь Мудроў.

Традыцыя выступаць з трыбуны, па-беларуску, з моўніцы, узьнікла яшчэ ў старажытным Рыме. Глупствы можна казаць і з касьцельнай катэдры, і з кірмашовай бочкі. Але калі яны прамаўляюцца з упрыгожанай дзяржаўным гербам моўніцы, з глупстваў не сьмяюцца, а перарываюць бурнымі воплескамі.

За хрушчоўскім часам любая грамадзка-палітычная імпрэза, нават на вёсцы, пачыналася з усталяваньня моўніцы. Яе зьбівалі з фанэры і абцягвалі чырвонай матэрыяй. Гэта была падаўгаватая скрыня са скосам і нешырокай палічкай на гары. На палічку ставілі графін альбо, у крайнем выпадку, шклянку з вадой.

У вялікіх залях моўніцы былі проста неверагодных памераў. Выраблялі іх з каштоўных пародаў дрэваў, у тым ліку з моранага дубу. На моўніцы, апроч графіну і мікрафону, стаяла яшчэ і настольная лямпа. Прамоўца ня проста стаяў каля яе, а заходзіў у нутро і з бакоў было бачна толькі яго пагрудзьдзе. Гэта было вельмі зручна. Скажам, можна неўпрыкмет, незаўважна для ўсіх, пачухаць пахвіньне. Калі сьверб не мінаў, можна было ўвогуле запусьціць руку ў трусы і пачухаць як мае быць. І пры гэтым выгукнуць здравіцу ў гонар роднай камуністычнай партыі.

За Брэжневым моўніцы сталі рабіць больш сьціплымі. Скажам, у славутай авальнай залі менскага дома ўраду замест неабдымнай гаргары паставілі куды больш меншую. Потым і тую замянілі, паменшыўшы габарыты. Аднак і ў яе можна было схавацца з галавой. Прыкладам, калі Лукашэнка ў 1995 годзе разганяў беларускі парлямэнт, у моўніцы схавалася ад дубінак вядомая беларуская журналістка.

Сур’ёзнай праблемай было тое, што калі выступаў нізкарослы прамоўца, з моўніцы вытыркалася толькі галава. Вядома, можна было штосьці падставіць пад ногі, але тады рослы аратар вытыркаўся па пояс.

Малагабарытныя моўніцы – фарбаваныя чырвонай фарбай скрынкі – меліся ва ўсіх, нават самых дробных ўстановах. Падчас сходу іх ставілі на сталы. Заўважым, што дзесьці ад сярэдзіны шасьцідзясятых на моўніцу ўжо не выстаўлялі графіна. Замянілі бутэлькай ліманаду. Праўда, калі хто з прамоўцаў падчас выступу прыкладаўся да шклянкі, гэта выклікала шум у залі. І хтосьці з задніх радоў прытоена выдыхаў: “Смажыць!”

На Захадзе бяз моўніц таксама не абыходзіліся. Але былі яны шкадобы вартыя. Паліраваная труба ў якасьці стаяку, наверсе пляскатая скрынка. Ні дзяржаўнай значнасьці, ні патрэбнага аб’ёму, і пахвіньне не пачэшаш – прамоўца ўвесь навідавоку. І, што самае дзіўнае, гэтая заходняя пачвара прыжылася і ў нас. Пабачыш яе на БТ і сэрца сьціскаецца ад крыўды. Вось у якую недарэчнасьць зьвялася дзяржаўная савецкая моўніца!
XS
SM
MD
LG